
У падраздзяленнях МНС служыць няшмат жанчын, што абумоўлена абавязкамі, ускладзенымі на выратавальнікаў-пажарных. Між тым, ёсць і такія задачы, дзе жанчына, дзякуючы лепшай камунікабельнасці, дасягае большых вынікаў. У прыватнасці, у прафілактыцы вогненных здарэнняў, калі трэба пераконваць сотні людзей, настаўляць і тлумачыць правілы бяспекі жыцця. Так, каб суразмоўцы прыслухоўваліся і прымалі да галавы.
С такімі абавязкамі ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях працяглы час добра спраўляецца Іна Хаваўка, якую, як па імені, так і асабіста пазнаюць ва ўсіх арганізацыях раёна, — ад дзіцячага садка да дамоў састарэлых. Між тым, як сцвярджае Іна Аляксандраўна, у яе рабоце шмат у чым дапамагае тое, што яна… шматдзетная мама.
Звычайна ў жыцці, як кажуць, «яблычак ад яблынькі недалёка каціцца», і вялікую сям’ю часцяком ствараюць менавіта тыя, хто вырас сярод мноства братоў і сясцёр. Аднак Іна аспрэчвае гэту выснову: вырасла яна адзіная ў маці.
— Па праўдзе кажучы, я і не думала, што займею такую вялікую сям’ю, — смяецца шматдзетная маці. — Проста з мужам першым чакалі сына, а нарадзілася дачка, пасля якой, зразумела, патрэбны ж наследнік. А за ім Бог падарыў нам яшчэ двух сыноў.
Але ж лёс, як правіла, за белай паласой пасылае чорную, і за шчасцем нярэдка ідуць выпрабаванні. Так і ў гэтыя сямейныя радасці вышэйшыя сілы неўзабаве ўнеслі сваю трагічную карэкціроўку, з-за якой Іна Аляксандраўна вымушана зараз гадаваць чатырох дзяцей сама. Значную дапамогу ёй аказвае бабуля Валянціна Іванаўна.
Сёння дзеткі ўжо падраслі, старэйшай дачцэ Аліне 14 гадоў. Яна не трапіла ў наш аб’ектыў, таму што зараз адпачывае ў санаторыі. Сярод хлопцаў галоўны завадатар Арсеній, які лічыць сябе дарослым, таму што яму споўнілася 9 гадоў і ён можа «камандаваць» шасцігадовым Арцёмам і чатырохгадовым Сашам. Як расказвае сама шматдзетная мама, з аднаго боку зараз стала лягчэй, таму што многае ўжо малыя могуць рабіць самастойна і столькі догляду не патрабуюць. Але з гадамі ўзнікае іншая складанасць: дзеткі растуць і ў іх з’яўляюцца асабістыя інтарэсы, захапленні. Іх характары становяцца ўнікальнымі, з-за чаго выхаваўчая нагрузка ўзрастае.
— Напрыклад, Аліна ўжо дасягнула пераходнага ўзросту, у якім падлеткі імкнуцца да ўласнага погляду на свет і жыццёвыя з’явы. Часта яны па-дзіцячы рэзкія, а меркаванні дарослых успрымаюцца як умяшанне,— расказвае Іна Аляксандраўна
А яшчэ дабаўляе, што асаблівая непаўторнасць Аліны ў яе творчай натуры. Дзяўчына пастаянна наведвае музычную школу і Дом культуры ў Ружанах, прымае ўдзел у арганізацыі святочных канцэртаў. А яшчэ аказвае сур’ёзную дапамогу маці ў складанні сцэнарыяў розных прафілактычных мерапрыемстваў. Сенька пакуль яшчэ не вызначыўся з прыхільнасцямі, якія рэгулярна мяняе. Напрыклад, зараз захапляецца баянам і футболам. Быў момант, калі па яго просьбе ў і так немалую хатнюю гаспадарку ўключылі яшчэ і козачак. У Цёмы бязмежная любоў да мамы, але ўжо зараз заўважна яго схільнасць да вучобы. А Сашка — самы «бядовы», таму што малодшаму пакуль невядомы абавязкі і дазваляецца многае.
Такім чынам, кожнаму дзіцяці патрэбны свой псіхалагічны падыход, «сваё слова». І маці павінна знаходзіць такія магчымасці, а яшчэ і час на выхаванне.
— Нельга думаць пра стомленасць, пра мноства хатніх клопатаў, калі дачцэ і сынам патрэбна мая ўвага. І калі я не знайду час іх выслухаць, то яны будуць дзяліцца набалелым з іншымі людзьмі. На першым месцы бацькі павінны слухаць і чуць дзяцей, каб потым не сумаваць па страчаных магчымасцях.
Службовыя абавязкі ў сямейны распарадак уносяць значныя карэктывы. Часта мама едзе на працу, калі дзеці яшчэ спяць, і прыязджае — яны бачаць ужо «другі сон». Шматдзетнай работніцы РАНС штотыднёва прызначаецца «бацькоўскі дзень», які для ўсіх становіцца сапраўдным святам, таму што больш часу праводзяць разам. Аднак, як сцвярджае Іна Аляксандраўна, трэба мець толькі жаданне падтрымліваць шчыльныя сямейныя вузы. І ўсё атрымаецца, як гэта прынята ў сям’і Хаваўка. Ёсць вольны час — ладзяць сумесныя мерапрыемствы. У прыватнасці, з выездам у розныя гарады Беларусі, дзе бачаць шмат новага і незвычайнага. Таксама ёсць і нямала сямейных свят, сярод якіх самае заветнае — Новы год. А яшчэ, безумоўна, дні нараджэнняў, асабістыя дасягненні дзяцей і іншае. Таксама сумесна Хаваўкі любяць кулінарыць, асабліва любімую страву — піцу, гатоўка якой яднае ўсіх за адным вялікім сталом. А потым — прагляд, таксама сумесны, фільмаў, мульцікаў, пазнавальных перадач.
Але не толькі святы і забавы ладзяць разам. Усе дружна займаюцца і хатнімі справамі, асабліва гаспадаркай, дзе нямала ўсялякай птушкі, яшчэ агароды. Як падкрэслівае маці, нікога прымушаць не трэба, здараецца, што меншых стрымліваюць, каб не траўмавалі сябе.
Такой атмасферы сямейнага аднадушша, эмацыянальнага яднання і ўсеагульнай падтрымкі нават па-добраму пазайздросціў. Чаму ж шматдзетных сем’яў усё-такі не пераважная большасць? Такое пытанне адрасаваў Іне Аляксандраўне.
— Кажуць, што стрымлівае фінансавы цяжар, а яшчэ невыносныя клопаты і нагрузка. Так сцвярджаюць «тэарэтыкі», а я як практык паспрачаюся. Фінансы? Калі не ўмееш імі распараджацца, то і мільёнаў не хопіць. У нас хапае і на адзенне з абуткам, і на закупку школьных прылад, і на ежу. Дазваляем сабе і розныя пакупкі. З прадуктамі таксама няма праблем, хаця купляем вялікімі ўпакоўкамі.
На думку шматдзетнай маці Іны Хаваўкі, да ўсялякіх жыццёвых клопатаў можна прывыкнуць. Складана толькі прывучыць сябе да адказнасці, якая ў мамы, што гадуе 4-х, 5-х і больш дзяцей, значна ўзрастае. Таму не ўсе рызыкнуць ускласці на сябе такі цяжар, справіцца з ім. Толькі ж і «прыз» атрымаеш адпаведны: акрамя росту дапамогі ў такім жа парадку, павялічваецца і радасць — чатыры і больш разоў убачыць першыя крокі, пачуць слова «мама», паганарыцца за высокія адзнакі, перамогі ў спорце і іншых захапленнях. А потым дачакацца цэлай арміі ўнукаў, для якіх стаць самай любімай бабуляй.
Нездарма ў народзе яшчэ пра сям’ю кажуць, што без дзетак жыць, як кветкі без паху атрымліваць. А калі штодня дома цэлая аранжарэя?
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік
