Падчас прыёму, які правеў 7 чэрвеня член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч у вёсцы Магілёўцы, большасць звярнуўшыхся былі менавіта патрыётамі.
Людзі ў большасці сваёй не дбалі пра асабістыя зручнасці, а клапаціліся аб агульных: каб вуліцы былі добраўпарадкаванымі, дарогі і тратуары — зручнымі і чыстымі, агароджы — роўнымі і прыгожымі, дзеці і моладзь — занятымі і здаровымі…
Пакуль мы чакалі прыезду Юрыя Наркевіча, якога суправаджалі старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, памочнік сенатара Таццяна Гаманчук, пагутарылі з галоўным урачом установы аховы здароўя Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Магілеўцы» Юрыем Мазурычам. Малады, але даволі вопытны кіраўнік (наогул ён працуе тут 10 гадоў, а на пасадзе галоўнага ўрача — каля двух) максімальна валодае сітуацыяй у гэтай няпростай, далікатнай, але вельмі патрэбнай у наш імклівы час спецыялізацыі медыцыны. З 280 існуючых ложкаў на гэты дзень было занята каля 260. Сюды звяртаюцца з рознымі праблемамі, якія закранаюць псіхіку, ад неўрозаў, да складаных дыягнастычных праяўленняў, якія патрабуюць больш значнай тэрапіі і большага тэрміну лячэння. Узроставая катэгорыя — ад дзяцей да састарэлых. Самай на гэты дзень старэйшай пацыентцы споўнілася 95 гадоў.
Як іранізуе Юрый Казіміравіч, няма зусім здаровых людзей, ёсць недаабследаваныя. Паспрабуй не пагадзіцца?
Падчас наступнай гутаркі галоўнага ўрача ўжо з сенатарам, больш глыбока закраналіся пытанні дзейнасці ўстановы аховы здароўя. Як сказаў Юрый Наркевіч, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што «Магілёўцы» — структураўтваральная ўстанова. Работнікі бальніцы — у большасці сваёй жыхары вёскі, прылеглых населеных пунктаў. Мы ўпэўніліся, што гэта сапраўды так, калі пачулі, як тыя, хто прыходзіў на прыём, называлі свае адрасы пражывання і месцы працы.
Як мы ўжо казалі вышэй, людзі больш дбалі пра агульныя зручнасці, чым асабістыя. А праблемы такія ж, як у іншых населеных пунктах: абсталяваць дзіцячую пляцоўку, дапамагчы зрабіць рамонт у пад’ездах (пры гэтым людзі гатовы самі прыкласці пасільныя намаганні, выдаткаваць свае сродкі), адрамантаваць пешаходныя дарожкі, дапамагчы зрабіць вуліцы чыстымі і многае іншае. Ніхто не патрабаваў: «дайце, дайце», — гучала менавіта «дапамажыце». Дарэчы, многія надзённыя пытанні вырашаюцца дзякуючы мясцовай ўладзе, якую прадстаўляе старшыня Зеляневіцкага сельвыканкама Вольга Аўдзейчык, і мясцовай гаспадарцы. Вольга Віктараўна прысутнічала і на прыёме.
Вельмі парадавала сваёй удзячнасцю за ўжо зробленае супрацоўніца бальніцы Таццяна Анісеня. Яе зварот, добрыя словы і светлыя пачуцці нейкім чынам падвялі вынік прыёму, далі псіхалагічную ўстаноўку на пазітыўны настрой. І душа радавалася таму, што жыццё, нягледзячы на розныя праблемы (куды ж без іх?), добрае, светлае.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/962414706824