Суббота, 15 марта 2025

Чым займаюцца і якія даследаванні праводзяць работнікі станцыі хімізацыі? Запрашаем вас на своеасаблівую экскурсію

545

Праца на зямлі — справа зусім няпростая, як можа падацца некаму. Яна, зямелька, патрабуе ад чалавека пастаяннай увагі, не даруе неахайнасці і абыякавасці ў абыходжанні. Але дамагчыся адпаведнай аддачы ад палеткаў і атрымаць добры ўраджай зараз немагчыма без навуковых распрацовак, укаранення новых тэхналогій. І тут, канечне, павінны ўзаемадзейнічаць усе структурныя арганізацыі ў кожным раёне краіны. Заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу сельгаставарыствам, аказаць паслугі адпаведнага характару ва УП «Брэсцкая абласная праектна-вышукальная станцыя хімізацыі», што знаходзіцца ў Пружанах.

Дырэктар УП «Брэсцкая АПВСХ» Уладзімір Калымаго.

Само прадпрыемства было заснавана ў 1964 годзе як занальная аграхімлабараторыя пры Брэсцкай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі. Пасля трох пераўтварэнняў арганізацыя атрымала ў 2000 годзе цяперашнюю назву. З 2010 года ўзначальвае УП «Брэсцкая АПВСХ» Уладзімір Калымаго. У штаце прадпрыемства — 79 работнікаў, сярэдні ўзрост калектыву — 42 гады, гэта значыць, што вопыт і малады запал ідуць поруч.

Па словах Уладзіміра Георгіевіча, тут не пакідаюць па-за ўвагай і ўзаемадзеянне з навучальнымі ўстановамі, з тым жа Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжам. Разам з БРСМ ствараюць студатрады, якія складаюцца з навучэнцаў установы. Маладыя людзі займаюцца адборам глебы на палетках, нехта з іх пазней знаходзіць на станцыі хімізацыі і сваё першае працоўнае месца.

На сёння прадстаўнікі прадпрыемства — аграхімікі — ёсць у кожным раёне Брэсцкай вобласці. Асноўны від работ станцыі — пошук глеб, аналіз іх на ўтрыманне мікра- і макраэлементаў. Таксама праводзіцца абследаванне зямель, якія падвергліся забруджванню (успомнім чарнобыльскую трагедыю), для таго, каб вызначыць, ці прыдатныя яны для далейшага выкарыстання. А наогул работа на станцыі наладжана ў выглядзе канвеера, дзе кожны ведае сваю справу і свой участак.

У аддзеле аграхімічных пошукаў глеб працуюць толькі прафесіяналы: вядучы аграхімік Наталля Магер, начальнік аддзела Вадзім Ламака, вядучыя картографы Галіна Станкевіч і Людміла Мацэвіч, вядучы спецыяліст па камп’ютарызацыі Дзмітрый Бондар.

Начальнік аддзела аграхімічных пошукаў глеб Вадзім Ламака расказвае, што кожны год па вясне глебаводы ў складзе 10 чалавек выязджаюць у запланаваныя раёны вобласці. За час выезду з дапамогай бура бярэцца 50 тыс. узораў глебы, гэта значыць, адпрацоўваецца 290 тыс. га зямель (адзін забор — з 5 га). З 2019 года на дапамогу глебаводам прыйшла навігацыя. Яна значна палегчыла іх работу, якая цяпер праводзіцца аўтаматычна.

Вадзім Ігаравіч збірае ўзоры і перадае ў даследчую лабараторыю. Але на гэтым праца аддзела не заканчваецца, ідзе падрыхтоўка картаграфічных матэрыялаў (дзе ўзяты забор і паказчык глебы). Апошнім часам на дапамогу аграхімікам прыйшлі камп’ютары. Складанне карт, якое раней праводзілі ўручную, цяпер робіцца з дапамогай спецыяльных праграм. І тут да сваіх непасрэдных абавязкаў прыступаюць картографы Галіна Станкевіч, Таццяна Шэшка і Людміла Мацэвіч.

Работнікі даследчай лабараторыі: лабарант 1-ай катэгорыі Наталля Копец, кіраўнік групы Ганна Клюка, начальнік лабараторыі Дзмітрый Пстыга, вядучы лабарант Наталля Ільяшук і лабарант Вольга Нічыпаровіч — могуць многа цікавага расказаць пра ўласцівасці глебы.

Першае, што здзівіла ў даследчай лабараторыі, гэта немалая колькасць стэлажоў з узорамі глебы. Начальнік лабараторыі Дзмітрый Пстыга кажа, што працаваць тут цікава, работа не такая ўжо і аднастайная, як можа здавацца. Кожны дзень патрабуе новых даследаванняў, правядзення хімічных аналізаў, а апошніх налічваецца 11: гэта кіслотнасць глебы, масавая доля гумусу, утрыманне фосфару, калію, кальцыю, магнію, медзі, цынку, бору, серы і марганцу.

Ад правільна вызначанай колькасці пералічаных вышэй элементаў будзе залежаць і далейшае выкарыстанне правераных зямель. Так што гэты ўчастак работы ў лабараторыі давераны вопытным вядучым лабарантам Таццяне Каўшыла, Алене Васюковіч і Наталлі Ільяшук, а ўзначальвае групу Вольга Кузняцова. Яшчэ праводзіцца работа па закупцы стандартных узораў глебы ў Расійскай Федэрацыі. Што гэта такое і для чаго патрэбна? Усё проста: ёсць пэўны стандарт, а па ім робіцца разлік, якой павінна быць глеба, што паступіла ў лабараторыю.

Далей дадзеныя паступаюць у групу вырабу аграхімічных дакументаў, робіцца аграхімічны пашпарт кожнага ўзору глебы, што дапамагае пастаянна мець пад рукой патрэбныя дадзеныя.

Па словах вядучага аграхіміка аддзела аграхімічных пошукаў глебы Наталлі Магер, усе дадзеныя з лабараторыі заносяцца ў камп’ютар, робіцца аграхімічная ацэнка паказчыкаў глебы па гаспадарках, дзе праводзілася адпаведная работа. А гэта, у сваю чаргу, дае магчымасць сельгаставарыствам правесці, напрыклад, вапнаванне кіслых глеб па правільным рэгламенце.

Вядучы аграхімік Пружанскага раёна Юрый Ташпулатаў (злева) і начальнік аддзела праектна-каштарыснай дакументацыі Сяргей Глушко.

А вось галоўнай задачай аддзела праектна-каштарыснай дакументацыі, які ўзначальвае Сяргей Глушко, уласна з’яўляецца распрацоўка рознай дакументацыі па эфектыўным прымяненні сродкаў хімізацыі і ажыццяўленне нагляду за яе рэалізацыяй, за правільным захаваннем сродкаў хімізацыі і іх улікам. Таксама праводзіцца аналіз прымянення ўгнаенняў, вызначаецца іх агранамічная эфектыўнасць, робіцца аналіз акупнасці ўгнаенняў, унесеных пад культуры ў гаспадарках Брэстчыны. Разлічваецца план вапнавання кіслых глеб, распрацоўваюцца планы прымянення мінеральных угнаенняў асобна пад яравую і азімую сяўбу. Вызначаецца патрэбнасць у такіх угнаеннях на зямлі, якая забруджана радыенуклідамі. Непасрэдна ў нашым раёне такой работай займаецца вядучы аграхімік Юрый Ташпулатаў, які на прадпрыемстве адпрацаваў ужо шмат гадоў, выдатна ведае сваю справу і карыстаецца павагай у калектыве.

З такімі работнікамі, як вядучы бухгалтар Аксана Кавалевіч, галоўны бухгалтар Наталля Комса і вядучы эканаміст Вольга Шэлест, за грашовы складнік прадпрыемства можна быць спакойным.

А якое ж прадпрыемства можа працаваць без бухгалтэрыі? Некаму ж трэба ў любым выпадку грошы лічыць! Галоўны бухгалтар станцыі хімізацыі Наталля Комса расказала, што рэнтабельнасць прадпрыемства складае 9,2 %, яно прыбытковае, а значыць, будзе далей развівацца і прыносіць карысць усёй Брэсцкай вобласці. У складанай справе грашовых разлікаў галоўнаму бухгалтару дапамагаюць вядучы бухгалтар Аксана Кавалевіч і вядучы эканаміст Вольга Шэлест.

Усімі кадравымі пытаннямі на станцыі хімізацыі займаецца вядучы спецыяліст па прававой і кадравай рабоце Вікторыя Рудзюк, таксама яна адказвае за працаўладкаванне і закупкі па ўсёй вобласці.

А разам, на што звярнуў увагу дырэктар Уладзімір Калымага, усе работнікі станцыі хімізацыі — гэта зладжаны калектыў прафесіяналаў сваёй справы, якія працуюць на вынік і бачаць у сваёй рабоце не толькі грашовае бок, але і задавальненне ад зробленага на карысць роднага краю.

Падрыхтаваў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік