У Пружанскім РАНС вымушаны канстатаваць сумную статыстыку: з усталяваннем мінусавой тэмпературы пачашчаецца не толькі колькасць пажараў, звязаная, у тым ліку, і з няправільнай эксплуатацыяй пячнога ацяплення, але і расце колькасць людзей, якія атрымалі абмаражэнні. Ахвяры моцных маразоў з’явіліся і на Пружаншчыне.
Як удакладнілі ў Пружанскай ЦРБ, за тры дні — з шостага па восьмае студзеня — у «хуткую дапамогу» ці ў прыёмны пакой па дапамогу медыкаў па прычыне абмаражэння звярнуліся чатыры чалавекі. Так, познім вечарам шостага студзеня з абмаражэннем верхніх канечнасцяў паступіў 45-гадовы мужчына.
Аказалася, што грамадзянін, калі быў нецвярозым, паляжаў на тратуары.
Раніцай у суботу да медыкаў паступіў трэцякласнік: напярэдадні вечарам хлопчык, нягледзячы на моцны мароз, у мокрых пальчатках катаўся на снежнай горцы. Зімовая забава закончылася абмаражэннем пальцаў.
У той жа дзень абмарозіў пальцы на руцэ 30-гадовы жыхар вёскі Гарадняны: мужчына расчышчаў ад снегу аўтамабіль і пры гэтым быў без пальчатак. А восьмага студзеня медыкі дапамагалі яшчэ адной ахвяры моцнага марозу — 58-гадовы жыхар в.Смаляніца ў стане алкагольнага ап’янення заснуў у хляве. Як вынік — абмаражэнне рукі і нагі.
Інструктар-валеолаг Пружанскай ЦРБ Алена Крачко зазначае: ніхто не застрахаваны ад абмаражэнняў. Але ўсё ж у моцныя маразы раіць не забываць пра прафілактыку, дзякуючы якой можна змякчыць наступствы нізкіх тэмператур.
Вось рэкамендацыі, як не дапусціць пераахаладжэння і абмаражэння тым, хто выходзіць на вуліцу ў моцны мароз.
- Цёплае адзенне і абутак. Вопратка да таго ж павінна быць прасторнай і мець некалькі слаёў (напрыклад, футболка, два світары і куртка). Гэта ж ўмова тычыцца і абутку: у цесных ботах парушаецца кровазварот, і ногі замярзаюць. Абавязкова трэба абараняць адкрытыя ўчасткі цела: рукі, шыю і г.д.
- Актыўны рух. Калі мёрзнуць ногі і іншыя часткі цела, пажадана прайсціся хуткім крокам або па магчымасці зрабіць прабежку, тым самым палепшыўшы кровазварот. Праўда, усё павінна быць у меру: пастаянная актыўнасць хутка растрачвае энергію і цяпло.
- Узмоцненае харчаванне. Менавіта падскурная тлушчавая клятчатка абараняе ўнутраныя органы ад пашкоджанняў, таму ў лютыя маразы не варта практыкаваць строгія дыеты, а пажадана збалансавана харчавацца.
- Адмова ад курэння на марозе. Цыгарэты пагаршаюць перыферыйную цыркуляцыю крыві, робяць сасуды канечнасцяў больш далікатнымі і ўразлівымі.
Што рабіць, калі абмаражэнне ці агульнае пераахалоджанне відавочнае?
У залежнасці ад ступені пашкоджання тканак і зніжэння тэмпературы цела, абмаражэнне бывае розных ступеняў, якія, як правіла, можна вызначыць толькі праз суткі. Асноўныя прынцыпы аказання першай дапамогі:
* Перш за ўсё неабходна сагрэць пацярпелага ў цёплым памяшканні. Саграванне абмарожанай часткі цела павінна быць паступовым, павольным. Недапушчальна расціраць абмарожаныя ўчасткі рукамі, тканінай ці спіртам: гэтыя меры спрыяюць тромбаўтварэнню ў сасудах, пагаршаючы сітуацыю.
* Пры агульным пераахалоджанні пацярпелага трэба проста закутаць у цёплую коўдру. Пры абмаражэнні накласці на пашко-джаную частку цела тэрма-ізалюючую ватна-марлевую павязку для прадухілення дачаснага сагравання паверхневых тканак.
* Калі абмарожана рука ці нага, яе можна сагрэць у ванне: тэмпературу вады павялічваюць паступова — з 20 да 40°С і на працягу 40 хвілін акуратна масажыруючы канечнасць. Пацярпеламу даюць шмат цёплага напою.
* Калі разагрэў пасля абмаражэння суправаджаецца болямі, аднаўляюцца адчувальнасць, тэмпература і колер скурных покрываў, самастойныя паўнавартасныя рухі, то канечнасць выціраюць насуха, а скуру апрацоўваюць 70% спіртам (або гарэлкай) і накладваюць сухую павязку з ватай. Вуха, нос або шчаку варта шчодра змазаць вазелінам і накласці сухую сагравальную павязку з ватай.
Майце на ўвазе: абмарожаныя ўчасткі надоўга захоўваюць павышаную адчувальнасць да холаду, лёгка падвяргаюцца паўторнаму абмаражэнню, а таму маюць патрэбу ў асабліва надзейнай абароне.
Марына Вакульская. Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.