Адбылася выбарная канферэнцыя Брэсцкай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь». У якасці дэлегатаў ад Пружанскага раёна ўдзел у мерапрыемстве прынялі члены РГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, Юрый Карповіч, Ірына Казарэз, Марыя Грышкевіч і Сяргей Дзямідаў (на здымку).

На канферэнцыі быў выбраны новы кіраўнік абласной арганізацыі. Ім стаў Мікалай Сопат, які змяніў на гэтым пасту Аляксандра Бахановіча. Мікалай Паўлавіч узначальвае Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі. Таксама былі абраны савет абласной арганізацыі і прэзідыум.
— Самае каштоўнае ў любой рабоце і грамадскай дзейнасці — гэта людзі, — адзначыў Мікалай Сопат. — Сярод накірункаў, якія будзе развіваць абласная арганізацыя РГА «Белая Русь», — работа з працоўнымі калектывамі і асабліва з моладдзю. Абавязкова будзе зроблены акцэнт на пераемнасць пакаленняў і патрыятычнае выхаванне.
Як расказала Таццяна Кашкан, сярод першачарговых задач новы кіраўнік абласной арганізацыі назваў стварэнне палітычнай партыі «Белая Русь», устаноўчы з’езд якой пройдзе ўжо ў бліжэйшую суботу, 18 сакавіка, а таксама згуртаванне людзей вакол яе. Чакаецца, што палітычная партыя будзе карыстацца падтрымкай шырокіх пластоў грамадства, прыцягне людзей з розных сацыяльных груп, якія аб’яднаны падтрымкай таго палітычнага курсу, які рэалізуецца ў Беларусі і накіраваны на захаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, забеспячэнне яе росквіту.
Членамі РГА «Белая Русь» на Брэстчыне з‘яўляецца больш за 28 тысяч чалавек, аб’яднаных у 1313 пярвічных арганізацый.
Марыя Уладзімірава. Фота раённай арганізацыі РГА «Белая Русь»