Пятница, 11 июля 2025

Член Савета Рэспублікі, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч сустрэўся з працоўным калектывам гаспадаркі і расказаў пра ўдзел ва УНС

326

Ганарыцца сваім народам, шанаваць свой край, абараняць сваю незалежнасць — святы абавязак кожнага беларуса. І з гэтым поўнасцю згодны член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі восьмага склікання, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч.

Аляксандр Іванавіч на гэтым тыдні сабраў працоўны калектыў гаспадаркі, каб падзяліцца ўражаннямі ад VII Усебеларускага народнага сходу, дэлегатам на якім прысутнічаў 24-25 красавіка.

— Словы, сказаныя Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, вельмі кранаюць душу, бяруць за жывое. Чаму? Бо яны не разыходзяцца са справай. У нашай краіне ўсё робіцца для людзей, і толькі для іх. Бачым гэта ўсюды: будуецца жыллё, забяспечваецца сацыяльная і эканамічная абарона. Салідарны поўнасцю з Кіраўніком краіны: у нашай Радзімы няма нікога, акрамя нас, таму трэба выстаяць у гэты суровы час і пабудаваць яшчэ больш магутную і квітнеючую Беларусь. Каб тут было ўтульна жыць і нам, беларусам, і гасцям, якім мы заўсёды рады. Па словах Аляксандра Рыгоравіча, мы павінны быць моцнымі, каб захаваць мір у сваёй краіне, мець магчымасць абараніць слабых, каб нас чулі на міжнароднай арэне, — зазначыў Аляксандр Іванавіч.

У другі дзень правядзення народнага сходу дэлегаты зацвердзілі Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну, на гэтым таксама спыніўся кіраўнік сельгаспрадпрыемства:

— На дадзеным этапе іх прыняцце жыццёва важна для Беларусі. Мы — суверэнная дзяржава. І ніхто не мае права ўмешвацца ў нашы справы, дыктаваць, як жыць, якім паветрам дыхаць. У нас гадамі вывераная палітыка развіцця краіны, якой будзем прытрымлівацца і надалей, нягледзячы ні на якія знешнія пагрозы.

Ад кожнага з нас залежыць, як жыць і дзе жыць, нават што есці. Таму, шаноўныя працаўнікі вёскі, давайце не падвядзём сваіх суайчыннікаў, а плённай працай на зямлі дакажам, што мы моцныя, упэўненыя ў сабе і незалежныя. Веру, што так і будзе.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік