Суббота, 18 января 2025

«Чый мост праз рэчку Вертапрашку?»

398

Гэтую цытату з фільма «Каралева бензакалонкі» ўзгадваю не проста так. Калі памятаеце, у старой камедыі два начальнікі па прозвішчах Лапата і Боршч спрачаліся аб тым, каму належыць мост праз рэчку Вертапрашку. Стан пераправы быў блізкі да струхлелага. Але кіраўнікі паселішчаў сцвярджалі, што «мост вытрымае яшчэ не адзін год». Каб даказаць яго трываласць, Боршч з Лапатай нават па мосце скакалі — і праз некалькі скачкоў абодва апынуліся ў вадзе. Адразу знайшліся нарады на дрэва, друз, пясок і іншыя будматэрыялы…

У нашым выпадку размова вядзецца не пра мост, а пра ўчастак дарожнага пакрыцця, калі яго можна так назваць, які прылягае да ўваходу ў магазін аграгарадка Руднікі. Тут падчас дажджу ці таяння снегу пастаянна ўтвараецца вялізная лужына. І вось тут і мост не перашкодзіць: каб трапіць у гандлёвую кропку, трэба пераадолець сапраўдную водную перашкоду. Не замачыўшы ногі, гэтага не зробіш, паскардзіліся нашы чытачы.

Аказваецца, пра тое, чый гэта ўчастак і хто адказны за прывядзенне яго ў парадак, спрэчка таксама вядзецца даўно. Ні старшыня праўлення Пружанскага райспажыўтаварыства Дзмітрый Карпей, ні начальнік філіяла КУП «Брэстаблдарбуд» Пружанскае раённае ДРБУ № 140 Аляксандр Субота «сваёй» яе не прызнаюць. Лужына ж ад адсутнасці «гаспадара» не змяншаецца.

Рэдакцыя звярнулася да начальніка аддзела землеўпарадкавання Пружанскага райвыканкама Аляксандра Іванова, каб высветліць, каму ж належыць злашчасны ўчастак. Як паведаміў Аляксандр Леанідавіч, наогул Мокраўскаму сельсавету. Райспажыўтаварыству належыць толькі тэрыторыя, прылеглая да магазіна, шырынёй у паўтара метра.

Як паведаміла нам старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч, праблема гэтая старая. Калі раней хаця б грэйдзіравалі гэты ўчастак, то цяпер — не.

На здымку: спрэчны ўчастак каля магазіна ў Рудніках. Фота зроблена нашым чытачом сёлетняй восенню.

Але ні для каго не сакрэт, што ў мясцовага самакіравання няма тэхнікі, ды і матэрыялаў, каб адрамантаваць участак. Пра гэта ведаюць і ў райспажыўтаварыстве, і ў ДРБУ №140. Калі так, то, думаем, не будзе для іх кіраўнікоў вялікай нагрузкай усё ж дамовіцца і зрабіць тут падсыпку тым жа бутам, прыкапаць тэхнікай — і праблема будзе знята з парадку дня. Пакупнікі змогуць без перашкоды трапляць у магазін, а прэстыж абедзьвюх арганізацый вырасце ў разы. Мы ж раскажам пра добрую справу на старонках газеты.

Дарэчы, велікагрузная тэхніка спыняецца прама ля дзвярэй магазіна. Вольга Віктараўна выказала прапанову, каб райспажыўтаварыства ўстанавіла нейкія абмежавальнікі праезду. А стаянку для тэхнікі можна зрабіць і за магазінам. Прапанова слушная, патрабуе ўвагі.

Чакаем рэакцыі.

Віктар Ільюшчанка