Вторник, 8 октября 2024

Чэмпіянат вобласці па футболе: «Пружаны» разграмілі «Жабінку» ў Камянцы!

195

На мінулых выхадных адбыўся матч дзявятага тура чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе паміж камандамі «Жабінка» і «Пружаны».

Гульня адбылася ў нядзелю, 11 жніўня, на полі стадыёна «Колас» у Камянцы. Пачатак матча праходзіў пад дыктоўку нашай каманды, якая стварыла некалькі небяспечных момантаў, адзін з якіх канвертаваўся ў гол. Адкрыць лік у матчы на 13-й мінуце здолеў Антон Пашкевіч, які перахапіў перадачу галкіпера сапернікаў і перавёў мяч у сетку варот. На гэтым нашы хлопцы не спыніліся і працягнулі штурмаваць вароты намінальных гаспадароў поля, што неўзабаве прывяло да другога ўзяцця варот. На гэты раз аўтарам забітага гола стаў Глеб Сударыкаў. Праз яшчэ некалькі мінут гэты малады талент выдатна замкнуў галавой перадачу з флангу і зрабіў лік на табло 0:3. Вырашыў не адставаць ад свайго партнёра па камандзе і наш галеадор Антон Пашкевіч, які таксама яшчэ ў першай палове матча здолеў запісаць на свой рахунак другі мяч. Бліжэй да канца першага тайма гульня супакоілася і калектывы пайшлі адпачываць у раздзявалку пры ліку 0:4 на карысць футбалістаў з Пружан.

А вось пачатак другога тайма праходзіў ужо зусім па іншым сцэнарыі. На 51-й мінуце гульцы каманды «Жабінка» здолелі распячатаць сетку нашых варот, а праз тры хвіліны і зусім скараціць сваё адставанне да двух мячоў. Такі старт другой паловы гульні прымусіў нашых хлопцаў сабрацца і паказаць свой лепшы футбол. Так яно і адбылося, ужо на 57-ай мінуце матча аўтарам пятага гола пружанскай каманды стаў Аляксандр Протас. Неўзабаве ён жа ў выдатнай манеры аддаў пас Уладзіславу Трафімовічу, які ўпэўнена перавёў мяч у сетку варот і зрабіў лік на табло 2:6, які і пратрымаўся да фінальнага свістка.

Цудоўная перамога калектыву з нашага горада дазволіла падняцца ў турнірнай табліцы на адзін радок і заняць прамежкавае трэцяе месца. Верым і спадзяёмся, што гэта быў не апошні поспех каманды ў гэтым сезоне.

У рамках дзявятага тура чэмпіянату Брэсцкай вобласці ў нашай групе былі згуляны яшчэ два матчы. У сустрэчы паміж «Фарматам» і «Маларытай» гледачы ўбачылі неверагодную гульню з вялікай колькасцю галявых момантаў, у якой не быў выяўлены пераможца. Выніковы лік 4:4 дазволіў набраць кожнай дружыне па адным бале. Цікавай па напале выдалася і гульня паміж «Камунальнікам» і «Драгічынам», у якой госці першымі выйшлі наперад, але затым прапусцілі мяч ад гаспадароў поля ажно чатыры разы. У адказ на гэта футбалісты з Драгічына змаглі яшчэ раз адправіць мяч у сетку варот саперніка, але гэтага не хапіла для здавальняючага выніку. Перамога 4:2 дазволіла камандзе «Камунальнік» датэрмінова стаць пераможцай нашай групы.

Турнірную табліцу глядзіце ў нумары «раёнкі» за 17 жніўня

Руслан Басак