З мінулай пятніцы рэдакцыйны тэлефон літаральна «распальваецца» ад званкоў чытачоў. Паводле слоў гараджаніна Леаніда Патапчука (ён першы, хто звярнуўся да журналіста), самыя прадпрымальныя гараджане сачкамі лавілі рыбу з каналаў Муха і Вец, у якіх вада раптоўна стала каламутнай. Жыхары прылягаючых да вадаёма вуліц скардзіліся яшчэ і на непрыемны пах, які ідзе ад вады. Тым часам, у сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца відэа і фота пружанцаў, якія хваліліся сваім уловам. А некаторыя не сталі чакаць, калі праблема сама сабой вырашыцца, і звярнуліся ў прыродаахоўныя службы. Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю галоўнага спецыяліста раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Гаруса.
— Вельмі моцны дождж, які прайшоў напярэдадні, прывёў да затаплення і падтаплення поймаў шэрага вадатокаў і вадаёмаў. А пры ўсталяванні высокай тэмпературы адбылося інтэнсіўнае гніенне адміраючага травастою, што і магло паслужыць прычынай замору рыбы.
Павышанае ўтрыманне жалеза ў вадзе магло таксама стаць прычынай другаснага замору. Асядаючы на жабрах у выглядзе бурага асадку, жалеза выклікае ў рыбы ўдушша. Кіслая рэакцыя асяроддзя ўзмацняе шкоднае ўздзеянне празмернай колькасці жалеза.
Як бачым, прычыны разглядаюцца розныя. У сувязі з сітуацыяй, якая склалася на Пружаншчыне ў раёне каналаў Вец і Муха, а таксама ракі Мухавец, Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь таксама праводзіліся мерапрыемствы па ўстанаўленні прычын, якія прывялі да памутнення вады і замору рыбы. Спецыялістамі лабараторыі аналітычнага кантролю Мінпрыроды зроблены адбор проб вады ў каналах і рацэ.
— Папярэднія вынікі аналізаў паказалі, што ва ўсіх водных аб’ектах утрыманне растворанага ў вадзе кіслароду ніжэй дапушчальных значэнняў — менш за 0,5 міліграмаў на літр, — паведаміў Аляксандр Гарус. — Вынікі аналізаў па іншых паказчыках будуць вядомы толькі праз некалькі дзён.
Сітуацыю трымаюць на кантролі спецыялісты Кобрынскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Яе начальнік Ігар Каленька пацвердзіў, што аналізы сапраўды робяцца некалькі дзён. Кобрынскімі спецыялістамі сярод магчымых прычын здарэння разглядаецца і гаспадарчая дзейнасць.
Рэдакцыя будзе цікавіцца сітуацыяй. Пра высновы, да якіх прыйдуць спецыялісты, мы паведамім у адным з бліжэйшых нумароў.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.