Вторник, 18 марта 2025

Четвертый реактор. Ликвидатор последствий аварии на ЧАЭС Юрий Омельянчук поделился воспоминаниями

928

Больш за трыццаць гадоў мінула пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а яна ўсё ніяк не дае пра сябе забыць. Камусьці нагадвае страшнымі хваробамі, стратай блізкіх людзей, развітаннем назаўсёды з малой радзімай… А людзям, якія апынуліся ў той час у эпіцэнтры падзей,  ніяк не дасць развітацца з успамінамі. Ліквідатару Юрыю Амельянчуку хапіла і месяца, каб Чарнобыль стаў часткай яго жыцця.

— Маё дзяцінства прайшло ў Старым Купліне, — расказвае Юрый Міхайлавіч. — Сёння вы не знойдзеце такой назвы на карце: яшчэ ў мінулым стагоддзі вёска  апусцела і знікла.

У Ю.М.Амельянчука, на першы погляд, нічым не адметная біяграфія: бесклапотная школьная пара, вясёлы студэнцкі час, перыяд армейскай загартоўкі, працоўная дзейнасць — служба ў органах унутраных спраў. Але на простай жыццёвай гісторыі  свой адбітак пакінуў Чарнобыль.

У вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Юрый Амельянчук апынуўся ў чэрвені 1987 года, крыху больш як праз год пасля выбуху на чацвёртым рэактары атамнай электрастанцыі, — як ліквідатар Чарнобыльскай аварыі ў складзе міліцэйскага батальёна.

— Мы жылі за калючым дротам, якім была абгаро-джана тэрыторыя, адкуль спешна эвакуіравалі мясцовае насельніцтва. Размяс-ціліся ў будынку вясковай школы, — успамінае Юрый Міхайлавіч. — Штодзень патрулявалі апусцелыя вёскі, куды прызвычаіліся наведвацца марадзёры: цэлыя  банды пераплывалі праз Прыпяць, каб пажывіцца тым, што пакінулі гаспадары.

Маёмасці  сапраўды тут засталося вельмі многа: людзі бралі з сабой толькі самае неабходнае, думалі, што выязджаюць на пару  дзён, а не назаўсёды. Вартавых парадку, якія заходзілі ў дамы, не пакідала пачуццё таго, што гаспадары выйшлі адсюль літаральна на хвілінку: абсалютна ўся мэбля, рэчы, прадметы хатняга ўжытку знаходзіліся на звыклых месцах, у некаторых дамах нават сталы засталіся сервіраванымі. І толькі засохлыя кветкі ў вазонах на падаконніках вярталі ў рэчаіснасць — вёскі вымерлі.

Навошта праводзіцца нейкі індывідуальны дазіметрычны кантроль, штодзённае наведванне лазні, ліквідатары тады яшчэ не зусім разумелі.

— Ну, абмяркоўвалі нейкую «радыяцыю», а што гэта такое, асаблівага ўяўлення не мелі, — гаворыць Юрый Міхайлавіч. — Яе ж ніхто не бачыў, не кранаў. Адным словам, у чым небяспека Чарнобыля, ніхто з нас тады толкам не разумеў.

Усведамленне таго, што  на самай справе прынёс выбух чацвёртага рэактара, прыйшло значна пазней. Калі маштабы падзеі, тэма, якая доўгі час не абмяркоўвалася, не тлумачылася, пачалі агучвацца на высокім дзяржаўным узроўні, калі ўсплыла праўда пра  наступствы трагедыі. Калі год за годам з жыцця стала адыходзіць усё больш саслужыўцаў-ліквідатараў, якія таксама «адхапілі» сваю порцыю радыяцыі…

І ўсё ж сёння пра самую страшную тэхнагенную трагедыю ў гісторыі чалавецтва Юрый Амельянчук стараецца не ўспамінаць: лічыць, што не варта варушыць мінулае, калі нічога ў ім змяніць нельга. Але 26 красавіка пра яе зноў нагадалі калегі з былога месца працы — выпраўленчай установы адкрытага тыпу №7. Наведалі, шчыра пажадалі доўгіх гадоў жыцця і яму, і ўвогуле ўсім людзям, якія, не шкадуючы сябе, выконвалі свой абавязак.

На здымках: Ю.М.Амельянчук і намеснік начальніка выпраўленчай установы адкрытага тыпу №7 А.Б.Сапагоў; 30 гадоў таму.

Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *