Працягваем пільна сачыць за ходам пасяўной кампаніі 2024 года ў нашым раёне. Як там пажываюць нашы працавітыя аграрыі, ці ўсё ў іх атрымліваецца, ці задаволены ўмовамі працы? Як і заўсёды, шчыра працуюць, спраўляюцца з любымі цяжкасцямі, вераць у свае сілы і спадзяюцца на нябесную канцылярыю. На панядзелак бягучага тыдня амаль скончылі сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых (без кукурузы, грэчкі і проса) — 98%. Традыцыйна чатыры гаспадаркі раёна ААТ «Агра-Калядзічы», «Шані-аграпрадукт», «Мурава» і «Велікасельскае Агра» пачалі сеяць цукровыя буракі.
Усяго пад салодкія караняплоды на Пружаншчыне адведзена 1300 га. А так як усталявалася даволі спрыяльнае надвор’е ў апошнія дні, то і стараюцца сельскія працаўнікі хутчэй закласці насенне цукровых буракоў у зямлю, пакуль у ёй ёсць вільгаць.
Па гэтай жа прычыне, са слоў галоўнага агранома ААТ «Велікасельскае Агра» Сяргея Капіцы, сяўбу караняплодаў пачынаюць у сем гадзін раніцы. Цёплыя дні даюць магчымасць спадзявацца на добрыя ўсходы і багаты ўраджай.
Пры плане ў 350 га ў сельгаставарыстве на 8 красавіка засеялі 94 га (27%). На палетку каля аг. Стараволя ў 190 га пасля перадпасяўной падрыхтоўкі глебы магутным трактарам «FENDT» на пачатку тыдня сяўба праводзілася дзвюма адзінкамі айчыннай тэхнікі «Беларус 82.1». Трактары хадзілі не паасобку, а адзін каля другога, што ў будучым дазволіць больш эфектыўна праводзіць хімпраполку цукровых буракоў, бо радкі паміж сабой размеркаваны на аднолькавай адлегласці па ўсім палетку. А іх у адзін бок высявалася дваццаць чатыры. Норма высеву — 110 тыс. штук насення на адзін гектар.
Што да сартоў цукровых буракоў, то ў ААТ «Велікасельскае Агра» сёлета плануецца пасеяць 5 гібрыдаў. Першым быў высеяны «молі», на чарзе «брава», «чарльстон», «тарэра» і «лімузін». Менавіта ў такім парадку, па групе хуткаспеласці і наборы цукрыстасці.
Пра які адпачынак вясной можна гаварыць у адносінах да сельскіх працаўнікоў? Спакой цяпер ім толькі сніцца! Але, як падаецца, лепш ужо быць пры справе і кожны дзень, чым ляжаць на канапе і думаць, што дабрабыт сам да цябе прыйдзе. Працай і жывы чалавек.
Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік