Адной з адметнасцей пружанскай зямлі побач з архітэктурнымі выбітнасцямі, якія прыцягваюць турыстаў, намоленымі старажытнымі храмамі, у кожнага з якіх свая гісторыя, прыроднай жамчужынай Белавежскай пушчай з‘яўляецца чорнаглянцаваная кераміка.

Каля шасці стагоддзяў прайшло з таго часу, як каралева Бона прывезла майстроў-керамістаў са сваёй радзімы – Італіі (ва ўсялякім разе, так сцвярджаюць паданні). Яны далі пачатак промыслу, які развіваўся, сталеў, набываў уласныя толькі нашаму рэгіёну рысы. З пакалення ў пакаленне перадавалі мясцовыя майстры вопыт і традыцыі сваім нашчадкам. Напачатку 20-га стагоддзя толькі ў Пружанах працавалі каля 250 ганчароў. Выпускалі посуд у розных тэхніках, але найбольш удаваўся задымлены, чорнаглянцаваны. Самае вядомае імя ў гэтым майстэрстве – Антон Такарэўскі. Магчыма таму, што працаваў ён даўжэй за іншых, рабіў мялачкі, спарышы і глякі і тады, калі попыт на гліняны посуд рэзка падаў, яго месца займалі «фабрычныя» каструлі і талеркі.
Тэндэнцыя да адраджэння рамяства ёсць: у будынку майстэрні, што ў гарадскім парку, актыўна працуюць ганчары сучасныя – Віталій Раманоўскі і Генадзь Міранюк. Але па-ранейшаму я захоўваю ва ўласнай калекцыі старыя збанкі і вазоны: няхай карыстацца імі немагчыма, ды ў іх жыве дух нашай старажытнасці, агонь душы продкаў.
Ірына Сядова