Не так даўно мы расказвалі пра тое, што ў ДЮСШ № 1 з’явіўся банер з фотаздымкамі ўраджэнцаў Пружаншчыны Андрэя Літвіновіча і Анатоля Хоміча — спартсменаў, якія сваімі дасягненнямі праслаўляюць раён на міжнародным узроўні. І вось чарговая выдатная навіна. Дакладней, адразу чатыры! Менавіта столькі ўзнагарод найвышэйшай пробы заваяваў Андрэй Літвіновіч на Міжнародных спартыўных гульнях «Дзеці Азіі».
І адразу расставім кропкі над «і»: не блытаць з зімовымі гульнямі «Дзеці Азіі». Апошнія прайшлі толькі двойчы, і якраз на другіх бронзавы медаль заваяваў былы выхаванец СДЮШАР № 2, фігурыст Васіль Барахоўскі. Летнія ж «Дзеці Азіі» сёлета прымаў расійскі Якуцк, і праходзілі спаборніцтвы ўжо ў восьмы раз.
Як заўсёды, насычанай была праграма спаборніцтваў лёгкаатлетаў. Так, у апошні дзень чэрвеня адбыліся індывідуальныя забегі. У гэты дзень нашаму земляку Андрэю Літвіновічу не было роўных у бегу на 400 метраў. Спартсмен паказаў вынік 50,80 секунд, што на чатыры сотыя лепш за яго ранейшы асабісты рэкорд, і атрымаў упэўненую перамогу.
У аўторак, 2 ліпеня, бегуноў чакалі эстафетныя дыстанцыі. Наш Андрэй, а таксама Іван Шылец, Ілья Карэба і Ягор Берашко абаранялі гонар Беларусі ў забегу 4х100 метраў. Беларуская каманда прыбегла да фінішу першай! Сам жа Андрэй пераадолеў гэтую дыстанцыю за 43,69 секунды, запісаўшы ў свой актыў ужо другое золата «Дзяцей Азіі».
Сімвалічна, што самым паспяховым для нашага земляка стаў заключны дзень спаборніцтваў лёгкаатлетаў, які выпаў на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У мінулую сераду бегуноў ізноў чакалі эстафеты, праўда, ужо 4х400 метраў. На гэты раз ураджэнец Пружаншчыны выйшаў на дарожку разам з Ягорам Берашко, Кірылам Яшчуком і Станіславам Стэмасавым. На фінішы хлопцы паказалі час у 3.27,05 мінуты, што дазволіла ім узняцца на першую прыступку п’едэстала.
— 400 метраў — гэта, можна сказаць, мая асноўная дыстанцыя. Яна мне вельмі падабаецца і бегчы яе люблю, таму асаблівага хвалявання не было. Сам стараўся падтрымліваць каманду, трэнеры, у сваю чаргу, падтрымлівалі мяне. Мабыць, таму і ўдалося заваяваць камандную ўзнагароду, — падзяліўся Андрэй Літвіновіч эмоцыямі пасля забегу.
Завяршылася праграма спаборніцтваў лёгкаатлетаў «эстафетамі сяброўства». Падчас іх у адну каманду збіраліся спартсмены з розных зборных. У забегу сярод юнакоў Андрэй Літвіновіч, кампанію якому па квартэце склалі хлопцы з Расіі і Казахстана, заваяваў золата!
Нагадаем, што Андрэй Літвіновіч зараз з’яўляецца спартсменам-навучэнцам Брэсцкага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву. Свой спартыўны шлях у мінулым вучань Шаняўской СШ імя М. Засіма пачынаў у ДЮСШ № 1 г. Пружаны пад кіраўніцтвам трэнера Сяргея Чайкоўскага.
Чатыры залатыя ўзнагароды «Дзяцей Азіі» — не першыя медалі міжнароднага ўзроўню для Андрэя Літвіновіча. У мінулым годзе ён стаў бронзавым прызёрам ІІ Гульняў краін СНД і абсалютным пераможцам 66-га Міжнароднага турніру па лёгкай атлетыцы памяці Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Дзмітрыя Карбышава.
Віншуем, ганарымся земляком і чакаем новых, не менш яркіх навін!
Уладзіслаў Шпарла
Фота Нацыянальнага Алімпійскага камітэта