Вторник, 21 января 2025

Что нам снег, что нам зной? Один день из жизни передвижной библиотеки

1 015

Калі б не адна маленькая нататка ў газеце, гэтай паездкі не было б. Неяк прачытала, што ў Баранавічах у сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я на канікулы сабралася… мабільная бібліятэка. Маўляў, некамфортна адчуваюць сябе як чытачы, так і бібліятэкары. А бібліятэку на колах там не параўнаць з нашай: вялікі цёплы аўтобус, не паездка, а рамантыка. І захацелася даведацца, як жыве наша «бібліятэчная аўталаўка». Таму ў адзін зімовы дзень вырашыла пракаціцца разам з яе нязменнай загадчыцай     Марыяй Якімаўнай Заікінай.IMG_2910

Пружанская перасоўная бібліятэка курсіруе па дзевятнаццаці маршрутах і абслугоўвае ў агульнай складанасці пяцьдзясят вёсак, больш за семсот чытачоў, з кожным годам пашыраючы сетку абслугоўвання аддаленых пунктаў. У той дзень маленькая халодная сіняя «Газель» ішла па маршруце Пружаны-Гарадзечна-Сасноўка.IMG_2917

Як распавяла па дарозе Марыя Якімаўна, кожны вясковец, які вольны час свой не ўяўляе без кнігі,  добра знаёмы з графікам працы такой бібліятэкі. Перад выездам яна звязалася са старастамі вёсак і актыўнымі чытачамі, каб яны апавясцілі жыхароў пра прыезд. Склала папярэдні спіс тых, да каго сёння вязе «духоўную ежу», – ні адзін чытач не застанецца па-за ўвагай. Больш таго, яна вядзе сшытак заказаў на літаратуру і пастаянна вывучае попыт на паслугі мабільнай бібліятэкі, вызначае тэмы.

–  У нас велізарны фонд – каля 5 тысяч кніжак, і перад кожным выездам ён абнаўляецца і папаўняецца выданнямі з агульнага фонду ЦБС з улікам папярэдніх заявак чытачоў. А патрэбы самыя разнастайныя. Некаторыя жадаюць прачытаць кнігі свайго дзяцінства, а іх ужо немагчыма знайсці ва ўсёй сістэме. Чытаюць казкі, творы беларускіх аўтараў, савецкую і замежную літаратуру. Цікавяцца і спецыфічнай літаратурай: па рыбалоўстве, пчалярстве, кулінарыі, шыцці і вязанні, дызайне, народнай медыцыне і развядзенні свойскай жывёлы. Вялікі попыт на духоўную літаратуру. Наогул, у кожнага свой густ: камусьці больш падабаецца У.Колінз, камусьці – Ю.Шылава. А чытачоў  шмат, летам дзеці на канікулы прыязджаюць, дачнікі адпачываюць, а зімой сельскія жыхары з кнігай бавяць доўгія вечары. І наогул, у мяне што ні чытач, то нейкі талент.

На маё пытанне, ці апраўданы паездкі бібліябуса у самыя глухія куткі раёна, калі і ў вялікіх гарадах попыт на кнігі падае, бібліятэкар адказвае коратка: «Кніга заўсёды будзе запатрабаванай». Ды і вадзіцель Віктар пацвярджае:

– Часам, як  толькі вяскоўцы пачуюць, што наша машына едзе, тут жа сустракаюць нас. Да нас бягуць, як да аўталаўкі, па духоўную ежу. А калі людзі нас чакаюць, значыць, працуем недарма …

Чакалі нас і ў Гарадзечна …IMG_2879

– Трэба, каб часцей карэспандэнты ездзілі па нашай дарозе! Гэта ваша шчасце, што два дні таму прайшоў грэйдар, інакш вы б не даехалі, —  сустракае мяне «вымовай» першы чытач.

– Бывае і такое? – пытаюся ў вадзіцеля.

– Усё было. Не адзін ужо раз  адкопваліся са снегу, выбіраліся з каляін. Нават зубры на дарогу выходзілі…

Вось яно як! Пабачым, як сёння. Бус з кнігамі пад’язджае да дома кожнага чытача, робіць мноства прыпынкаў …  І так цэлы дзень: ад вуліцы да вуліцы, ад хаты да хаты. І на кожным такім «паўстанку» выходзяць людзі, якія свайго жыцця не ўяўляюць без кнігі.

– Бібліятэка – гэта тое нямногае, што ў нас тут засталося. Не сустрэцца з ёй – для нас ужо трагедыя, – распавядае адна жанчына.

– Бібліятэкі на колах адназначна патрэбныя. Ды і зручна вельмі: якую б кнігу я ні папрасіла, мне яе абавязкова прывязуць, – падключаецца да размовы другая.IMG_2888

– І бульбу капаем, і кніжкі чытаем, і скрозь паспяваем, – вершатворыць трэцяя.

Бачу, што наведванне бібліятэкі на колах разнастаіць будзённае сельскае жыццё. Людзі дзеляцца радасцямі і праблемамі. А Марыі Якімаўне міжволі даводзіцца выконваць не толькі службовыя абавязкі, але і выступаць у ролі псіхолага і дарадцы. Наогул, нагрузка на яе вялікая. У машыне няма магчымасці годна прадставіць літаратуру:  кнігі то выгружаюцца, то зноў загружаюцца ў скрынкі. І бібліятэкар, і вадзіцель раз-пораз выступаюць у  ролі грузчыкаў.

– Кнігі – гэта адно, а сустрэча з прыемным чалавекам, які ведае сваю справу –  іншае. Радуемся Якімаўне, як роднаму чалавеку. Толькі такія, як яна, будуць і ў сцюжу, і ў спякоту прывозіць нам кнігі. Дай Бог ёй здароўя. Заўсёды падкажа,  параіць, што пачытаць, што выбраць. І заўсёды спытае, як здароўе. Усіх ведае па імёнах. Вельмі добрая, сонечная жанчына. Такое адчуванне, што яна ніколі не злуецца. Яна так умее да сябе схіліць людзей, што нават тыя, хто і не хацеў чытаць, пачынаюць любіць кнігу. Сапраўдны інтэлігентны чалавек, які падладжваецца пад  усіх. Вось пра яе і пішыце, а не пра нашу глуш, — наперабой расхвальваюць бібліятэкарку  чытачы.

А той і галаву няма калі адарваць ад скрынак і фармуляраў. Толькі сціпла адмахваецца і раздае кнігі, а разам з імі яшчэ і цукеркі. Як Дзед Мароз, дастае іх з маленькай скрыначкі і віншуе малых і старых з надыходзячым святам. Цягнуцца да яе не толькі людзі, але нават жывёлы. Колькі шчанюкоў і кацянят прыбегла  да машыны! З дзецьмі і катамі і сфатаграфаваліся.

– Ну, маці Тэрэза, паехалі! – сонца заходзіць, і вадзіцель нагадвае, што час спяшацца дадому.

Марыя Якімаўна ўсё жыццё працавала бібліятэкарам. Менавіта  сярод кніг знайшла сваё прызванне.

—Сама родам з вёскі Загор’е, у сяле вырасла, сельскую працу ведаю, таму і людзей сельскіх так люблю, — тлумачыць жанчына такі жартаўлівы зварот.

Алена ЗЯЛЕВІЧ.  Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *