Воскресенье, 20 апреля 2025

Чарговае пасяджэнне камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва

348

Чарговае пасяджэнне пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва прайшло 10 кастрычніка.

Нагадаем чытачам, што дзейнасць камісіі накіравана на рэалізацыю Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва».

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец адзначыў, што работа камісіі накіравана на максімальнае садзейнічанне занятасці ўключаных у базу дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы.

Пачынаючы з верасня 2023 года, камісіяй адпрацоўвалася база дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы ў 2 квартале 2023 года.

Непрацуючыя грамадзяне інфармаваліся пра ўключэнне іх у базу дадзеных, запрашаліся на пасяджэнне камісіі, накіроўваліся ў аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама для аказання садзейнічання занятасці. Пра гэта паведаміла сакратар камісіі па садзейнічанні занятасці Алена Гардзіенка.

На падставе дакументаў, пададзеных грамадзянамі, камісіяй былі прыняты рашэнні аб прызнанні занятымі ў эканоміцы 35-ці грамадзян, якія падцвердзілі занятасць на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза (а гэта, нагадаем, Рэспуб-ліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кыргызская Рэспубліка і Расійская Федэрацыя). Дванаццаці грамадзянам было адмоўлена ў прызнанні занятымі, таму што яны працуюць у Польшчы, Літве, Латвіі і іншых краінах Еўрапейскага саюза.

Камісія нагадвае, што аплата паслуг па гарачым вода- і цеплазабеспячэнні па поўных тарыфах у 5,1 раза вышэй, чым па субсідзіраваным тарыфе, а аплата паслуг па газазабеспячэнні — у 2,8 раза вышэй.

Для незанятых асоб прадугледжаны розныя меры садзейнічання занятасці: працаўладкаванне на маючыя вакансіі, магчымасць прафесійнай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, садзейнічанне ў прад-прымальніцкай дзейнасці і іншае.

Для аказання садзейнічання непрацуючыя грамадзяне могуць звяртацца ў адзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па адрасе: г. Пружаны, вул. Чырвонаармейская, 78, кабінет 102.

Віктар Ільюшчанка