Понедельник, 2 декабря 2024

Час збірацца ў школу! Расказваем, дзе можна набыць усё неабходнае і калі ў Пружанах пройдуць школьныя кірмашы

685

Навучальны год не за гарамі. І надыходзячы жнівень для школьнікаў і іх бацькоў — таксама гарачая пара. Трэба закупіцца ўсім неабходным: канцылярскімі таварамі, школьнай формай, партфелямі — усім тым, што дапаможа дзецям зрабіць працэс вучобы зручным.

Зразумела, што ў «Дзіцячы свеце» і шэрагу іншых магазінаў ёсць у наяўнасці школьная форма і ўся «канцылярка». Але для зручнасці пакупнікоў з 2 жніўня на Савецкай з‘явіцца вялікая палатка, у якой будуць прадавацца школьныя тавары.

— На дадзены момант тэндэнцыя вялікіх школьных кірмашоў сыходзіць у мінулае, бо ўсю неабходную прадукцыю да навучальнага года можна купіць і ў інтэрнэце, і ў шматлікіх нехарчовых стацыянарных крамах, — адзначыла Інэса Шука, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама. — Тым не менш для тых, хто прывык да традыцыйнага абслугоўвання, 14 жніўня на вуліцы Савецкай, а 21 жніўня — на рынкавай плошчы па вуліцы Горына-Каляды ў Пружанах будуць арганізаваны школьныя кірмашы, дзе можна будзе закупіцца адначасова ўсім неабходным.

Што тычыцца менавіта школьнай формы, то райспажыўтаварыства ўжо сёння гатова прапанаваць цалкам увесь асартымент. А паколькі няма магчымасці выставіць у продаж усю лінейку памераў, кааператары працуюць з вытворцамі школьнай формы і прымаюць заяўкі ад насельніцтва раёна. Пры неабходнасці з заяўкай можна звярнуцца ў наступныя магазіны: «Дзіцячы свет» (г. Пружаны, вул. Савецкая, 11), «Прамтавары» (в. Новыя Засімавічы, г.п. Шарашэва, г.п.Ружаны, аг. Лінова, аг.Клепачы).

У цэлым можна адзначыць, што крамы горада і раёна цалкам падрыхтаваліся да павышанага пакупніцкага попыту на пэўныя тавары перад новым навучальным годам і ніводны школьнік не застанецца без зручнай школьнай формы і канцылярскіх прылад.

Вольга Вадзяновіч. Фота аўтара