Прыхільнікі аматарскага валейбола добра ведаюць, што кожную вясну РФСК «Мухавец» ладзіць турнір памяці знакамітага на Пружаншчыне трэнера Аляксандра Салтруковіча. Сёлетнія спаборніцтвы сталі відовішчнымі, бескампраміснымі і выйшлі на міжраённы ўзровень.
Да пружанскага клуба аматараў валейбола на гэты раз далучыліся бярозаўчане. Яны стварылі ўласную каманду, якая на вельмі годным ўзроўні прадставіла свой раён. Сярод добра знаёмых зборных на гэты раз у зале СДЮШАР г. Пружаны можна было сустрэць «Лінова» і «Алімп». Прапусціўшы леташні турнір, у гонку на спаборніцтвах-2023 зноў уключылася каманда «Камунальнік». Прыемна было бачыць «Спарту» з Шарашэва і каманду «Мурава», у якую ўвайшлі як работнікі аднайменнай гаспадаркі, так і іншых сельгасарганізацый.
Як расказала арганізатар турніру, дырэктар РФСК «Мухавец» Вікторыя Шаманава, кожная з каманд літаральна білася за перамогу. На працягу васьмі гульнявых дзён лідарства ўвесь час мянялася. Усяго ж каманды валейбалістаў-аматараў правялі на пляцоўцы 15 матчаў. Кожная з каманд сустрэлася з усімі сваімі сапернікамі.
Па словах галоўнага суддзі Аляксандра Бажко, вельмі прыемна, што на гэты раз пра сябе заявіла і прыгожая палова. Калі ў мінулыя гады склад каманд быў выключна мужчынскім, то сёлета за пружанскія «Алімп» і «Камунальнік», а таксама за шарашэўскую «Спарту» гулялі і дзяўчаты. Больш за тое, Юлія Янучык з каманды «Алімп» названа лепшай звязуючай турніру. Таксама асабістых узнагарод удастоены Барыс Гутырчык і Максім Скібінскі. Першы — з каманды «Мурава», яму прысуджаны тытул лепшага нападаючага. Другі — капітан каманды з Бярозы, які адзначаны як лепшы ігрок турніру. Ён, па словах Вікторыі Шаманавай, паказаў прыгожы валейбол, быў прыкладам паводзін на пляцоўцы, ва ўзаемадзеянні з камандай і суддзямі. Дарэчы, уладальнікаў індывідуальных званняў выбіралі самі валейбалісты з дапамогай галасавання.
Ну, а п’едэстал сёлетняга валейбольнага турніру істотна адрозніваецца ад аналагічных спаборніцтваў мінулага года. На яго трэцяй прыступцы размясцілася каманда «Лінова». На іх рахунку — 10 ачкоў у выніковай табліцы. Два матчы згуляла зборная з разгромным лікам 3:0 — са «Спартай» і «Камунальнікам».
Сярэбраны прызёр спаборніцтваў — дэбютанты турніру, удзельнікі з суседняга Бярозаўскага раёна. Яны набралі 12 ачкоў па выніках усіх валейбольных сустрэч і таксама запісалі на свой рахунак два матчы, у якіх сапернікі не змаглі ўзяць ніводнай партыі — гэта сустрэчы з тымі ж «Камунальнікам» і шарашоўскай «Спартай».
Сёлетнія чэмпіёны — каманда «Мурава». Гэтыя хлопцы гулялі хоць і агрэсіўна, але вельмі зладжана. Многія з ігракоў маюць за сваімі плячыма перамогі ў аналагічных валейбольных турнірах, напрыклад, Кубку Мотальскай СДЮШАР і чэмпіянаце па пляжным валейболе, які ладзіў РФСК «Мухавец». На турніры памяці А. Салтруковіча зборная «Мурава» абышла з лікам 3:0 «Спарту», «Алімп» і «Камунальнік», вырвала перамогу ў каманды «Лінова» — 3:1, а саступіла толькі «Бярозе» — 2:3. Такім чынам, «Мурава» ўзначальвае табліцу з 13 ачкамі.
Каманды-пераможцы атрымалі дыпломы і кубкі. Камандам, якія занялі першае і другое месцы, уручаны яшчэ і грашовыя ўзнагароджанні. Лепшым ігракам, акрамя дыпломаў, на памяць застануцца сімвалічныя статуэткі. Адзначаны і каманды, якім на гэты раз, на жаль, не ўдалося ўзысці на п’дэстал: за ўдзел узнагародзілі «Алімп», «Спарту» і «Камунальнік».
Мяркуючы па тым, што колькасць каманд-удзельніц у турніры-2023 у параўнанні з леташнімі спаборніцтвамі павялічылася, а на ўсіх без выключэння матчах прысутнічалі балельшчыкі, цікавасць да валейбольных разборак не знікае. Верым, што праз год валейбалісты зноў збяруцца на пляцоўцы СДЮШАР, а турнір сапраўды застанецца міжраённым і папоўніцца новымі зборнымі, гатовымі пазмагацца за галоўны трафей.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара
Фотаальбом з турніру: https://ok.ru/budni/album/958235050888