Выступленне Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі на пленарным пасяджэнні сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у Ерэване
Паважаныя члены Савета калектыўнай бяспекі! Паважаны, Нікол Ваваевіч (Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. — Заўвага)!
Беларусь прымае старшынства ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў перыяд сістэмнага крызісу міжнародных адносін. Відавочна беспрэцэдэнтнае абвастрэнне ваенна-палітычнай абстаноўкі на Еўразійскім кантыненце, далейшая палярызацыя падыходаў да пытання аб новым сусветным парадку.
Краіны Захаду настойліва спрабуюць вярнуцца да аднапалярнага светаўладкавання, навязваючы свае правілы гульні. На змену нормам міжнароднага права прыйшоў дыктат сілы і практыка санкцыйнага пакарання «непакорных» краін. Чаго толькі варты бесперапынны санкцыйны прэсінг супраць Беларусі і Расіі.
Бягучы крызіс архітэктуры міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі непасрэдна ўплывае і на нашу арганізацыю, АДКБ, якая зведвае ўздзеянне разнапланавых выклікаў і пагроз — як транснацыянальнага характару, так і звязаных з міждзяржаўнымі супярэчнасцямі. Гэта сучасныя геапалітычныя рэаліі, у якіх вымушана існаваць АДКБ і на якія ёй неабходна рэагаваць. Прычым як на ўнутраным, так і на знешнім контурах.
Ва ўмовах, якія складваюцца, бачым наступныя асноватворныя мэты ў ходзе беларускага старшынства. Так прынята па нашым рэгламенце — краіна, якая ўступае ў старшынства, схематычна абмалёўвае свае прыярытэты на наступны год.
На ўнутраным контуры — павышэнне з’яднанасці дзяржаў — членаў АДКБ. Гэта асноўныя мэты: павышэнне з’яднанасці нашай, зніжэнне ўзроўню напружанасці і ўрэгуляванне супярэчнасцей паміж імі ў мэтах умацавання самой арганізацыі, забеспячэння бяспекі і стабільнасці ў зоне яе адказнасці.
Ведаеце, мы пра гэта вельмі шмат гаварылі. Многае, што абмяркоўвалі, вядома, не падлягае абвяшчэнню. Але я чалавек ужо вопытны і не малады ў гэтым плане палітык. Упершыню вось такая была такая сумленная і адкрытая размова. І вось Нікол Ваваевіч сказаў, што мы па 15 пунктах дасягнулі дамоўленасці. Адзін пункт, які мы доўга ўзгаднялі (МЗС нашы прапанавалі папраўкі, нашы армянскія сябры), мы яго вырашылі сёння не прымаць, не паглыбляцца. Але ўпершыню мы дамовіліся аб тым (і быў канкрэтны рух у гэтым напрамку), што ёсць агульныя падыходы, каб прыйсці да згоды. І як мы ўсе зразумелі па цяперашнім старшынствуючым, гэты канфлікт армяна-азербайджанскі, калі так вось будзем дзейнічаць, як сёння абмяркоўвалі мы, ён скончыцца і будзе заключаны мірны дагавор. Я, напрыклад, гэта з натхненнем успрымаю. Калі Нікол Ваваевіч маўчыць, значыць, ён таксама згодны, што я толькі што сказаў. Вось бачыце, згодны.
Гэта што датычыцца нашага ўнутранага контуру. Ёсць у нас і іншыя недахопы і іншыя канфлікты, якія мы павінны вырашыць. І там, як сказаў Эмамалі Шарыпавіч (Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. — Заўвага) сёння, ёсць вельмі сур’ёзны рух наперад з Прэзідэнтам Кыргызстана. Нам трэба зняць гэтыя канфлікты, калі мы хочам быць сапраўднай, адказнай арганізацыяй. Калі мы не можам у сваім коле вырашыць гэтыя пытанні і рушыць наперад, тады я згодны з вамі: на што мы тады здольныя? Таму ёсць вельмі сур’ёзныя крокі наперад у гэтым напрамку.
На знешнім контуры мэты — узмацненне ролі і значнасці АДКБ у сістэме міжнародных адносін. А таксама комплексная адпаведнасць дзейнасці арганізацыі кантэксту рэгіянальнай і глабальнай бяспекі. Тлумачу: не вельмі ўжо хочуць нас успрымаць, асабліва асноўныя нашы, скажам так, сапернікі — натаўцы. Што мы ні прапаноўвалі б асобна краінам — членам НАТА, калектыўнаму Захаду, яны дыстанцыруюцца ад нас. Але зрухі вельмі сур’ёзныя ў рамках ШАС, СНД. Ды ўжо нас заўважаюць кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў. Няхай спачатку называюць нас нейкімі «папяровымі тыграмі», але калі заўважылі, значыць, мы існуём. І ў гэтым напрамку нам трэба будзе рухацца.
У сувязі з гэтым прапаную правесці беларускае старшынства ў АДКБ пад дэвізам «Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі». І вызначыць наступныя прыярытэтныя напрамкі.
Першае. Урэгуляванне крызісных сітуацый і недапушчэнне далейшай дэстабілізацыі ў зоне адказнасці АДКБ — гэта павінна заставацца ў цэнтры нашай увагі (я толькі што гаварыў: тут вельмі сур’ёзныя зрухі). Падзеі студзеня гэтага года ў Казахстане, канфлікт ва Украіне, сітуацыя на армяна-азербайджанскай і кыргызска-таджыкскай граніцах наглядна пацвярджаюць жыццёвую важнасць гэтага тэзіса. Нам усім патрэбны мір! І як мы ўсе абсалютна аднагалосна заявілі, вайна нікому не патрэбна!
Беларускае старшынства прыкладзе ўсе магчымыя дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на дээскалацыю напружанасці, змяншэнне канфліктнага патэнцыялу, а таксама на павышэнне ўзроўню ўзаемнага даверу праз сумесныя дзеянні дзяржаў — членаў АДКБ. Гэта дасць магчымасць зафіксаваць лідзіруючую ролю арганізацыі ў пытаннях забеспячэння і ўмацавання рэгіянальнай бяспекі ў зоне нашай адказнасці. Нашы сумесныя намаганні павінны аказваць дабратворны ўплыў і на сітуацыю ў зоне адказнасці АДКБ, у тым ліку ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне.
У мэтах эфектыўнага рэагавання на шырокі спектр крызісных сітуацый, якія ўзнікаюць у зоне адказнасці арганізацыі, мы маем намер сканцэнтраваць намаганні на ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы арганізацыі і нацыянальных прававых актаў. Гэта павінна забяспечыць аператыўнае прыняцце рашэнняў на прымяненне сіл і сродкаў калектыўнай бяспекі. Асобную ўвагу плануецца ўдзяліць спрошчанай працэдуры транзіту кантынгентаў з узбраеннем і ваеннай тэхнікай праз тэрыторыі дзяржаў-членаў.
Мы ўжо на вопыце пераканаліся. Былі ў нас падзеі, і мы на працягу, Уладзімір Уладзіміравіч (Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. — Заўвага), па-мойму, суткамі мы там узгаднялі, як перакінуць нашы сілы туды і назад. Гэта ненармальна. Ненармальна, калі ідзе абвастрэнне, ледзь не ваенны канфлікт, а мы суткамі гэта ўсё ўзгадняем. Таму трэба тут нам больш аператыўна дзейнічаць. Аператыўнасць у перакідцы войскаў з’яўляецца залогам поспеху любой ваеннай або міратворчай аперацыі.
Далейшага развіцця і павышэння эфектыўнасці прымянення патрабуюць антыкрызісныя механізмы, якія не прадугледжваюць задзейнічання сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі. Механізмы без ваеннай сілы. Пакуль у нас не да канца адпрацавана пытанне выкарыстання гібкага «палітычнага» інструментарыя або, калі хочаце, так званай мяккай сілы (прынята так гаварыць), якую актыўна выкарыстоўваюць краіны Захаду — механізмаў кансультацый, маніторынгу, назірання на месцах.
У мэтах павышэння зладжанасці, умацавання міжведамаснага ўзаемадзеяння дзяржаў — членаў АДКБ у сферы процідзеяння транснацыянальным выклікам і пагрозам бяспецы, маем намер ініцыяваць правядзенне ў Мінску шэрага мерапрыемстваў па лініі адказнасці профільных ведамстваў дзяржаў — членаў з магчымым запрашэннем прадстаўнікоў іншых зацікаўленых краін і спецыялізаваных міжнародных арганізацый. Не трэба адразу там да НАТА бегчы і іншае. Патроху трэба іх выцягваць да нас на мерапрыемствы: захочуць — прыедуць, не захочуць — гасподзь з імі. У гэтым напрамку пакрыху, напэўна, нам трэба рухацца.
Спектр пытанняў: барацьба з фэйкамі, дэзынфармацыяй, сумеснае рэагаванне на кіберінцыдэнты, абарона тэрыторый краін АДКБ ад нелегальнага ўвозу наркотыкаў, міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне абароны крытычнай інфраструктуры, уключаючы ядзерныя аб’екты, біялагічную бяспеку. У кантэксце ўсё большай актуальнасці праблематыкі біялагічнай бяспекі прапануем правесці ў Беларусі пасяджэнне адпаведнага Каардынацыйнага савета ўпаўнаважаных органаў дзяржаў — членаў арганізацыі.
Ведаеце, я вось гавару пра біялагічную бяспеку і правядзенне ў Мінску адпаведнага мерапрыемства, але нам трэба ўсё ж такі шчыра адзін аднаму сказаць. Часта мы гаворым, Уладзімір Уладзіміравіч, пра біялагічныя лабараторыі. Па-мойму, толькі ў нас і ў вас іх няма, але на тэрыторыі некаторых дзяржаў АДКБ яны існуюць. Таму трэба ў Мінску нам абмеркаваць і неяк дамовіцца па гэтым пытанні, інакш гэта будзе чарговая гаварыльня. Гэта ж не жарт — біялагічная бяспека. Агітуем адзін аднаго, а ў некаторых краінах гэтыя амерыканскія або іншых краін лабараторыі існуюць. Гэтак, як ва Украіне — некалькі іх выявілі.
Другое. Эфектыўнае пазіцыянаванне АДКБ у сістэме міжнародных адносін праз развіццё супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і трэцімі краінамі з’яўляецца ключавым фактарам уключанасці нашай арганізацыі ў самыя актуальныя праблемы міжнароднага парадку дня. Арганізацыя павінна знаходзіцца «на перадавой» міжнароднага жыцця і адпавядаць выклікам рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, якія пастаянна мяняюцца.
Шырокае абмеркаванне міжнароднага парадку дня ў разрэзе інтарэсаў АДКБ на палях міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па праблематыцы еўразійскай бяспекі з запрашэннем вышэйшых службовых асоб сакратарыятаў ААН, ШАС, СНД, іншых міжнародных арганізацый. Мерапрыемства плануем правесці ў Мінску ў наступным годзе. Калі вы згадзіцеся.
Канферэнцыя прызначана падкрэсліць ролю і месца АДКБ у рэгіянальнай і глабальнай бяспецы, міралюбівы фактар нашага аб’яднання, яго арыенцір на стварэнне неабходных ваенна-палітычных умоў для эфектыўнага вырашэння ўстойлівага развіцця. Мерапрыемства таксама ўзмоцніць падтрымку пазіцый дзяржаў-аднадумцаў у барацьбе супраць палітыкі аднабаковых прымусовых санкцый на міжнародным узроўні.
Умацаванню пазіцый арганізацыі на міжнароднай арэне будзе садзейнічаць пашырэнне партнёрскіх сувязей з глабальнымі ігракамі, такімі як, напрыклад, Кітай. Чаму б не? У гэтых мэтах беларускае старшынства мае намер ініцыяваць «Стратэгічны дыялог АДКБ-КНР» (магчыма, Індыя, яшчэ… Прапрацуем) шляхам арганізацыі ў Беларусі сустрэч прадстаўнікоў міністэрстваў замежных спраў, абароны, апаратаў саветаў бяспекі дзяржаў — членаў АДКБ і адпаведных дзяржаў. Як Кітай, дапусцім.
Трэцяе. Ваенны складнік АДКБ з’яўляецца неад’емным кампанентам арганізацыі, вакол якога яна, уласна, і стваралася 20 гадоў таму. Прыярытэтнымі задачамі ў гэтай сферы мы бачым павышэнне гатоўнасці кампанентаў войскаў АДКБ да выканання задач па прызначэнні, а таксама ўмацаванне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва дзяржаў-членаў.
Паспяховае выкананне пастаўленых задач войскамі арганізацыі звязана з іх усебаковай падрыхтоўкай і аснашчэннем сучасным узбраеннем і спецыяльнай тэхнікай. Ведаеце, сорамна нават пра гэта гаварыць. Гэту праблему трэба вырашыць раз і назаўсёды на працягу года. Скінуцца ўжо — гэтыя капейкі — і ўзброіць нашых хлопцаў, якіх мы задзейнічаем у міратворчых і іншых місіях. І паказаць, што мы не горш за натаўцаў можам забяспечыць сваіх людзей.
У гэтых мэтах на тэрыторыі Беларусі ў 2023 годзе будзе спланаваны і праведзены шэраг сумесных вучэнняў з органамі кіравання і фарміраваннямі сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі.
Развіццё кааліцыйнага ваенна-тэхнічнага складніка ў многім залежыць ад правядзення дзяржавамі — членамі арганізацыі скаардынаванай ваенна-тэхнічнай палітыкі.
У нас назапашаны сур’ёзны вопыт з Расійскай Федэрацыяй (не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло) па інтэнсіфікацыі ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і стварэнні звычайных і найноўшых сістэм узбраення. Падключайцеся, вы ж не чужыя.
Беларускае старшынства мае намер удзяліць асаблівую ўвагу актывізацыі намаганняў па выпрацоўцы адзіных падыходаў у галіне стандартызацыі і каталагізацыі абароннай прадукцыі і развіцці кааперацыі прадпрыемстваў у выпуску перспектыўнай прадукцыі ваеннага прызначэння. Што мы і робім, Уладзімір Уладзіміравіч, цяпер па кааперацыі з Расіяй. Усё гэта ў будучым павінна забяспечыць сумесную распрацоўку і вытворчасць сучасных узораў узбраенняў і ваеннай тэхнікі. І як паказвае канфлікт ва Украіне, не трэба забываць старыя нашы ўзбраенні. «Грады», «Смерчы», «Ураганы» і іншыя — зброя яшчэ тая.
Чацвёртае. На сустрэчы лідараў дзяржаў — членаў АДКБ 16 мая ў Маскве я гаварыў аб важнасці аналітыка-прагнознага складніка ў дзейнасці арганізацыі. Таму мы маем намер зрабіць акцэнт на нарошчванні інстытуцыянальнага патэнцыялу АДКБ у інфармацыйна-аналітычнай сферы. Бачым у гэтым залог якаснага ўзмацнення арганізацыі і больш эфектыўнага рэагавання на выклікі і пагрозы бяспецы, што ўзнікаюць.
Пры гэтым я, зачытваючы гэты пункт, думаю аб інфармацыйна-псіхалагічных аперацыях, на якія цяпер у інфармацыйнай вайне робіць стаўку Захад, і перш за ўсё НАТА, на тэрыторыі Украіны. Мы вельмі добра гэта бачым і займаемся. Думаю, і Расійская Федэрацыя. Нам трэба гэта ўмець рабіць, каб рэагаваць на іх выпады. Таму што там фэйкі, фэйкі, пачынаючы ад гэтай Бучы і заканчваючы падзеямі апошняга часу. Інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі сталі накшталт ваенных аперацый. Да гэтага трэба быць гатовымі.
Канкрэтным практычным укладам у рэалізацыю гэтай задачы стане фарміраванне сеткі нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў дзяржаў-членаў. Гэта дасць магчымасць аб’яднаць навукова-экспертны патэнцыял нашых краін у імя забеспячэння міру і бяспекі. Бачым у гэтым важны інструмент пры падрыхтоўцы канцэптуальных і стратэгічных дакументаў у нашай арганізацыі па актуальных пытаннях міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.
Беларускі бок прапануе правесці ў Мінску ў 2023 годзе сустрэчу кіраўнікоў нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў дзяржаў — членаў АДКБ для арганізацыі сістэмнай работы ў гэтым напрамку. Мы з Расіяй правялі ўжо некалькі такіх мерапрыемстваў. Дарэчы, па іх ініцыятыве. І гэта вельмі добра ўспрынята экспертнай супольнасцю.
Немалаважным кампанентам таксама з’яўляецца медыйнае пазіцыянаванне АДКБ, у тым ліку — прысутнасць у замежных СМІ. Лічым, што наспела неабходнасць не толькі актывізацыі інфармацыйнай работы, але і выпрацоўкі новых падыходаў. Думаю, тут асноўную ролю павінна адыграць Расія з тым магутным апаратам сродкаў масавай інфармацыі. У іх, вядома, магчымасцей тут больш.
Паважаныя калегі!
Я прадставіў толькі асноўныя элементы нашага бачання сумеснай работы ў ходзе беларускага старшынства ў АДКБ. Я выкладаў пытанні, наколькі яны магчымыя да прапрацоўкі і прыняцця намі. У нас жа кансэнсусам прымаюцца ўсе рашэнні. Таму можна было тут выкласці вялікую праграму. Але пытанне ў тым, ці зможам мы, зыходзячы са сваіх уласных нацыянальных інтарэсаў, узгадніць гэтыя канцэпцыі.
Зразумела, што нейкія пазіцыі будуць карэкціравацца з улікам абстаноўкі, якая мяняецца як унутры арганізацыі, так і вакол яе. Нешта з названага з’яўляецца новым. Нешта, як кажуць, добра забытым старым. Разам з тым нам трэба рухацца далей у імя працвітання і бяспекі нашых народаў.
Безумоўна, што рэалізацыя абазначаных прапаноў магчыма толькі пры ўмове падтрымкі ўсіх дзяржаў — членаў АДКБ. Адкрыта скажу — мы на гэта разлічваем.
Ведаеце, апошнім часам у сродках масавай інфармацыі (гэта будзе развівацца — тэзіс) — жыццё, лёс АДКБ залежаць ад аперацыі Расійскай Федэрацыі ва Украіне. Калі Расія пераможа — АДКБ будзе жыць, калі, не дай бог, не пераможа — АДКБ існаваць не будзе. І ў нашых краінах таксама многія гарачыя галовы пачалі абмяркоўваць гэту праблему.
Адчуваю, што мы прыйшлі да адзінага меркавання, што калі, не дай бог, рухне Расія, то пад гэтымі абломкамі наша месца.
Таму мы не толькі адзін аднаго павінны абараняць, але разумець (як заўсёды мы ў звычайны час гаварылі): «Расія, Расія, галоўная яе роля…» Дык вось не павінна нават быць такіх размоў. Мы не збіраемся з ваенна-палітычнай арэны сыходзіць. АДКБ будзе існаваць, і ніхто нідзе не рухне. Але адзінства нам патрэбна.
Са свайго боку Беларусь прыкладзе максімум намаганняў для таго, каб яе ініцыятывы і прапановы садзейнічалі далейшаму развіццю арганізацыі, павышэнню эфектыўнасці ўсіх яе механізмаў, а таксама пайшлі на карысць нашым дзяржавам.
Дзякую за ўвагу!