Снежань — час, калі ўсё навокал ахінае навагодняя атмасфера. Пануе яна і ў басейне Воднага палаца. На цудоўнай ёлачцы сярод мноства ўпрыгожанняў заўважаю секундамер. Сапраўды, якое важнае значэнне мае час для ўсіх нас, а ў спорце і, безумоўна, у плаванні, гэта адчуваецца па-асабліваму.

Адлік сяброўства нашых герояў са спортам пачаўся не адзін год таму. У кожнага — свая гісторыя, але адна мэта — станавіцца лепшым і пакараць новыя вяршыні. Гаворка пра Цімура Дакімовіча і Яўгена Бойку, выхаванцаў аддзялення плавання пружанскай СДЮШАР № 2, і іх трэнера Сяргея Каляду. Гэтыя імёны не раз з’яўляліся і, упэўнены, будуць і далей з’яўляцца ў нашай газеце. Вось і нядаўна падапечныя Сяргея Аляксандравіча сталі пераможцамі міжнароднага турніру па плаванні «Кубак #1рэгіёна», які праходзіў у Брэсце.
Удар мячом прывёў… у басейн

Здаецца, да заняткаў у басейне Цімура Дакімовіча падштурхоўвала само жыццё. Калі яму споўнілася пяць гадоў, бацькі вырашылі: час аддаць у нейкую секцыю. Далі права выбару. Так Цімур стаў займацца таэквандо, а праз год вырашыў пераключыцца на футбол.
— У гэтым відзе спорту пабыў зусім нядоўга, усяго… тры дні. На трэніроўцы мяч прыляцеў прама ў галаву і я неяк адразу прыняў рашэнне пакінуць секцыю. Зацікавіла плаванне, прыйшоў да Сяргея Аляксандравіча і, ведаеце, гэты від спорту зацягнуў, — расказвае 11-гадовы спартсмен.
Вельмі хутка атрымаў свае першыя дыпломы на спаборніцтвах, што праходзілі ў родным басейне. Цяпер яны займаюць пачэснае месца ў кутку з узнагародамі, які хлопец абсталяваў дома.
— Менавіта гэтыя дыпломы далі стымул не здавацца, удасканальваць свае вынікі, — тлумачыць юны спартсмен.
Сёння ў скарбонцы Цімура вялікая колькасць узнагарод рознага ўзроўню — ад міжнародных да раённых. Свой першы кубак заваяваў на «Дзіцячай лізе плавання», а спаборніцтвамі года стаў якраз «Кубак #1рэгіёна». Падчас яго выканаў другі дарослы разрад. Новая мэта — пакарыць першы. З міжнароднага турніру, дзе былі прадстаўлены беларускія і расійскія спартсмены, Цімур вярнуўся з чатырма ўзнагародамі. Усе дыстанцыі, на якіх заяўляўся, аказаліся для яго медальнымі. Вынікі — золата на 50 і 200 м брасам і 200 м батэрфляем, бронзавы медаль — на стаметроўцы брасам.

— Канкурэнцыя вельмі вялікая, таму, канечне, рады гэтым узнагародам, як і перамогам на любых турнірах, — кажа Цімур. — Матывуюць бацькі, сачу за выступленнямі вядомых беларускіх плыўцоў Ільі Шымановіча, Анастасіі Шкурдай, Улада Макарэвіча, італьянца Нікола Марцінэгі і венгра Крыстафа Мілака. Іх перамогі натхняюць, і хочацца ў нечым быць падобным да іх. У будучым хачу ўвайсці ў нацыянальную каманду і прадстаўляць краіну на самым высокім узроўні, — разважае Цімур Дакімовіч.
Яго «каронны» — кроль
Яўген Бойка свой «спартыўны таймер», можна сказаць, запусціў яшчэ ў басейне дзіцячага садка № 3 г. Пружаны. Тут і цяпер займаюцца, магчыма, будучыя зоркі сусветнага плавання.
Зараз Жэні 12, у яго другі дарослы разрад, а «стаж» у плаванні — больш за 6 гадоў. За гэты час былі ўзлёты і падзенні. Напрыклад, нядаўна выпаў з трэніровачнага працэсу з-за траўмы.
— Летась вельмі доўга хварэў, а пакуль аднаўляў здароўе, сапернікі трэніраваліся. Зараз наганяю ўпушчанае. Дапамагае ў гэтым трэнер, вельмі падтрымліваюць бацькі, — дзеліцца Жэня.
Яны ж былі з хлопцам і на міжнародных спаборніцтвах у Брэсце, перажывалі на трыбунах. Спартсмен пружанскай СДЮШАР змагаўся на дыстанцыях у 50, 100 і 200 метраў вольным стылем і ў двухсотцы на спіне. У выніку на «Кубку #1рэгіёна» ў Яўгена Бойкі дзве сярэбраныя ўзнагароды — на 200 м на спіне і вольным стылем.
Дарэчы, пра вольны стыль. У такіх заплывах Яўген Бойка выбірае кроль: яго лічыць каронным. Дакладней, кролевыя заплывы на 50, 100 і 200 м. Калі ж падводзім вынікі 2023-га, то ТОП-3 спаборніцтваў, дзе быў лепшым, у спартсмена выглядае так:
— На трэцяе месца паставіў бы «Старты надзей», прычым усе этапы ў розных гарадах Беларусі. «Кубак #1рэгіёна» — на другое, усё ж былі недахопы, якія перашкодзілі стаць чэмпіёнам. Ну, а на першае для сябе выдзеліў «Дзіцячую лігу плавання».
Мэта Жэні, як і ў Цімура, — стаць членам нацыянальнай каманды і абараняць гонар краіны на самых буйных стартах. На пытанне, кім бачаць сябе гадоў праз 10, хлопцы адказваюць: чэмпіёнамі сусветнага ўзроўню. Не вельмі сціпла? Але ж мары і мэты, асабліва ў пераднавагодні час, трэба прагаворваць услых, каб яны абавязкова сталі рэальнасцю, праўда?!
«Калі дзеці гатовы працаваць, я гатовы ім дапамагчы»
Гэтага тэзісу прытрымліваецца трэнер Сяргей Каляда. Акрамя фізпадрыхтоўкі, вялікае значэнне ён надае псіхалагічнай — эмацыйнаму стану спартсмена, які ў многім вызначае, ці паспяхова той пакажа сябе. А яшчэ вучыць, што адпачынак не менш важны за трэніроўкі, а спартсмен і трэнер, перш за ўсё, павінны быць адпачыўшымі.
У Водным палацы Сяргей Аляксандравіч працуе з 2015 года. Выпускнік БДУФК нейкі час займаўся грузаперавозкамі. Аднойчы ўзнікла прапанова паспрабаваць сябе ў трэнерскай рабоце. «Прыйшоў, захапіўся і нават не мог уявіць, што зацягне настолькі», — прызнаецца ён.
Зараз двое былых выхаванцаў СДЮШАР № 2 — у зборнай камандзе Беларусі, трое — аўтары рэкордаў краіны. У бліжэйшых планах трэнера — перадаць у вучылішча алімпійскай падрыхтоўкі ці цэнтр
алімпійскага рэзерву Вікторыю Шут. Ёй да звання кандыдата ў майстры спорту не хапіла ўсяго 0,3 сек. Вынікамі на «Кубку #1рэгіёна» трэнер задаволены.

— У турніры ўдзельнічалі чатыры мае спартсмены. Усе паказалі асабістыя рэкорды. Цімур у свае 11 выканаў другі дарослы разрад, праплыўшы пяцідзесяціметроўку брасам за 36,89 секунд. Хутка ў хлопцаў — першынство краіны ў праграме «Вясёлы дэльфін», там можна будзе ўбачыць канкурэнтаў, паглядзець, на каго і на што арыентавацца. Жэню і Цімура вельмі хачу бачыць у чэмпіёнах і прызёрах «Стартаў надзей», каб яны трапілі ў каманду першага рэгіёна, а пасля — у нацыянальную зборную, — дзеліцца Сяргей.
Дарэчы, пра «Старты надзей». 10 дзён таму выхаванка трэнера Каляды Арыядна Варыцкая заваявала золата на дыстанцыі 200 м батэрфляем на заключным, 9-м этапе спаборніцтваў у Баранавічах. Па выніках усіх этапаў набрала 880 ачкоў і стала чэмпіёнкай абласнога турніра. Плыўчыха атрымала кубак, дыплом і грашовы прыз. Сяргей Аляксандравіч кажа, што дзяўчынка выдатна паказвае сябе, у планах — далейшая падрыхтоўка і далучэнне да вядомых беларускіх спартсменаў.
Дзе ж знайсці таленты? Хтосьці прыходзіць сам, кагосьці прыводзяць бацькі, але выдатна дапамагае ў гэтым спартыўны клас. Тры гады таму ён пачаў работу на базе СШ № 3, у ім жа вучацца Арыядна і Яўген. Для дзяцей — двухразовае харчаванне ў школе і рэгулярныя трэніроўкі з чаргаваннем басейна, залы і трэнажоркі — у апошнюю стараюцца хадзіць двойчы-тройчы на тыдзень. Напачатку месяца, калі выпаў снег, паспелі пакатацца на лыжах. Летам і на канікулах — спартыўна-трэніровачны лагер, дзе праводзяць не адну, а дзве трэніроўкі. Што да ўдзелу ў шматлікіх турнірах, Сяргей удзячны кіраўніцтву спартшколы за разуменне, дапамогу і выдзяленне сродкаў.
Пра вынікі спартсменаў і трэнера ў раёне ведаюць. Учора, 22 снежня, яны разам узняліся на сцэну падчас цырымоніі «Дараванне», каб атрымаць узнагароды за перамогі на міжнародных і рэспубліканскіх турнірах.
— Гэта не проста прыемная падзея, а стымул рухацца далей, — кажа Сяргей Аляксандравіч. — І далей — больш, як часта гавару. Час не хочацца марнаваць упустую. Дзеці вераць у мяне, а я — у іх. Калі яны гатовы працаваць, то я гатовы ім дапамагчы. Дай Бог, каб было больш таленавітых дзяцей і зацікаўленых бацькоў, тады ў нас усё абавязкова атрымаецца. Умовы створаны выдатныя, пружанскі басейн з лёгкасцю можа прымаць спаборніцтвы нават міжнароднага ўзроўню. Упэўнены: нашы выхаванцы не раз стануць чэмпіёнамі самых розных стартаў, але і я, як трэнер, і мае калегі стараемся перадаць ім не толькі веды і навыкі. Перш за ўсё, імкнёмся, каб нашы плыўцы сталі добрымі людзьмі, за якіх не было б сорамна ні трэнерам, ні бацькам, якімі б ганарыліся і якіх паважалі б.
Уладзіслаў Шпарла.