На мінулых выхадных адбыўся матч дзясятага тура чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе паміж камандамі «Пружаны» і «Камунальнік» (Белаазёрск).
Гульня праходзіла ў Белаазёрску, на мясцовым стадыёне СДЮШАР. На гэты раз нашай камандзе супрацьстаяў лідар групы, які ўжо гарантаваў сабе першае месца. У самым пачатку матча футбалісты з Пружан стварылі два небяспечныя моманты ля варот суперніка, адзін з якіх ледзь не завяршыўся поспехам, але мяч пасля ўдару Рамана Самасюка трапіў у перакладзіну. Пасля гэтага ініцыятывай завалодалі гульцы «Камунальніка». Яны здолелі адкрыць лік у матчы, а затым і ўвогуле павялічыць сваю перавагу да двух галоў. На працягу першых 45 мінут гульні нашы футбалісты паказвалі дастаткова нядрэнны футбол, што магло даваць некаторыя надзеі на другі тайм…
Але ў наступныя 45 мінут усё пайшло насуперак чаканням… Выніковы лік 0:9 адклаў у памяці пружанскіх аматараў футбола непрыемныя ўспаміны, пра якія хочацца хутчэй забыцца і працягваць рухацца далей…
Патлумачыць непрыемнае паражэнне можна некалькімі фактарамі. Па-першае, мы сустракаліся з мацнейшай камандай нашай групы. Па-другое, наш дамашні матч праходзіў на полі супернікаў і пры падтрымцы іхняй тарсіды. Ну і важным складнікам гэтага разгрому стала тое, што некаторыя лепшыя гульцы каманды не змаглі прыехаць на матч. Заклікаем нашых хлопцаў не апускаць рукі, бо наперадзе дзве важныя гульні супраць «Маларыты» — прамога канкурэнта па турнірнай табліцы. Верым і спадзяёмся на добрае заканчэнне сезона.

У дзясятым туры чэмпіянату Брэсцкай вобласці ў нашай групе былі згуляны яшчэ дзве сустрэчы. У суботу, 17 жніўня, на стадыёне ў Маларыце адбыўся матч паміж мясцовай камандай і гасцямі з Жабінкі. Гульня атрымалася цікавай і парадавала прысутных гледачоў забітымі галамі. Матч скончыўся перамогай гаспадароў поля з лікам 5:3. У нядзелю, 18 жніўня, адбылася сустрэча паміж камандамі «Драгічын» і «Фармат». Гульня была бляклай і праходзіла без асабліва небяспечных момантаў. Сумныя нулі гарэлі на табло і пасля заканчэння паядынку
Руслан Басак