Вторник, 14 января 2025

Члены маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў напярэдадні Дня народнага адзінства правялі арганізацыйную сесію і заклалі памятную алею ў Пружанах

480

Дэпутатамі і кіраўнікамі не нараджаюцца. Імі становяцца, прычым у выніку карпатлівай падрыхтоўкі. У нашым раёне гэта разумеюць. Менавіта таму райвыканкамам створаны перспектыўны кадравы рэзерв з ліку маладых, актыўных і крэатыўных жыхароў Пружаншчыны. А вось пры раённым Савеце дэпутатаў ужо другое скліканне працуе маладзёжны парламент. У сераду адбылася яго першая арганізацыйная сесія.

Напачатку ўдзельнікаў мерапрыемства вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Ён жа прыгадаў, што ўпершыню маладзёжны парламент пры райсавеце дэпутатаў быў створаны 26 красавіка 2019 года. Тэрмін паўнамоцтваў парламентарыяў — тры гады, таму ў чэрвені гэтага года дэпутаты прынялі рашэнне аб скліканні новага парламента. Зараз у ім працуе 19 чалавек. Асноўныя мэты стварэння такога органа, паводле слоў Мікалая Пятровіча, — развіццё і падтрымка маладзёжнай ініцыятывы, прыцягненне маладых людзей да актыўнага ўдзелу ў дзейнасці Савета дэпутатаў і, вядома, падрыхтоўка кадравага рэзерву.

На парадак дня арганізацыйнай сесіі выносілася пяць пытанняў. Ключавое з іх — выбар старшыні маладзёжнага парламента. Яго кандыдатуру прапанавала начальнік аддзела па адукацыі, намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання Ірына Казарэз. На гэтую пасаду Ірына Анатольеўна параіла абраць Дзяніса Цямчыка, настаўніка гісторыі, грамадазнаўства, мастацтва, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Шчарчоўскага ВПК д/с-СШ. Гэты малады чалавек з’яўляецца ўраджэнцам Драгічынскага раёна. Пасля заканчэння гістфака БрДУ трапіў на Пружаншчыну, тут застаўся і працуе вось ужо пяць гадоў. Актыўны і ініцыятыўны малады чалавек таксама з’яўляецца членам РГА «Белая Русь». Кандыдатуру Дзяніса падтрымалі ўсе парламентарыі.

Па кандыдатуры намесніка старшыні парламента ўнёс прапанову начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік. Члены парламента падтрымалі яе. Такім чынам, намеснікам абрана рэжысёр Палаца культуры Дыяна Крэтава. Сакратаром маладзёжнага парламента стаў калега Дыяны — метадыст Палаца культуры Вячаслаў Краўчук. Прапанову па гэтай кандыдатуры ўнёс старшыня райкама прафсаюза АПК, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Чайкоўскі.

Што да прэзідыума, то кандыдатаў на ўваходжанне ў яго назваў сам Дзяніс Цямчык. У складзе прэзідыума ў бліжэйшыя тры гады будуць працаваць Ганна Андрусевіч, Яна Карпеш, Вячаслаў Краўчук, Ганна Шлеба, Анастасія Янушка, а таксама старшыня парламента і яго намеснік. Парламентарыі адобрылі яго прапанову.

Яшчэ адным важным пытаннем арганізацыйнай сесіі стала прыняцце плана работы маладзёжнага парламента. План складаецца з трох частак. Арганізацыйная ўключае ў сябе правядзенне сесій, сустрэчы парламентарыяў з моладдзю раёна, удзел у сацыяльна значных мерапрыемствах і акцыях. Прадстаўнічая — гэта шматлікія семінары, круглыя сталы і дыялогавыя пляцоўкі. Інфармацыйная частка мае на мэце знаёмства з работай парламента ўсіх жыхароў раёна, таму пра дзейнасць маладых парламентарыяў мы, спадзяёмся, яшчэ не раз раскажам на старонках газеты. Агульным галасаваннем ён таксама быў зацверджаны.

Падчас арганізацыйнай сесіі маладых парламентарыяў павіншавала Таццяна Кашкан — старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Аляксандра Леўчука. Яна падкрэсліла, што вельмі ганарыцца тым, што кіраўніком парламента абраны менавіта член «Белай Русі». Моладзі Таццяна Канстанцінаўна пажадала не адступацца ад абранага шляху, любіць краіну, працаваць на яе карысць, смела ісці наперад і дасягаць пастаўленых мэт. У сваю чаргу, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік запэўніў, што далейшыя сесіі маладзёжнага парламента будуць прадуктыўнымі, напоўненымі абмеркаваннямі і нават спрэчкамі.

Часткай сустрэчы членаў новавыбранага маладзёжнага парламента ў Пружанах стала закладка алеі ў гонар маладога дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. 56 дрэўцаў, сярод якіх дубы, клёны, вязы, ліпы і каштаны, з’явіліся на вуліцы Палескай. Забяспечыў пасадачным матэрыялам і дапамог у закладцы алеі Пружанскі лясгас. А як напамін пра падзею побач з дрэўцамі ўсталявалі адпаведную шыльду. Яшчэ для парламентарыяў правялі пешую экскурсію па райцэнтры — каб маладыя людзі больш даведаліся пра Пружаны. А карэспандэнт злавіў сябе на думцы, што пра многіх членаў парламента мы ўжо расказвалі ў газеце, у тым ліку і на старонках «Маладзёжнага CLUBа». Спадзяюся, што ідэі моладзі стануць сапраўды цікавымі і абавязкова будуць падтрыманы.


Дзяніс Цямчык, настаўнік Шчарчоўскага ВПК д/с-СШ, старшыня маладзёжнага парламента другога склікання пры Пружанскім раённым Савеце дэпутатаў:

— На Пружаншчыну, у Шчарчоўскі ВПК, я трапіў пяць гадоў таму. Тут спадабалася, таму і застаўся.

Больш за ўсё сярод школьных дысцыплін люблю выкладаць гісторыю Беларусі. Радуе, калі дзеці праяўляюць цікавасць да вучобы. У першы год маёй работы вучань Іван Гадуйка заняў другое месца ў раённай алімпіядзе. Цяпер ён студэнт гістфака. Зараз актыўна працуем з Дзмітрыем Катко і Варварай Хадыніцкай — гэтыя вучні заўсёды ўдзельнічаюць у алімпіядах і розных гістарычных конкурсах. Але і многія іншыя дзеці таксама цікавяцца прадметам.

Вельмі ўдзячны, што мне даверылі быць старшынёй маладзёжнага парламента Пружанскага раёна. Гэта пачэсна, але і адказна — прадстаўляць інтарэсы моладзі ўсёй Пружаншчыны на такім высокім узроўні. Спадзяюся, што наша моладзь будзе актыўна ўдзельнічаць у жыцці раёна і зробіць усё, каб Пружаншчына, Брэстчына і Беларусь станавіліся яшчэ больш цудоўнымі і прыгожымі. Будзем прыкладаць усе намаганні для рэалізацыі гэтай задачы.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара

Фотаальбом з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_286578810