Нямала чуем разважанняў наконт пераваг жыцця ў горадзе перад вясковым. Напэўна, у гэтым ёсць рацыя: большая добраўпарадкаванасць жылля, напрыклад, або даступнасць аб‘ектаў інфраструктуры, чым не могуць пахваліцца аддаленыя населеныя пункты. Але ж ёсць моманты, якія прыцягальнасць гарадскога жыцця зніжаюць. Маецца на ўвазе парадак у раёнах шматпавярховай забудовы.
Нямала чуем разважанняў наконт пераваг жыцця ў горадзе перад вясковым. Напэўна, у гэтым ёсць рацыя: большая добраўпарадкаванасць жылля, напрыклад, або даступнасць аб‘ектаў інфраструктуры, чым не могуць пахваліцца аддаленыя населеныя пункты. Але ж ёсць моманты, якія прыцягальнасць гарадскога жыцця зніжаюць. Маецца на ўвазе парадак у раёнах шматпавярховай забудовы.
Звярніце ўвагу, у той частцы райцэнтра, буйных населеных пунктаў, дзе пераважае прыватны сектар — катэджная забудова, за рэдкім выключэннем, падтрымліваецца чысціня. Безумоўна, ёсць і там праблемныя адрасы, якія дастаўляюць нямала клопату суседзям і адказным службам. Аднак пераважная большасць уладальнікаў сядзібных дамоў наводзіць парадак не толькі на сваім участку, але і перад плотам, уздоўж вуліцы.
А вось у мікрараёнах, дзе пераважаюць пяці- ці дзевяціпавярхоўкі, сітуацыя адрозніваецца радыкальна. Наадварот, чысты, дагледжаны двор у такой забудове — хутчэй выключэнне, чым правіла. Звычайна са смеццем, таксама як і з апалым лісцем, снегам тут змагаецца толькі камунальная служба. Прычына ў тым, што жыхары шматкватэрных дамоў лічаць сваёй тэрыторыяй толькі тую, што называецца «жылплошчай». А ўсё, што прымыкае да яе, агульнае, а значыць… нічыйнае.
У гэтым пастулаце мы пераканаліся ўвачавідкі, калі разам з супрацоўнікамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праехалі па вуліцах г. Пружаны і в. Слабудка. Асаблівую ўвагу звярталі на наяўнасць пляцовак па зборы смецця і іх стан. Па шэрагу месцаў нараканняў у інспектараў не было, але ж некаторыя «карцінкі» выклікалі абурэнні.

Вось, напрыклад, у Слабудцы, па вул. Армейскай, каля дамоў № 8 і 9, ёсць пляцоўка з кантэйнерамі пад адходы. Аднак жыхары навакольных дамоў вырашылі, што і тэрыторыя навокал таксама падыходзіць пад тыя ж патрэбы. У выніку ўтварылася стыхійная смеццязвалка.
— Безумоўна, для жыхароў шматпавярховак утылізацыя буйнагабарытных прадметаў з’яўляецца праблемай, — паведамляе начальнік інспекцыі Вольга Дрозд. — Аднак праблема тут хутчэй у саміх людзях: можна патэлефанаваць у «Камунальнік» і заказаць тэхніку канкрэтна пад вываз такіх прадметаў. Але ж гэта трэба падстройвацца пад распарадак камунальшчыкаў, а ад канапы хочацца пазбавіцца менавіта зараз.
Таксама на стыхійнай звалцы нямала такога смецця, якое можна было б спаліць або закласці ў кампост. Аднак гэта зноў жа патрабуе нейкіх намаганняў. Навошка, калі можна проста складзіраваць ля кантэйнераў пустазелле з агарода — і нічога табе за гэта не будзе. Будзе толькі камунальшчыкам, якія не праявілі разваротлівасці і не вывезлі смецце своечасова.
Хаця, улічваючы наш «менталітэт», вялікага сэнсу караць службу саначысткі за праявы людской неахайнасці Вольга Міхайлаўна не бачыць. Інспекцыя абмяжоўваецца рэкамендацыямі выправіць недахоп у вызначаныя тэрміны.

Падобнае адбываецца і на некаторых гарадскіх вуліцах. Вось кантэйнерная пляцоўка гаражнага кааператыва па вул. Заводскай. Смецце накрыў снег, а гэта значыць, што камунальшчыкі «праспалі». Аднак ніхто не дасць гарантыі, што пасля навядзення парадку тут хаця б пару дзён застанецца чысціня. Як і на вул. Інтэрнацыянальнай, дзе не ўсе жыхары навакольных дамоў могуць «дацягнуцца» да верху кантэйнераў. А таму кідаюць смецце побач з імі.

І мала хто задумваецца, што чысціня на пляцоўках па зборы смецця — не толькі прыгажосць. Гэта яшчэ і бяспека, бо дзе ёсць гнілыя прадукты і іншыя адходы, там і пацукі, якія могуць стаць крыніцай небяспечных хвароб. А значыць, ствараецца пагроза і ты, хто гэтае смецце раскідвае. Няўжо не задумваліся, навошта пілаваць сук, на якім сядзіш?..
Алег Сідарэнка. Фота раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродззя