Вялікая Субота… Час чакання, цішыні і апошніх перадсвяточных прыгатаванняў. Ужо гатовы для асвячэння велікодныя кошыкі. Галоўнае месца ў іх, безумоўна, займаюць яйкі, а яшчэ духмяныя, яркія і такія любімыя ўсімі кулічы. Хтосьці гатуе іх сам, а хтосьці цалкам давярае прафесіяналам — такім, як работнікі кандытарскага цэху філіяла РСТ «Прадтавары». Карэспандэнты адправіліся туды, каб адчуць той самы водар свята і дзяцінства.

Велікодныя кулічы ў кандытарскім цэху пачынаюць пячы ў Вялікі Чацвер. Першай да іх прыгатавання прыступае начная змена. Усё таму, што з самай раніцы да будынка рэстарана прыязджаюць заказчыкі прадукцыі. Сярод іх — гандлёвыя кропкі горада і аўталаўкі. Велікодная выпечка з пружанскай «кандытаркі» ў прамым сэнсе слова разлятаецца ва ўсе куточкі раёна. Таму і аб’ём вытворчасці немалы: адных толькі кулічыкаў да свята сёлета прыгатуюць 4,5 тыс. Да іх дадайце яшчэ 1,5 тыс. пірагоў з самай рознай начынкай — макам, разынкамі, карыцай і тварагом.

Ну і куды ж без тортаў?! За суботу і нядзелю ў продаж іх паступіць амаль тысяча.
— Прывяду яшчэ некаторыя лічбы, — кажа тэхнолаг Ганна Залога, калі мы заходзім у цэх. — Для таго, каб парадаваць жыхароў і гасцей горада святочным печывам, пойдзе прыкладна дзве тоны мукі, паўтоны цукру і 200 л малака.
За шмат гадоў работы выпрацаваны фірменны рэцэпт пружанскіх кулічоў. Але яго кандытары і тэхнолагі не раскрываюць. Кажуць толькі, што знайшлі аптымальныя суадносіны масла, цукру, яек, напаўняльнікаў і іншых інгрэдыентаў.

— Усе яны, за выключэннем хіба толькі пасыпкі, — айчыннай вытворчасці. Дзякуючы гэтаму пружанская выпечка атрымліваецца натуральнай і доўга не чарсцвее, — кажа кандытар Алена Кавалеўская (на здымку).

Велікодныя матывы знайшлі адлюстраванне ва ўпрыгожванні тортаў. Дырэктар філіяла райспажыўтаварыства «Прадтавары» Таццяна Жук, якая завітала ў цэх разам з намі, адкрывае халадзільную камеру — і мы прыходзім у сапраўднае захапленне. На торціках — надпісы «ХВ» і пажаданне светлага Вялікадня. Сапраўды філігранная работа бачна ва ўсіх гэтых галінках вярбы, шматлікіх кветачках, куранятках, яйках на тортах. Усё выглядае вельмі прыгожа і нагадвае пра надыход Свята Жыцця і Радасці!
У цэху захавалі выраб тортаў без кансервантаў, якія падаўжаюць тэрмін прыдатнасці. Калі хочаце паставіць на святочны стол натуральны торт, аддайце перавагу «Казцы», «Труфелю», «Празе» ці «Птушынаму малаку».

Набыць салодкія вырабы можна сёння ў фірменнай палатцы, якая да 15 гадзін працуе на скрыважанні вул. Савецкай і Тармасава, а таксама да 20.00 у кулінарыі.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў ў нашым Instagram