Пачалася чарговая падпісная кампанія, ужо на першае паўгоддзе 2023 года. І шэраг жыхароў Пружанскага раёна, свядома ці несвядома, задаюць сабе пытанне: «Для чаго выпісваць «раёнку»?».
Сапраўды, інфармацыйных крыніц цяпер хапае. Нехта слухае навіны па радыё ў аўтамабілі, другія глядзяць тэлевізар, трэція карыстаюцца інтэрнэтам. Хаця сцвярджаецца, што гэтыя сродкі масавай інфармацыі расказваюць пра падзеі ў свеце, хапае там і навін пра наш рэгіён. Цікавых, аператыўных, карысных і гэтак далей. Вось толькі такі фармат прадугледжвае кароткія апавяданні — падзею ці факт. «Пружанскі завод радыёдэталяў наладзіў выпуск новай прадукцыі», «У Пружанах прайшоў кірмаш», «Аграрыі ААТ «Жураўлінае» адзначылі свой юбілей»… Такія нядаўнія навіны, напэўна, ужо бачылі. А вось тым, хто жадае даведацца пра падрабязнасці, пабачыць знаёмых, якія прымалі непасрэдны ўдзел у фарміраванні гэтых навін, у інтэрнэце або па тэлевізары вельмі складана. ТАКУЮ МАГЧЫМАСЦЬ ДАЕ ТОЛЬКІ РАЁННАЯ ГАЗЕТА.
Ёсць нямала падпісчыкаў, якія аддаюць перавагу «раёнцы», як кажуць, «па традыцыі». І ў гэтым ёсць рацыя, але не ў звычцы, а таму, што РАЗАМ З ГАЗЕТАЙ МОЖНА ЎСПОМНІЦЬ БЫЛОЕ. Як адзначалі розныя святы 30, 40 і больш гадоў таму? Якім чынам змяняліся нашы населеныя пункты? З якімі выдатнымі людзьмі давялося разам працаваць? У свой час размаўляў з састарэлай жыхаркай в. Сланімцы: бабуля ўжо дрэнна бачыць і не можа чытаць, але ўсё роўна працягвае выпісваць «раёнку», якую ёй чытаюць суседзі.
А яшчэ некаторыя задаюць сабе вышэйзгаданае пытанне з пункту гледжання фінансавых меркаванняў. Сапраўды, тыя грошы, што давядзецца заплаціць за падпіску, можна выдаткаваць на іншыя мэты. Аднак і тут ёсць прастора для рацыянальнага разважання.
Поўны кошт падпіскі на месяц складае 13 руб. 19 кап., толькі на суботу — 11,20, ільготная прапанова для пенсіянераў, інвалідаў і шматдзетных сем’яў — 12,80. Гэта выдаткі на цэлы месяц. Паспрабуем параўнаць, на што хопіць зэканомленых грошаў. Можна набыць 10 батонаў, 6 баначак смятаны або столькі ж бутэлек малака. Таксама можна купіць 6-7 боханаў або нарэзаных палавінак хлеба, кілаграм каўбасы або дзясятак кіло бульбы. Відавочна, што на месяц гэтых запасаў не хопіць. За два дні з’ясі каўбасу, тыдзень паеў таўканіцу, а на сняданак на працягу таго ж часу прыгатаваў пару бутэрбродаў з маслам. І ўсё — эканомія скончылася. А потым трэба сядаць і тэлефанаваць сяброўкам, якія ўсё-такі вырашылі падпісацца на «раёнку», а значыць, ведаюць, што адбываецца на Пружаншчыне. А да таго ж суседка, брат ці калега па рабоце атрымаюць дадатковую магчымасць зэканоміць. Той, хто выпісаў газету на месяц, атрымае магчымасць звярнуцца ў рэдакцыю з прыватнай аб’явай. Атрымліваецца дадатковая эканомія: аб‘ява ў тры радкі каштуе 5,5 руб. А тыя, хто выпісаў на квартал ці паўгоддзе, яшчэ змогуць даць і віншаванне. Бясплатна, хаця ў сярэднім такая паслуга каштуе 15,5 руб. ПАДЛІЧЫМ, КОЛЬКІ ЯНЫ ЗЭКАНОМЯЦЬ?
У дадатак для нашых адданых чытачоў мы па традыцыі рыхтуем прыемныя сюрпрызы. У прыватнасці, з першым нумарам 2023 года падпісчыкі атрымаюць каляровы насценны каляндар, які «Раённыя будні» ўжо рыхтуюць разам з ААТ «Мурава». А яшчэ даволі смачныя і карысныя падарункі — разам з ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс». Гэта яшчэ сакрэт, але крыху адкрыем тайну. Да канца снежня і на працягу студзеня ў кожным суботнім выпуску (з нумара за 9 снежня) будуць друкавацца фрагменты карцінкі, якую трэба будзе скласці. Нашы заўзятыя чытачы знаёмы з такім выпрабаваннем, аднак мы сёлета яго ўскладнім. Разам са складзенымі карцінкамі чакаем творчых пажаданняў, крэатыўных прапаноў наконт таго, на што павінна звярнуць увагу «раёнка», якім чынам ёй далей расці і развівацца разам з Пружаншчынай, з якімі праблемамі змагацца сумесна. І ТЫМ, ХТО ПАДЫДЗЕ ДА НАШАЙ ПРОСЬБЫ АДКАЗНА, ПАКІНЕ СЛУШНУЮ ПРАПАНОВУ, РЭДАКЦЫЯ «РАЁННЫХ БУДНЯЎ» АБАВЯЗКОВА АДДЗЯЧЫЦЬ. Як і раскажа пра сваіх дарадчыкаў на старонках будучых газетных выпускаў.
Дык вось, ці трэба задаваць сабе гэтае пытанне? Знайдзіце правільны адказ, пра які потым не пашкадуеце.
З павагай, ваша «раёнка»