У мінулую нядзелю быў згуляны матч чарговага тура чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе паміж камандамі «Пружаны» і «Фармат».

Хоць гульня для нашых хлопцаў і была хатняй, але яе праводзілі на штучным полі стадыёна «Колас» у Камянцы.
З самага пачатку матча гульня была напружанай, не абыходзілася без галявых момантаў ля варот абедзвюх каманд. Адным з такіх шанцаў на 14 мінуце здолелі скарыстацца госці, тым самым, адкрыўшы лік у матчы. Але нашы «футбалісты з характарам» ужо праз тры мінуты здолелі аднавіць раўнавагу. Аўтарам забітага гола стаў Мікіта Шчур, які ўжо не першы раз вызначаецца ў чэмпіянаце. Мяч трапіў у спіну гульца «Фармата», дэзарыентаваў варатара гасцей і апынуўся ў сетцы варот. Такім чынам, да сярэдзіны першага тайма на табло гарэлі «1:1». На жаль для нас, калі справа ўжо набліжалася да перапынку, госці здолелі забіць «гол у раздзявальню» і пайсці на адпачынак з перавагай у адзін мяч.
У другім тайме «Фармат» працягнуў ствараць небяспечныя моманты, і яго гульцы неўзабаве забілі свой трэці гол. Сітуацыя для нашай каманды аказалася няпростай і патрабавала прыняцця новых спроб для ўзяцця варот суперніка. На 60 мінуце футбаліст з Пружан атрымаў мяч на флангу і вырашыў узяць «гульню на сябе». Павел Чыж наблізіўшыся да штрафной пляцоўкі нанёс удар у блізкі вугал варот — гол! Падарыў аматарам пружанскага футбола надзеі на «рамантаду». Але нашым жаданням не ўдалося спраўдзіцца. На 62 мінуце госці зноў павялічылі сваю перавагу да двух мячоў, а пасля і зусім паставілі тлустую кропку ў матчы. На табло канчатковы лік — 2:5.
Варта адзначыць, што нашы футбалісты не выглядалі блякла на фоне каманды, якая займае другое месца ў турнірнай табліцы групы, а бліжэй да канца гульні і зусім стварылі немалую колькасць галявых момантаў, якімі не здолелі скарыстацца. Шанцы на поспех у гэтым матчы ў нас меліся, але госці былі сапраўды мацней і здабылі заслужаную перамогу. Камандзе нашага горада жадаем поспеху ў наступных матчах, а за праведзеныя гульні гаворым толькі дзякуй. Хоць вынік і не заўсёды быў станоўчы, аднак самааддачы нашым футбалістам не займаць.
У рамках восьмага тура чэмпіянату Брэсцкай вобласці ў нашай групе былі згуляны яшчэ два матчы. Гульня паміж «Камунальнікам» з Белаазёрска і гасцей з Жабінкі скончылася разгромнай перамогай першай каманды — 11:1. Трэцяга жніўня свой хатні матч правяла каманда з Драгічына, сапернікам якой аказаліся хлопцы з Маларыты. Уся гульня праходзіла ва ўпартай барацьбе і скончылася галявой нічыёй 2:2. А 28 ліпеня свой матч паміж сабой правялі два лідары нашай групы «Фармат» і «Камунальнік» (Белаазёрск). На два забітыя мячы гасцей у першай палове гульні, гаспадары адказалі толькі адным узяццем варот у другім тайме. У выніку каманда з Бярозаўскага раёна ўмацавала сваю лідарскую пазіцыю.
Руслан Басак
Фота аўтара, носіць ілюстрацыйны характар