Прафесійнае свята дарожнікаў і аўтамабілістаў, як сведчыць гісторыя, «прыжывалася» ў нашым грамадстве цяжкавата. Упершыню апошняя нядзеля кастрычніка была замацавана за гэтымі сферамі эканомікі яшчэ ў 1976 годзе, вось толькі на старонках «раёнкі» гэтаму не было нададзена належнага значэння. Напэўна, гэтак адбылося і ва ўсім грамадстве, таму што праз 5 гадоў яшчэ адзін Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «нагадаў» аўтамабілістам і дарожнікам пра адзначэнне прафесійнага свята. І з гэтай пары яно ўвайшло ў адпаведны каляндар трывала. А ў 1995 годзе па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь свята набыло статус нацыянальнага.
Напярэдадні прафесійнага свята ў 1987 годзе ў калектыў аўтапарка № 11 прыйшла радасная вестка. Па выніках рэспубліканскага спаборніцтва па бяспецы дарожнага руху прадпрыемству прысуджана ганаровае званне «Аўтагаспадарка высокага ўзроўню бяспекі дарожнага руху» з уручэннем дыплома і грашовай прэміі.
Варта дадаць, што, на думку раённай прэсы, нямалая заслуга ў гэтым належала інжынеру па бяспецы дарожнага руху Анатолю Уладзіміравічу Калачу і шафёру-інструктару Фёдару Свірыдонавічу Журавелю.
Па іх інцыятыве на прадпрыемстве быў створаны трывалы штат уласных аўтаінспектараў, які сачыў за дысцыплінай і прафесійнай падрыхтоўкай вадзіцельскага саставу.