Среда, 19 февраля 2025

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Русы наведаў малочны камбінат і льнозавод у Пружанах

525

На мінулым тыдні з калектывамі ААТ «Пружанскі малочны камбінат» і «Пружанскі льнозавод» сустракаўся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы.

Сустрэча на ААТ «Пружанскі малочны камбінат» праходзіла ў актавай зале таварыства. Міхаіл Іванавіч нагадаў прысутным пра ролю Беларусі ў міжнароднай палітыцы, у эканамічным развіцці, нягледзячы на санкцыі, гаварыў пра Саюзную дзяржаву і многае іншае. «Нам цяжка, але дзякуючы ўзаемадзеянню, цеснаму сяброўству і супрацоўніцтву з Расіяй, мы зможам процістаяць ціску калектыўнага Захаду, членам НАТА», — падвёў вынік ён.

Пытанні, якія задавалі сенатару работнікі камбіната, тычыліся дзейнасці Усебеларускага народнага сходу, змяненняў Выбарчага кодэкса, а таксама вырашэнню пытання транзіту вялікагрузнага траспарту, які праязджае праз райцэнтр і стварае нябеспеку для людзей, ды і стан дарожнага пакрыцця ад гэтага не паляпшаецца. На ўсе пытанні Міхаіл Русы даў падрабязныя адказы, а па апошнім — абяцаў дапамагчы ў яго вырашэнні.

У сустрэчы з калектывам ААТ «Пружанскі малочны камбінат» таксама прымалі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч, дырэктар малочнага камбіната Аляксандр Лось.

Далей Міхаіл Русы разам з Міхаілам Грышкевічам і Юрыем Наркевічам накіраваліся на ААТ «Пружанскі льнозавод». Дырэктар ільнозавода Мікалай Жогал правёў дэлегацыю па двары, паказаў наяўную тэхніку, цэхі, дзе працуюць лініі па выпуску доўгага і кароткага валакна. Расказаў пра экспарт «паўночнага шоўку» ў КНР, выкананні дзяржзаказу.

Было цікава параўнаць прадпрыемствы. Справа ў тым, што на маёй малой радзіме, у Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, таксама працуе льнозавод. Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС гэта было даволі буйное прадпрыемства са сваёй інфраструктурай, жылым гарадком, магазінамі, ФАПам. Пасля тэхнагеннай катастрофы вытворчасць пайшла на спад. І толькі ўжо ў незалежнай Беларусі, дзякуючы падтрымцы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, паступова лён стаў брэндам Кармяншчыны. Пачалася мадэрнізацыя льнозавода. Вялікую дапамогу ў гэтым, калі быў віцэ-прэм‘ерам, адказваў за аграпрамысловы комплекс краіны, аказаў іменна Міхаіл Русы.


Сенатар даў невялікае інтэрв‘ю, прысвечанае развіццю льнаводства на тэрыторыі краіны і непасрэдна на Пружаншчыне. Але першым пытаннем да Міхаіла Іванавіча было:

— Як склаўся гэты год для Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны?

— Год быў даволі адказны. Дзесьці ён прайшоў нялёгка, але было больш прыемных момантаў, нягледзячы на няпростую сітуацыю, якая склалася ў свеце. Але дзякуючы прадуманай палітыцы Кіраўніка нашай дзяржавы спрацаваў у бок плюса эканамічны складнік. У Савеце Рэспублікі мы паслядоўна, граматна і выразна будуем сваю работу, асабліва з насельніцтвам у рэгіёнах. Мы выяўляем вузкія месцы ў заканадаўстве, каб удасканаліць яго, прывесці да ладу. Не сумняваюся, што і наступныя гады, нягледзячы на розныя палітычныя нюансы, будуць добрымі. Эканоміка Беларусі развіваецца дынамічна. Гэта азначае, што працуе народ краіны, урад, упэўнена кіруе наш Прэзідэнт, а значыць, у нас ёсць будучыня.

— Міхаіл Іванавіч, акрамя Парламента Союзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, супрацоўнічаеце з парламентарыямі іншых краін?

— Гэта ў першую чаргу. Нават у краінах, як кажуць, несяброўскіх, ёсць дэпутаты, якія нас добра разумеюць. Зайздросцяць нам у тым, як мы развіваемся, тыя ж самыя суседзі: палякі, літоўцы, латышы, эстонцы. Мы знаходзім добрыя кантакты з заходнімі краінамі, да нас многа дэлегацый прыязджае. Там ёсць партнёры, якія з намі плённа супрацоўнічаюць. Вялікую ўвагу надаём пабрацімству. Амаль у кожнай краіне ў нас ёсць гарады-пабрацімы. Таму на ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў нашых населеных пунктах, мы запрашаем добрых сяброў з замежжа. Народная дыпламатыя — самая сур’ёзная. Кіраўнік дзяржавы ўвёў бязвізавы рэжым для нашых суседзяў. Няхай прыязджаюць, глядзяць, як мы жывём. Толькі так можна весці барацьбу з той няпраўдай, якой шпігуюць суседняе насельніцтва.

— Сёння Вы знаходзіцеся з візітам у Пружанскім раёне. Падзяліцеся ўражаннямі.

— Брэсцкі рэгіён, у тым ліку і Пружаншчына, здзіўляюць сваімі падыходамі да працы. Тут жывуць сапраўды адданыя сваёй справе людзі. Вы паглядзіце самі, 700 тон малака ў суткі надойваюць жывёлаводы вашага раёна. Сёння мы былі на малочным камбінаце, які пакуль можа перапрацаваць максімум 400 тон малака, астатняе вы прадаяце за межы раёна. У вас добрая эканоміка, а значыць, ёсць паступленні ў бюджэт, рэалізуюцца сацыяльныя праграмы. У вас выдатныя людзі, якія добра разумеюць сітуацыю, ведаюць што трэба рабіць. З такімі людзьмі і ствараецца гісторыя.

— Дзяржава надае вялікую ўвагу развіццю льнаводчай галіны. Ведаю, што Вы таксама прыклалі нямала намаганняў у гэтую справу. Чым Пружанскі льнозавод адрозніваецца ад іншых?

— Мне давялося пабываць на многіх ільнозаводах. Пружанскі — першы, які прайшоў мадэрнізацыю. Тут усё даводзілася рабіць, як кажуць, з нуля. Сюды былі ўкаранёны самыя перадавыя тэхналогіі. Тут адпрацоўваліся падыходы да мадэрнізацыі іншых вытворчасцей. Пад кантролем Кіраўніка дзяржавы мы іх усе пераабсталявалі. Гэта дазваляе загрузіць поўнасцю Аршанскі льнокамбінат і 20-30 тысяч тон сыравіны прадаваць у сумежныя дзяржавы, на экспарт. Тым самым зарабляць грошы. Дырэктар Пружанскага льнозавода Мікалай Сцяпанавіч Жогал заўсёды крочыў наперадзе. Гэта клапатлівы, дальнабачны гаспадар. Вы паглядзіце, як разам са сваімі работнікамі змаглі зберагчы нават старое абсталяванне, якое не адразу адрозніш ад новага. Вось так трэба працаваць усім.


Напрыканцы нашай размовы Міхаіл Русы павіншаваў усіх жыхароў Пружанскага раёна з надыходзячымі святамі, пажадаў моцнага здароўя і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік