Вторник, 21 января 2025

Чым займаецца агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры, якія навацыі тут укараняюць і хто натхняе на развіццё — расказаў начальнік Пружанскага філіяла Аляксандр Папкоў

587

Сёння — Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы. Арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці (больш вядомыя людзям па сваёй былой назве — Бюро тэхнічнай інвентарызацыі) сёлета адзначаюць 20-годдзе з дня ўступлення ў сілу Закона аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю. Менавіта з гэтым дакументам звязана зараджэнне ўсёй сістэмы дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, якая існуе па сённяшні дзень. Пра яе сучасныя магчымасці і прынцыпы ўзаемадзеяння з кліентамі гутарым з начальнікам Пружанскага філіяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Аляксандрам Папковым.

— Аляксандр Іванавіч, раскажыце, калі ласка, якія накірункі дзейнасці агенцтва з’яўляюцца актуальнымі ў цяперашні час.

— Па-ранейшаму мы займаемся тэхнічнай інвентарызацыяй і дзяржаўнай рэгістрацыяй нерухомай маёмасці. Увогуле ж, сёння функцыі, задачы і магчымасці арганізацый па дзяржаўнай рэгістрацыі значна шырэйшыя: мы ажыццяўляем землеўпарадкавальныя работы (устанаўленне, аднаўленне і замацаванне межаў зямельных участкаў), інжынерна-геадэзічныя пошукі для будаўніцтва (да нас звяртаюцца па перанясенне праектных восей будынкаў і збудаванняў у натуру, па выканаўчую, геадэзічную здымку для праектавання). Безумоўна, многія ведаюць нас як арганізацыю, якая выконвае ацэнку нерухомай маёмасці. Але і гэта яшчэ не ўсё: наша прадпрыемства з’яўляецца страхавым агентам Белдзяржстраха. Гэта значыць, што ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзяне могуць ажыццявіць і страхаванне нерухомай маёмасці. Як бачыце, усё больш і больш аперацый з нерухомай маёмасцю можна выканаць у арганізацыях па дзяржаўнай рэгістрацыі.


Даведка «РБ»

На Дзяржаўны камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі з 1997 года былі ўскладзены функцыі дзяржаўнага кіравання ў галіне землеўпарадкавання, геадэзіі і картаграфіі, а з 2003 года — функцыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй. Усе прадпрыемствы па дзяржаўнай рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі былі падпарадкаваны гэтаму камітэту.

Так Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы стаў прафесійным святам і для супрацоўнікаў арганізацый па дзяржаўнай рэгістрацыі, у іх ліку — Пружанскі філіял РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» з яго структурным падраздзяленнем Камянецкае бюро.


— Улік нерухомай маёмасці, якім арганізацыя займалася раней, сёння заменены на дзяржаўную рэгістрацыю. Якія новыя магчымасці дало гэта прадпрыемству?

— Дзяржаўная рэгістрацыя як юрыдычны акт забяспечвае не проста ўлік нерухомай маёмасці дзяржавай, а выступае прававой гарантыяй правоў і законных інтарэсаў грамадзян (адмяніць дзяржаўную рэгістрацыю можна толькі ў судовым парадку). У арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзяне могуць скласці дагавор і засведчыць здзелку куплі-продажу, дарэння.

Дзякуючы развіццю электроннай сістэмы дакументаабароту сёння мы можам прымаць заявы на дзяржаўную рэгістрацыю і засведчваць здзелкі адносна маёмасці, размешчанай не толькі на тэрыторыі раёна (як гэта было раней), але і ў любым населеным пункце нашай краіны.

ДНамеснік начальніка Пружанскага філіяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Юлія Кунда, спецыяліст па кадрах і справаводстве Таццяна Ізбіцкая, начальнік сектара інфармацыйных тэхналогій і арганізацыі вытворчасці Дзяніс Куталаў, начальнік аддзела бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Наталля Ільюшонак, бухгалтар Ірына Гацура.

— Значыць, лічбавізацыя, развіццё IT-тэхналогій не мінаюць і работнікаў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі.

— Безумоўна, рабочы працэс у нашым агенцтве ўдасканальваецца і ў гэтым плане: стужачныя рулеткі ў нас заменены лазернымі, таксама ў рабоце выкарыстоўваецца высокатэхналагічнае абсталяванне, якое дазваляе істотна скараціць тэрміны выканання работ і павысіць якасць паслуг: GPS-прыёмнік, планшэт са спадарожнікавай сістэмай пазіцыянавання, трасашукальнікі, што даюць магчымасць правядзення работ пры закрытых траншэях.

Практычна ўся тэхнічная дакументацыя вырабляецца і захоўваецца ў электронным выглядзе. У заказчыка ёсць магчымасць атрымаць выніковую тэхнічную дакументацыю ў выглядзе электроннага дакумента, падпісанага электронным лічбавым подпісам.

— Давайце звернем увагу нашых чытачоў на такі нюанс: вырашэнне якіх пытанняў з нерухомай маёмасцю знаходзіцца па-за межамі кампетэнцыі вашай арганізацыі?

— На сённяшні дзень дзеянні з нерухомай маёмасцю размежаваны паміж рознымі службамі і арганізацыямі. У прыватнасці, пытанні адабрання і давання зямельных участкаў — у паўнамоцтвах аддзела землеўпарадкавання райвыканкама, а вось пытанні выдачы дазвольнай дакументацыі на ўзвядзенне аб’екта або яго рэканструкцыю, прыёмкі ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва, узгадненне праектнай дакументацыі аднесены да кампетэнцыі аддзела архітэктуры і будаўніцтва выканаўчага камітэта. Пытаннямі вырабу праектнай дакументацыі займаюцца розныя праектныя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі.

ДРаботнікі аддзела тэхнічнай інвентарызацыі: спецыялісты па тэхнічнай інвентарызацыі Юрый Шмыгоўскі і Дзяніс Кавалеўскі, начальнік аддзела Віктар Гацура, спецыялісты па тэхнічнай інвентарызацыі Дзмітрый Васілеўскі, Ірына Грыцэвіч, вядучы спецыяліст па якасці Ірына Папкова, вадзіцель Аляксандр Дарашкевіч.

— Выходзіць, чалавеку, які плануе пабудаваць дом, трэба абысці шэраг кабінетаў, каб вырашыць усе так званыя «арганізацыйныя пытанні»…

— Аналіз існуючага парадку выканання ўзаемазвязаных работ і паслуг, адміністрацыйных працэдур, якія павінен прайсці грамадзянін ад пачатку да завяршэння будаўніцтва, дазваляе зрабіць выснову, што ў сферы нерухомасці пакуль не ўдаецца ў поўнай меры рэалізаваць прынцып «аднаго акна». Закранутае пытанне патрабуе дадатковай прапрацоўкі: гэта бачым мы, бачаць нашы кліенты.

Відавочна, што заказчыку будзе цікавая рэалізацыя прынцыпу «аднаго акна» ў фармаце звароту па ўсе паслугі (на любым этапе «жыцця» аб’екта нерухомай маёмасці) у адну арганізацыю, у якасці якой хацелася б бачыць агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі. За 20 гадоў існавання сістэмы па дзяржаўнай рэгістрацыі напрацаваны багаты вопыт работы з усімі відамі нерухомай маёмасці з моманту яе стварэння да спынення існавання.

ДРаботнікі аддзела рэгістрацыі і архіўнага дакументавання: спецыяліст Віталь Кемеж, стажор рэгістратара Віталь Грышкевіч, рэгістратары нерухомасці: Юлія Казлоўская, Віктар Жук, Аксана Гаўра, архіварыус Вольга Прэдка, спецыяліст Ірына Сакалоўская.

— Аляксандр Іванавіч, падзяліцеся, хто з’яўляецца галоўным натхняльнікам развіцця вашай арганізацыі?

— Адназначна гэта наш кліент з яго праблемамі, нестандартнымі сітуацыямі. Па кожнай пададзенай заяве нашы спецыялісты прымаюць аргументаванае і ўзважанае рашэнне ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам і ў інтарэсах кліента. У тым ліку і з гэтай прычыны ўсе віды нашых паслуг суправаджаюцца бясплатнай кансультацыяй, а ў адносінах да заказчыкаў мы заўсёды прытрымліваемся індывідуальнага падыходу.

Мы не стаім на месцы, заўсёды рухаемся наперад: гэта абумоўлена развіццём самога грамадства, запатрабаваннямі кліентаў. Нацэлены на развіццё і кожны з работнікаў нашага агенцтва: з калектывам нам пашанцавала! З нагоды прафесійнага свята хочацца павіншаваць усіх спецыялістаў нашай арганізацыі, а таксама супрацоўнікаў аддзела землеўпарадкавання райвыканкама і падзякаваць за адказную, сумленную, кваліфікаваную працу.

Гутарыла Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік