Среда, 21 февраля 2024

Чарговы этап «Дзіцячай лігі плавання» стаў медальным для пружанскіх плыўцоў!

219

Нашы плыўцы пасля навагодніх канікул уключыліся ў сезон актыўных трэніровак і ўдзелу ў спаборніцтвах рознага ўзроўню. Удалым для выхаванцаў СДЮШАР № 2 стаў 2-гі этап адкрытага рэспубліканскага турніру па плаванні «Дзіцячая ліга плавання».

Гэты этап спаборніцтваў прымаў басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Брэсце. Традыцыйна ўдзельнікамі «Дзіцячай лігі плавання» з’яўляюцца плыўцы з розных рэгіёнаў Беларусі.

Пружанцы выступалі на розных дыстанцыях і здолелі добра заявіць пра сябе. Так падапечны трэнера Сяргея Каляды Цімур Дакімовіч папоўніў асабістую медальную скарбонку яшчэ 5 узнагародамі. Тры з іх — сярэбраныя, за 50 м батэрфляем і брасам і стаметроўку комплексным плаваннем. Яшчэ адзін «трафей» — кубак за 2 месца ў мнагаборстве. І, нарэшце, самая прыемная для спартсмена ўзнагарода — золата на дыстанцыі 200 метраў брасам.

Арыядна Варыцкая, якую таксама трэніруе Сяргей Аляксандравіч, падымалася на п’едэстал спаборніцтваў чатыры разы, прычым тройчы — як бронзавы прызёр. Гаворка тут пра заплывы на 50 метраў батэрфляем, комплекс стаметроўкай і «двухсотку» на спіне.

Ганарацца ў школе выступленнем у Брэсце Варвары Лукуць (на здымку разам з трэнерам Паўлам Баранам). Плыўчыха добра справілася з пяцідзесяціметроўкамі. У выніку ў заплыве вольным стылем у яе — залатая ўзнагарода, на такой жа дыстанцыі на спіне — сярэбраная.

Абсалютная чэмпіёнка чарговага этапу «Дзіцячай лігі плавання» — і Кацярына Салапонава, выхаванка трэнера Крысціны Міраноўскай. Гэтая спартсменка заваявала залаты медаль пасля заплываў на 50 м брасам. А вось Меланія Гарус на гэтай жа дыстанцыі стала трэцяй. Займаецца Меланія пад кіраўніцтвам Крысціны Ліцкевіч.

Наступны, трэці этап «Дзіцячай лігі плавання», пройдзе, як мяркуецца, у Мінску ў сакавіку. Многа стартаў і да гэтага, таму плённых трэніровак і паспяховых выступленняў плыўцам.

Уладзіслаў Шпарла.

Фота Кацярыны Масік