З 1 студзеня 2018 года ў г. Брэсце і чатырох раёнах Брэсцкай вобласці, у тым ліку Пружанскім, пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым для турыстаў з 77 краін свету.
Адзіная пружанская турфірма ПТУП “Пружаны—Травел” па аб’ектыўных прычынах толькі нядаўна атрымала права на рэгістрацыю “бязвізавых” гасцей. Пра бліжэйшыя перспектывы “бязвіза” ў нашым рэгіёне мы і пагаварылі з яе галоўным аператарам Г.В.Казбяровіч.
— Ганна Васільеўна, ведаем, што 31 мая вы атрымалі патрэбны сертыфікат – знак адпаведнасці вашага сэрвісу ўсім прынятым міжнародным стандартам, якія рэгламентуюць якасць турпаслуг. Патлумачце, калі ласка, якім чынам праходзіць сама працэдура рэгістрацыі турыста?
— Па-першае, турыст выходзіць на сайт bezvizbrest.by, дзе ёсць усе нашы даныя і спіс прапаноўваемых намі паслуг. Далей ён дасылае на электронны адрас турфiрмы “Пружаны-Травел” заяўку на тур, у якой прыблізна пазначае патрабаванні па туры: што канкрэтна ён хоча ўбачыць і на колькі дзён прыязджае. Мы ў адказ фарміруем праграму, на стадыі абмеркавання ўносім карэкціроўкі і ўзгадняем наш тур.
Пасля вылічваецца кошт тура (як правіла, ад 25 рублёў). Сюды ўваходзіць, як мінімум, дзве паслугі.
Пасля перамоў тураператар рэгіструе турыста ў спецыяльнай праграме ўліку, якая перадае дадзеныя ў пункты пропуску, і адпраўляе заказчыку на электронную пошту неабходны дакумент — ваўчар, які турыст павінен раздрукаваць.
— Якія дакументы, акрамя пасведчання асобы і ваўчара, павінен мець пры сабе “бязвізавы” турыст?
— Пры перасячэнні мяжы замежныя грамадзяне павінны мець пры сабе яшчэ медыцынскую страхоўку і мінімальную суму грошай — 2 базавыя велічыні (на сёння 49 руб.). А калі гаворка ідзе пра арганізаваную групу турыстаў, то і поўны спіс наведвальнікаў рэкрэацыйнай зоны.
Нагадаю, што для перасячэння Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь і ўезду ў нашу бязвізавую зону “Брэст” выдзелена чатыры пункты пропуску: для авія-, аўта-, чыгуначнага транспарту і пешаходнага пераходу (апошні знаходзіцца ў Перарове (Белавежская пушча). Ніякіх абмежаванняў на колькасць паездак у Беларусь “бязвіз” не ўстанаўлівае.
Прыбыўшы на месца, турысты абавязаны на працягу 5 сутак зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па месцы фактычнага пражывання.
Таксама заўважу, што перыяд знаходжання ў гасцях не павінен перавышаць 10 каляндарных дзён. Менавіта дзён, а не сутак. Скажам, калі ваш замежны госць заехаў 1 жніўня ў 23.00, то выязджаць павінен 10 жнiўня, і ні ў якім разе не на наступны дзень, адзінаццатага.
— Якія санкцыі чакаюць «бязвізавага» турыста, калі ён у нас затрымаецца?
— Дэпартацыя альбо фінансавыя няўстойкі, звязаныя з купляй візы, а гэта вельмі вялікія грошы. Праблемы могуць узнікнуць і пры выездзе за межы бязвізавай зоны, напрыклад, у Кобрынскі раён. У гэтым выпадку турыста чакае немалы штраф. Каб такое не здарылася, мы і павінны дапамагаць гасцям карэкціраваць маршрут. Сёння, на жаль, наш “бязвізавы” турыст не можа з’ездзіць у Гродна, бо па дарозе ён трапляе ў візавую зону, чаго катэгарычна нельга рабіць. Адпаведна, і з Гродна мы не можам прыняць бязвізавых турыстаў. На жаль, нашы зоны яшчэ не аб’ядналі, аднак пра гэта гаворка ўжо ідзе.
— З якімі яшчэ цяжкасцямі, на ваш погляд, можа сутыкнуцца замежны турыст? Можа, не хапае гідаў-перакладчыкаў ці суправаджальнай інфармацыі на замежных мовах?
— Інфармацыі дастаткова, больш за тое, на сённяшні дзень мы ўжо можам прапанаваць паслугі экскурсаводаў з веданнем англійскай, нямецкай і польскай моў. Калі ўзнікне неабходнасць, напрыклад, у французска- ці кітайскамоўным гідзе-перакладчыку, то мы можам запрасіць экскурсавода з брэсцкай фірмы.
Галоўная праблема ў іншым — у адсутнасці ў нашым гора-дзе пунктаў кругласутачнага абмену валюты. У выхадныя дні не ўсе банкі працуюць. А што першае робіць турыст у чужым горадзе? Правільна, мяняе грошы на нацыянальную валюту. Я ж прадаю туры ў беларускіх рублях, а не ў доларах!
— Ганна Васільеўна, якія туры вы можаце прапанаваць турыстам?
— На сённяшні дзень тры нашы туры прайшлі сертыфікацыю і апрабацыю. Па-першае, гасцей чакае цікавы і насычаны маршрут “Архітэктурныя жамчужыны Пружаншчыны” — з наведваннем асноўных архітэктурных славутасцей г.Пружаны, г.п. Ружаны, Шарашэва і в. Лыскава, дзе ў кафэ “Таверна” іх чакае комплексны абед з нацыянальных страў, а вячэра наладжваецца ў пружанскім рэстаране — з тэатралізаванай праграмай з удзелам гурта «Крыніцы». Таксама турыст можа скарыстацца паслугамі аднасутачнага спартыўна-аздараўленчага тура “Аквапарк на выхадныя”. Тэхнічная карта трэцяга тура “Мая Пружанская зямліца” прапануе турыстам шмат цікавага з наведваннем галоўных культурных і архітэктурных аб’ектаў горада. Ва ўсе тры туры ўваходзіць аглядная экскурсія па горадзе. Мы арганізоўваем падвоз-адвоз турыстаў, і калі ў сувязі з пажаданнямі гасцей мяркуюцца нейкія змены ў маршруце, мы яго аператыўна карэкціруем.
Гутарыла Алена Зялевіч.