Ад пільнага вока мясцовых жыхароў нікуды не схаваешся. Гэта датычыцца ў тым ліку і месцаў для выгулу сабак, калі гаворка ідзе пра бяспеку навакольных.
Аматары-сабакаводы добра ведаюць аб правілах утрымання і выгулу гадаванцаў у гарадскім асяроддзі. У першую чаргу прагулкі павінны быць бяспечнымі, а ў другую — ужо прыемнымі.
Даведачна:
Правілы ўтрымання хатніх жывёл гавораць, што выгульваць сабак варта ў месцах, спецыяльна адведзеных для гэтых мэт мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, і абавязкова на кароткім павадку і ў намордніку. Выключэнне — шчаняты ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўныя пароды ростам да 25 сантыметраў у карку, якіх можна выводзіць на павадку без намордніка.
Забаронена наведваць з гадаванцамі магазіны, прадпрыемствы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, школы і дзіцячыя сады, грамадскія будынкі, паркі, скверы, стадыёны, рынкі, а таксама жывёлагадоўчыя фермы. Нельга выгульваць сабак на прыдамавых тэрыторыях, а з патэнцыйна небяспечнымі пародамі на вуліцы павінны знаходзіцца толькі паўналетнія.
У большасці сваёй сабакаводы выконваюць усе патрабаванні, бо ведаюць пра магчымасць пакарання. Але як быць з месцамі для выгулу сабак, калі яны знаходзяцца ў гаротным стане? Хто будзе несці адказнасць, калі сабака вырвецца за іх межы?
З ліста ў рэдакцыю:
— На вул. Інтэрнацыянальнай, адразу за ЦЭЦ, ёсць спецыяльна адве-дзенае месца для выгулу сабак. Да «Вытокаў» сетку пафарбавалі, а залатаць дзіркі забыліся. У нас у горадзе ўсяго тры такія месцы, яшчэ на вул. Юбілейнай каля дома №12 і на вул.8 Сакавіка, проста каля дарогі, і ўсе тры даўно прыйшлі ў непрыдатнасць. Мой сабака, сярэдняга росту, лёгка пралазіць праз дзіркі ў сетцы, і хто будзе потым адказваць, калі ён напалохае прахожых або пачне рыкаць на дзіця, а можа быць і яшчэ горш. Можа, мясцовыя ўлады звернуць на гэта ўвагу?
Усё правільна, ніхто ж не ведае, як павядзе сябе нават самая ласкавая жывёла па-за домам, калі раптам спалохаецца або ўбачыць пагрозу. Каб дасягнуць мэты, сабака можа нават пераскочыць праз нізкую агароджу. Мы праехаліся па ўсіх трох кропках: сеткі парваныя, у некаторых месцах правісаюць амаль да нізу, прылады для сабак у выглядзе брусаў ледзь трымаюцца, дрэва прагніло, трава не скошана, увогуле, малюнак не для вачэй абывацеля.
Як у народзе кажуць: «Пакуль гром не грымне…» На самай справе вырашэнне пытання не патрабуе адкладаў, інакш наступствы могуць быць вельмі трагічнымі. Сітуацыю пракаментаваў дырэктар КУВП «Камунальнік», у адказнасці якога знаходзяцца гэтыя аб’екты.
— Месцы для выгулу сабак ужо агледзены і ўзяты на кантроль, — паведаміў Сяргей Бабрук. На дадзены момант вядуцца падрыхтоўчыя работы для ўхілення ўсіх непаладак. У бліжэйшы час будуць закуплены ўсе неабходныя матэрыялы для замены на новыя. Рамонтныя работы будуць праведзены да канца бягучага года.
Спадзяёмся, што зусім хутка гаспадары чацвераногіх будуць выгульваць сваіх гадаванцаў без апаскі. А галоўнае — не ператвараць месцы для выгулу сабак у месцы распівання спіртных напояў і выгулу саміх сябе, беражліва ставіцца да месцаў агульнага карыстання, шанаваць і паважаць працу іншых людзей.
Ульяна Рысь.
Фота аўтара