На вуліцы Бахарава, дзе праезная частка ад моста праз раку робіць паварот, з-за агароджы некаторых прыватных сядзіб ускладняецца бачнасць і не заўсёды можна своечасова заўважыць аўтамабіль. Ці ёсць якія-небудзь нарматывы, якія прымусілі б уладальнікаў прыватных дамоў ставіць ніжэйшы ці «празрысты» плот?
Са званка ў рэдакцыю.
Мы праехалі і прайшлі названы ўчастак, але вялікай патрэбы вылучаць нейкія патрабаванні да людзей, што там жывуць, не заўважылі. Дастаткова прытрымлівацца правілаў для пешаходаў (рухацца насустрач транспарту) або для аўтамабіляў (хуткасны рэжым) і ніякіх аварый там не будзе. Хаця наш чытач усё-такі мае рацыю, і ў горадзе ёсць такія ўчасткі, дзе сапраўды з-за высокіх агароджаў існуе небяспека.
Напрыклад, на скрыжаванні завулка Кастрычніцкага і вуліцы Заслонава пры руху з названага завулка вадзіцелю аўтамабіля складана заўважыць перашкоду справа. І хаця там ёсць знак «Саступі дарогу», плот усё-такі можна было б панізіць, каб надаць кіроўцам больш упэўненасці.
Яшчэ горшая абстаноўка на вуліцы Кірава, на якую складана выехаць па кароткім завулку з вуліцы Астроўскага: там высокі плот увогуле «хавае» перашкоду злева. І вадзіцелю неабходна літаральна па сантыметры выязджаць, каб агледзець праезную частку і пераканацца ў адсутнасці едучага транспарту.
Вельмі складана выязджаць з шэрагу вуліц на Горку, дзе велізарныя зараснікі кустоў поўнасцю перашкаджаюць бачнасці.
Каментарый старшага дзяржінспектара ДПС Сяргея Мышкевіча:
— Калі бачнасці дарогі перашкаджаюць зялёныя насаджэнні, то неабходнасць абрэзкі дрэў або кустоўя Дзяржаўтаінспекцыя ўстанаўлівае самастойна: уладальнікам сядзіб выдаецца адпаведнае прадпісанне. Так было зроблена, напрыклад, на скрыжаванні вуліц Горына-Каляды і Багдановіча, калі бацькі гімназістаў паскардзіліся ў ДАІ на кустоўе, што вырасла там: гараджаніну, якому належаць тыя зялёныя насаджэнні, прадпісалі правесці абрэзку.
А вось архітэктурныя элементы сядзіб з’яўляюцца прыватнай уласнасцю, з-за чаго пытанне складана вырашыць. Калі факт становіцца вядомы інспектарам, то яны хадайнічаюць у камісію па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры райвыканкаме. Згодна з дзеючымі нарматыўнымі актамі, камісія можа вынесці ўладальніку агароджы прадпісанне аб прыняцці дадатковых мер, якія палепшаць бачнасць на скрыжаванні.
Калі вы ведаеце пра іншыя месцы на вуліцах горада і раёна, дзе агароджы перашкаджаюць бачнасці на дарогах, то можаце паведаміць нам пра гэта па тэл.8-029-529-17-30 або даслаць фотаздымкі на такі ж нумар у вайберы.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).