Вторник, 8 октября 2024

Чарговую мірную гадавіну Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адзначылі Пружаны (+многа фота)

428

Характэрна, што краіна адзначае гэтае свята менавіта ў дзень вызвалення нашай сталіцы — горада-героя Мінска — ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Заўважце, зыходнай кропкай нашай сучаснай незалежнасці мы лічым не той факт, калі распаўся Савецкі Саюз і кожнай з пятнаццаці рэспублік-сясцёр, якія разам і ўтваралі СССР, далі столькі незалежнасці, колькі яны змаглі вынесці. Беларусы ж прынялі рашэнне святкаваць наша галоўнае свята з таго часу, калі мы скінулі ярмо фашызму з шыі нашай сінявокай Беларусі.

Ускладанне вянкоў і кветак. Мітынг на плошчы


Святочны дзень у Пружанах пачаўся з ускладання вянкоў і кветак да помнікаў і абеліскаў горада.

З самай раніцы вянкі і кветкі усклалі да падножжаў помніка «Спаленым вёскам», памятнага знака воінам 3-га гвардзейскага стралковага корпуса, помніка ахвярам халакосту, помніка ў скверы Гудзімава і іншых.

На гарадскіх могілках, дзе ў брацкай магіле пахаваны загінулыя ў баях за вызваленне Пружан ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбыўся невялікі мітынг. Тут былі ўскладзены вянкі і кветкі ад Пружанскага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, райваенкамата, раённага аб’яднання прафсаюзаў і іншых арганізацый горада. Памяць ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі мінутай маўчання. Былі і словы падзякі за подзвіг, памяць аб якім мы пранясём у сваіх сэрцах і перададзім нашым нашчадкам.

На цэнтральнай плошчы каля райвыканкама адбыўся ўрачысты мітынг. Пасля ўсеагульнага выканання Дзяржаўнага гімна да прысутных з віншавальнымі словамі звярнуўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Да мікрафона з віншаваннямі таксама падыходзілі старшыня раённага аб’яднання ГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» малочнага камбіната Яўген Бондар.

Самыя цёплыя словы гучалі ў адрас нашых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, іх у нас засталося вельмі мала, і з кожным годам шэрагі герояў радзеюць. Эстафета памяці перадаецца ветэранам працы, воінам-інтэрнацыяналістам, маладому пакаленню.

Старасць мяне дома не застане

Святочныя мерапрыемствы перамясціліся ў гарадскі парк.

Тут на стадыёне майстар-клас запалу з энергіяй паказвалі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Самай старэйшай з іх — Галіне Канстанцінаўне Немцавай — споўнілася 95 гадоў. Дарэчы, Галіна Канстанцінаўна прысутнічала на мітынгу, затым сваёй хадой накіравалася на стадыён, каб там прайсці ўжо скандынаўскай. Адкрыў спаборніцтвы галоўны спецыяліст па фізічнай культуры, спорце і турызме райвыканкама Аляксей Лапыка, які пажадаў усім моцнага здароўя і павіншаваў са святам.

Кіраўнік фізкультурных гурткоў ТЦСАН Алена Астапчык правяла з нашымі паважанымі жанчынамі размінку і дала старт хадзьбе. Пасля вялікага круга зрабілі меншы і дружна фінішавалі.

Затым Аляксей Лапыка ўручыў дыпломы ўсім удзельніцам спартыўнага мерапрыемства.

Спаборнічалі юныя краязнаўцы

У парку тры каманды навучэнцаў — з СШ №1, СШ №3 і СШ №5 г. Пружаны — спаборнічалі ў квэсце «Таямніцы майго горада».

Арганізатарам гэтага краязнаўчага квэста выступіў райкам ГА «БРСМ» сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.

Удзельнікам трэба было пабываць на знакавых аб’ектах горада і выканаць пэўныя заданні. Хутчэй за ўсіх справіліся вучні СШ №3. Ім першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук уручыла дыпломы і салодкі прыз.

Па дарогах гісторыі адправіліся ўдзельнікі велаквэста, таксама арганізаванага райкамам ГА «БРСМ». Хлопцы і дзяўчаты з Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа на веласіпедах праехалі па гістарычных кропках нашага горада, усклалі кветкі на брацкай магіле на гарадскіх могілках.

У большасці сельсаветаў таксама прайшлі аўта- і велапрабегі.

Крыху пазней у амфітэатры гарадскога парку моладзь разам з удзельнікамі клуба танцавальнага фітнесу «НичеGO лишнеGO» з Ліноўскага СДК і яго кіраўніком Вольгай Ільіч паўдзельнічалі ў майстар-класе па завадной і такой рытмічнай зумбе.

Святкавалі, гулялі, спявалі пружанцы

Вечарам пружанцаў і гасцей нашага горада на плошчы каля Палаца культуры сабрала канцэртная праграма «Родны куточак, мая Беларусь».

Тут артысты дарылі ўсім вакальныя і харэаграфічныя нумары, гучала музыка ў выкананні аркестра.

Напрыканцы святочнага дня ўсе з пачуццём гонару і вялікай радасцю паўдзельнічалі ў акцыі «Праспяваем гімн разам».

Завяршылася свята дыскатэкай.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік і аўтара

Вялікія альбомы са свята глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_294320148 і https://ok.ru/budni/album/963996361608