Воскресенье, 20 апреля 2025

Чаму купальны сезон пачынаецца з трагедый?

433

Калі прааналізаваць тую падрыхтоўку да купальнага сезона, што праводзіцца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні, з прыцягненнем дзясяткаў адпаведных арганізацый, пачынаючы ад санітарнай і заканчваючы камунальнай службамі, то выконваемы аб’ём можна без перабольшвання назваць беспрэцэдэнтным.

Пра бяспеку клапоцяцца на дзяржаўным узроўні

Насамрэч, ні ў адной краіне свету такіх намаганняў не прымаюць. Недзе такую падрыхтоўку поўнасцю перадалі прыватным ініцыятарам, кожны з якіх па-свойму «бачыць» сітуацыю і выстройвае ўласныя задумкі. А потым уводзіць плату за рэалізаваны праект. У іншых проста не заўважаюць гэтую сферу, з-за чаго грамадзяне вырашаюць пытанне з адпачынкам ля вады самастойна. У якасці прыкладу прывяду Санкт-Пецярбург, дзе на 7 мільёнаў чалавек насельніцтва (па статыстыцы 2021 года) дзейнічае… адзін (!) вадаём, які афіцыйна прызнаны бяспечным для купання. Шэраг толькі пачалі рэканструяваць у сярэдзіне чэрвеня, на астатніх ніхто не займаўся даследаваннямі вады, добраўпарадкаваннем пляжнай зоны або ачысткай дна акваторыі для купання.

У Пружанскім раёне для насельніцтва, колькасць якога в 175 (!) разоў менш, чым у Піцеры, належным чынам падрыхтаваны і прымаюць адпачываючых 10 зон воднага адпачынку. Падрыхтоўка ўключае ў сябе стварэнне адпаведнай інфраструктуры на пляжы, абследаванне дна, на якім не павінна быць траўманебяспечных прадметаў. Гігіеністы правяраюць ваду на ўтрыманне шкодных рэчываў, апрацоўваюць прылеглую тэрыторыю ад кусачых насякомых. А яшчэ на вадаёмах працуюць стацыянарныя або ведамасныя выратавальныя пасты, матросы якіх маюць ратавальныя сродкі для розных надзвычайных сітуацый.

«Даведка «РБ»: Кожны год па ініцыятыве Міністэрства прыродных рэсурсаў праводзіцца конкурс на лепшае добраўпарадкаванне зон воднага адпачынку, у якім раней узнагароды абласнога і нават рэспубліканскага этапу атрымлівалі ААТ «Жураўлінае» — за возера ў аг. Клепачы, санаторый «Ружанскі» — за створаны на ўласнай тэрыторыі пляж. Сёлета такі конкурс таксама праводзіцца і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўжо атрымала альбомы ад кандыдатаў на перамогу.

Мы даўно прывыклі да такога сэрвісу, не ўспрымаючы яго, як нешта дзіўнае. Інакш гэта бачаць тыя, хто прыязджае да нас з Расіі. Гасцей вельмі здзіўляе падобны падыход, а яшчэ той кантроль, што наладжаны за месцамі для купання, дзякуючы чаму адпачываючыя бавяць вольны час спакойна.

Менавіта такія выказванні даводзілася чуць у гутарках з расіянамі на Паперні, на гарадскім возеры.

Калі самі людзі — без тармазоў

Ва ўсёй гэтай сітуацыі ёсць і свая «лыжка дзёгцю» і не адна, як у класічнай прымаўцы.

Па-першае, засмучае стаўленне нашых грамадзян да той работы, што выканалі іншыя падчас падрыхтоўкі да чарговага купальнага сезона. Адны лічаць, што маюць права пад’ехаць да вады на аўтамабілі ці матацыкле, не зважаючы на тое, што ствараюць рызыку забруджвання экалагічна чыстай тэрыторыі. Ды і колы транспарту шкодзяць пясчанаму пакрыццю пляжаў. Другія мяркуюць, што «бар на прыродзе» — гэта крута і можна распіваць спіртное там, дзе збіраюцца сем’і з малымі. Трэція імкнуцца паказаць сваю «ўдаласць» згінаючы турнікі, руйнуючы альтанкі…

Паводле інфармацыі ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, толькі з пачатку купальнага сезона 2024 года па вобласці ў месцах купальнага адпачынку супрацоўнікамі міліцыі выяўлена 232 адміністрацыйных правапарушэнняў, з якіх 87 фактаў распіцця спіртных, слабаалкагольных напояў ці піва, 128 парушэнняў Правілаў дарожнага руху.

Па-другое, насцярожвае тое, як самі грамадзяне ставяцца да ўласнай бяспекі. Сёлета па стане на 24 чэрвеня на Брэстчыне патанула 26 чалавек, з іх адно дзіця. Амаль усе трагічныя здарэнні адбыліся там, дзе купацца забаронена. Зразумела, што каля кожнага са шматлікіх неабследаваных вадаёмаў у раёне ахову не паставіш, нават штодзённы кантроль немагчыма наладзіць. Але і на інфармацыйныя папярэджанні людзям варта звяртаць увагу. У тых трагедыях, што адбыліся, вінаваты толькі пацярпелыя, а ў выпадках з дзецьмі — дарослыя.

У Пружанскім раёне «нелегальныя» пляжы добра вядомы — каля Шанёў, Руднікаў, Белавусаўшчыны, Калядзічаў і іншыя. Нярэдка туды заязджаюць супрацоўнікі міліцыі, што потым адлюстроўваецца ў статыстыцы па штрафах за купанне ў забароненых месцах. Але ж адсутнасць разумення небяспекі і бацькоўскага кантролю перашкаджаюць пераламіць сітуацыю са штогадовай гібеллю людзей на вадзе.

Апошняе засмучае больш за ўсё, таму што падобнае здараецца нават і на афіцыйна адкрытых пляжах. У чым мы пераканаліся падчас наведвання некаторых месцаў адпачынку разам са старшынёй раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Юрыем Амельянчуком і работнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Інай Хаваўка.

Матросам-выратавальнікам лясгаса, якія дзяжураць на возеры каля в. Носкі, у гэтым плане пашанцавала. Традыцыйна вадаём лічыцца «сямейным» з-з невялікай глыбіні. І тут звычайна парадак. Якраз у момант нашага прыезду адпачывала вялікая сям’я з Мінска, дзе за малымі назіралі бабуля і бацькі. Як расказвае матрос Пётр Клім, праблем не бывае нават у выхадныя дні, калі сюды прыязджае больш за дзясятак машын з жадаючымі пакупацца.

А вось на вадаёме каля аг. Кабылаўка не заўсёды «цішыня ды спакой». Як расказваюць дзяжурныя выратавальнікі Алік Паруліс і Віктар Кудравец, адпачывальнікі збіраюцца розныя. Возера карыстаецца попытам не толькі ў мясцовых жыхароў, часта прыязджаюць госці з Калядзічаў, Харавы і іншых блізкіх вёсак. Здараюцца выпадкі, калі матросам даводзіцца тлумачыць, чаму нельга распіваць спіртное, заязджаць на машыне да вады. Або адпраўляць падлеткаў, якія прыйшлі пакупацца без суправаджэння дарослых ці вырашылі паплаваць на камерах.

Такія ж сітуацыі бываюць і на гарадскім басейне, зона адпачынку якога істотна змянілася сёлета. У прыватнасці, цяпер на пляжы ўстаноўлена дзіцячая пляцоўка, нядаўна зманціравана вулічнае асвятленне, дабавіліся малыя архітэктурныя збудаванні. У момант нашага візіту дзяжурства тут неслі матросы Уладзімір Гардзіенка і Аляксандр Суравегін, якія пацвярджаюць меркаванне сваіх калег з Кабылаўкі. Больш за тое, засмучае рэакцыя бацькоў, не заўсёды адэкватная, калі ім нагадваюць пра неабходнасць кантраляваць паводзіны дзяцей: маўляў, гэта мая справа і яна вас не замінае. У выніку даводзіцца падчас масавых «заплываў» не пакідаць лодку, каб заварочваць тых, хто заплывае за буйкі.

Як дамагчыся парадку на пляжах?

Сітуацыя з паводзінамі грамадзян на вадаёмах вельмі складаная. Калі поўнасцю закрыць забароненыя вадаёмы немагчыма, то ў зонах афіцыйнага воднага адпачынку асноўны акцэнт робіцца на прафілактыку. Нашы суправаджаючыя Іна Хаваўка і Юрый Амельянчук праводзілі гутаркі з падлеткамі, бацькамі, рыбакамі, нават кампаніямі, якія бавілі час на беразе. Аднак адны папярэджанні без «пугі» дзейнічаюць слаба, таму што грамадзяне не бачаць выбару кшталту «не парушай правілы, а то…». Магчыма, варта хаця б матросам-выратавальнікам даць магчымасць выдаваць афіцыйныя папярэджанні з фіксацыяй парушальнікаў для наступнага ўнясення ў агульнарэспубліканскую базу адміністрацыйных правапарушэнняў. Пагроза пакарання, упэўнены, будзе стрымліваць многіх, работнікам пастоў не трэба будзе пераконваць тых, хто не ўмее адэкватна рэагаваць на клопат аб іх жа бяспецы. Вось тады можна будзе спадзявацца, што трагічных паведамленняў стане значна менш.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара