
На базе гарадскога Палаца культуры ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама напярэдадні летніх канікулаў быў праведзены маладзёжны кірмаш вакансій.
Мерапрыемства пачалося з музычнага выступлення агітбрыгады Пружанскага каледжа, якая змагла падарыць прысутным зарад станоўчай энергіі, што адбілася на іх актыўным удзеле ў падзеі.
Галоўная ж мэта падобных кірмашоў — садзейнічанне ў праца-ўладкаванні выпускнікоў навучальных устаноў і вучнёўскай моладзі ў вольны час. У мерапрыемстве прынялі ўдзел мноства арганізацый і прадпрыемстваў раёна, прадстаўнікі якіх давалі разгорнуты адказ на ўсе пытанні маладых людзей.
Паўдзельнічалі ў кірмашы і прадстаўнікі раённага камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», у якіх можна было пацікавіцца наконт работы студэнцкіх атрадаў і даведацца падрабязную інфармацыю аб гэтым напрамку. У сваю чаргу, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне падрыхтавала інфармацыйны матэрыял, у якім можна было атрымаць каштоўныя звесткі па пытаннях працаўладкавання непаўналетніх і азнаёміцца з прафесіяграмай.
Канешне, на мерапрыемстве не абышлося і без прадстаўнікоў навучальных устаноў, сярод якіх былі УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» і УА «Баранавіцкі тэхналагічны каледж» Белкаапсаюза. Прысутная моладзь цікавілася наконт крытэрыяў паступлення, наяўных спецыяльнасцей, тэрмінаў навучання і многага іншага.
Дарэчы, наведалі кірмаш вакансій каля 200 чалавек з розных навучальных устаноў нашага раёна. Падзея паказала, што моладзь актыўна задумваецца пра далейшую занятасць, шукае шляхі самарэалізацыі і імкнецца да развіцця. Такія мерапрыемствы дапамагаюць будучым выпускнікам пашырыць кругагляд і зрабіць свядомы крок да прафесійнага выбару.
А што думаюць самі ўдзельнікі кірмашу?
Варвара Якімава, СШ №3:
— Лічу, што такія мерапрыемствы карысныя для тых, хто яшчэ не вызначыўся з выбарам прафесіі. Арганізатары пастараліся і зрабілі ўсё магчымае, каб прысутным было камфортна і цікава. Сама ж заканчваю дзявяты клас і ўжо дакладна вызначылася, куды хачу паступаць — у Ваўкавыскі каледж на спецыяльнасць «Дызайн (графічны)».
Міхаіл Шопік, СШ №5:
— Планую паступаць у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт на аграмеханічны факультэт. Мерапрыемства мне здалося вельмі карысным, за гэты прамежак часу, што знаходзіўся тут, здолеў даведацца аб некаторых правах, прапісаных у Працоўным кодэксе і аб тым, куды можна ўладкавацца працаваць падчас летніх канікулаў.
Кацярына Мардань, Параслянская СШ:
— Ужо вызначылася, з якім напрамкам дзейнасці хачу звязаць сваё жыццё. Мне падабаюцца такія прадметы, як матэматыка і фізіка, таму планую паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасць «Інфармацыйная бяспека». Што ж тычыцца летніх канікулаў, то я запісалася ў працоўны лагер і буду работаць на карысць сваёй школы.
Захар Ізбіцкі, гімназія:
— Лічу, што кірмаш вельмі інфарматыўны для навучэнцаў розных класаў. Бо падчас мерапрыемства можна даведацца шмат новага аб рабоце розных арганізацый, прадпрыемстваў, а таксама аб тым, куды неабходна паступаць, каб набыць тую ці іншую прафесію. Я навучаюся ў дзявятым класе і планую застацца ў школе да адзінаццатага. Пакуль яшчэ дакладна не вырашыў, кім хачу стаць. Адзін з варыянтаў — гэта звязаць сваё жыццё з праграміраваннем.
Руслан БАСАК. Фота Кацярыны МАСІК
