Среда, 6 ноября 2024

Что может заставить современную девушку взять в руки спицы? Материнство!

2 074

Умець шыць, вязаць, вышываць для нашых бабуль і прабабуль было такім жа натуральным, як гатаваць ежу. Да гэтых заняткаў можна дадаць і ткацтва, і прадзіва, і многае іншае. З цягам часу кругаварот хатніх спраў станавіўся не такім насычаным, шмат чаго можна было купіць у крамах. Тым не менш, мноства рукадзельніц працягвалі ўпрыгожваць і магазіннае адзенне і па-ранейшаму самастойна ствараць арыгінальныя рэчы, што, безумоўна, вылучала іх сярод іншых. Ішлі гады… Разнастайнасць, якая запаланіла прылаўкі, дазволіла ўздыхнуць з палёгкай тым, хто не меў таленту ці жадання рабіць адзенне, сурвэткі, абрусы сваімі рукамі.

Сёння, здаецца, можна купіць усё, што душа пажадае, але ўсё больш і больш маладых гаспадынь зноў вяртаюцца да самаробных рэчаў. Што прымушае сучасную жанчыну сядаць за швейную машынку ці браць у рукі пруткі? З гэтым пытаннем мы прыйшлі да маладой мамы Іны Гуц, якая шмат чаго робіць сваімі рукамі.
— Мабыць, як і многіх, мяне натхняюць відэаўрокі ў інтэрнэце. Калі рыхтавалася да свайго вяселля, то шукала варыянты для ўпрыгажэння залы, стала, бакалаў, падвязак, кветак для гасцей і іншых атрыбутаў свята. Перагледзела мноства відэаролікаў і … вырашыла зрабіць усё сама. Працэс мяне захапіў, і ў выніку на маім вяселлі ўсе ўпрыгажэнні былі арыгінальнымі. Да гэтага, прызнацца, я толькі ў дзяцінстве вышывала, прычым асаблівай прагі да такога віду творчасці не было.
І працэс, і вынік мяне задаволілі, а тут яшчэ з’явілася выдатная нагода праяўляць свае ўменні: у чаканні дачкі я паспела змайстраваць мноства рэчаў, патрэбных нованароджанай, таму і пасля выпіскі з радзільнага дома Ангелінка акунулася ў прыгажосць, створаную мамінымі рукамі.
— Іна, уся гэтая работа займае шмат часу. Няўжо не прасцей пайсці ў магазін ці заказаць праз інтэрнэт тое, што спадабалася?
— Я магу назваць некалькі прычын, па якіх аддаю перавагу самаробным рэчам. Тое, што я шыю ці вяжу атрымліваецца значна таннейшым за магазінныя аналагі. Калі нешта майструю для сваёй дачкі, то выбіраю самы бяспечны матэрыял і магу быць упэўненай у якасці гатовага вырабу.
А яшчэ гэта проста прыгожа і, магчыма, самае галоўнае тое, што мне вельмі падабаецца займацца творчасцю. Мая творчая энергія нарэшце знайшла выйсце. Муж нават жартуе, што хутка не будзе куды складаць усё тое, што я нашыла і навязала.
— Я так разумею, больш за ўсё пашанцавала Ангеліне. Менавіта ў яе найбольш прыгожага адзення і, зразумела, цацак.
— Так, мяккія цацкі, бразготкі, абручы, уборы… Пакуль кармлю дачку – шукаю ідэі, пакуль яна спіць – працую. Наогул маё хобі ўжо ўплывае на наш лад жыцця: спатрэбілася купіць швейную машынку і фотаапарат. Кожны месяц Ангеліна мне пазіруе ў новым уборы, а я спрабую з кватэры зрабіць фотастудыю. Але я не абмяжоўваюся дзіцячымі рэчамі. Маме падарыла створаную сваімі рукамі кулінарную кнігу ў тэхніцы скраббукінгу. Мужа стараюся частаваць смачнымі дэсертамі. А ва ўсё, за што бяруся, я ўкладваю часцінку сваёй душы. І я ведаю, што, засынаючы з самаробным зайчыкам, мая дачушка адчувае маміна цяпло.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА і з архіва І. Гуц.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *