Среда, 19 февраля 2025

Чакаем свята ў прыгожым доме! Парады па стварэнню навагодняй атмасферы

367

Снежань… Свет зусім хутка перагарне апошнюю старонку календара 2022 года. Адчуваецца подых надыходзячага свята, якое аднолькава чакаюць і любяць дарослыя і дзеці. Але дванаццаты месяц заўсёды самы «гарачы». «Хвасты» на працы, шмат неадкладных спраў, пераднавагодняя мітусня… Да таго ж, суседскія вокны ўжо пачалі зіхацець гірляндамі. Здаецца, толькі ў вашым доме ўсё па-ранейшаму звыклае і шэрае. І што ж рабіць? Захоўваць спакой! У вырашэнні пытання дапаможа «раёнка». Мы прапануем вам карысныя парады і ідэі, дзякуючы якім вы з лёгкасцю створыце дома доўгачаканую атмасферу свята, чараўніцтва і ўтульнасці.

Пачнём з галоўнага — з ёлкі

2023 год пройдзепад знакам Чорнага Труса. У адпаведнасці з гэтым шэраг дызайнераў прапануе ставіць ёлку менавіта чорнага колеру… Мы лічым, што гэта занадта. Усё ж такі мімаволі ўсплываюць нядобрыя асацыяцыі, таму… пойдзем ад адваротнага. Чаму сімвал Новага года не можа быць белым? Тым больш што белы колер заўсёды бяспройгрышны варыянт. Такая ёлка будзе выглядаць эстэтычна і дакладна здзівіць вашых гасцей.

Калядны вянок? Зробім самастойна!

Пошук ідэальнага каляднага вянка — справа нялёгкая. Затое яго можна хутка зрабіць сваімі рукамі з даступных матэрыялаў. Выкарыстоўвайце яловыя галінкі для стварэння класічнага вянка або праявіце фантазію і абярыце нестандартныя матэрыялы. Напрыклад, можна купіць у кветкавай краме каласы і размясціць іх вакол металічнага абруча. Такі тонкі і зграбны вянок будзе выглядаць не менш стыльна, чым пышны яловы.

Свечкі — абавязковы элемент дэкору

Звычайныя свечкі цудоўна дапамогуць дадаць цяпло і святло ў ваш дом. Іх можна паставіць у цэнтры каляднага вянка, стварыўшы невялікую кампазіцыю, ці расставіць па кватэры. Асабліва эфектна выглядаюць свечкі ў залатым і срэбным колеры. Яны здольныя ўпрыгожыць нават самы непрыкметны інтэр’ер! Калі ёсць магчымасць, купіце дамоў пахучых свечак. Тонкія ноткі імбіру, рэзкай карыцы ці далікатнай ванілі ў кватэры дазволяць вам адчуць пах надыходзячага свята.

Не забудземся пра стол

Ужо зараз не рана пачынаць думаць пра тое, як будзе выглядаць ваш навагодні стол. Яшчэ ёсць час, каб набыць новы абрус, падабраць святочныя сурвэткі. Сямейныя крыштальныя келіхі, вялікія белыя талеркі — дастаньце з кухонных шаф усё самае лепшае. Зрабіць стол прыгожым таксама дапамогуць свечкі і ніткі штучнага жэмчугу, свабодна раскладзеныя паміж страў. Каласы, якія засталіся пасля вырабу каляднага вянка, можна выкарыстаць для афармлення святочнага стала і такім чынам вытрымаць адзіны стыль дэкору ў кватэры.

А вы ведалі што?

Упершыню прыбіраць навагоднюю ёлку пачалі ў Германіі. У 1513 годзе нямецкі рэфарматар Марцін Лютэр, вяртаючыся дадому напярэдадні Калядаў, быў зачараваны прыгажосцю зорак,

якія ўсыпалі купал неба так густа, што здавалася, быццам і кроны дрэў зіхацяць зорачкамі. Прыйшоўшы дамоў, ён паставіў на стол ёлку і ўпрыгожыў яе свечкамі, а на верхавіну паставіў зорку ў памяць аб зорцы Віфлеемскай, якая ўказала шлях да пячоры, дзе нарадзіўся Ісус.

Юлія Янушка