Вторник, 18 марта 2025

«Чакаем маладых і творчых»

372

Менавіта прыход моладзі ў сферу культуры дае надзею, што галіна будзе жыць у нашым грамадстве і знаходзіцца не на апошнім месцы.

На здымку: Ганна Баран і дырэктар гарадскога Палаца культуры Аксана Кавалевіч.

Напэўна, пералічваць праблемы напярэдадні прафесійнага свята работнікаў культуры не варта: тут хапае і прыемных падзей. Сярод іх — і штогадовы прыток маладых спецыялістаў, чым у тым ліку вызначаецца і гарадскі Палац культуры. Напрыклад, сёлета сюды прыйшла на працу яшчэ адна выпускніца мастацкай навучальнай установы — Ганна Баран. Дзяўчына працуе ў ГПК мастачкай і афармляе прыгожыя афішы, якія ўжо бачылі гараджане. На момант, калі ў Палац культуры завіталі карэспандэнты, яна працавала над аб’явай да творчага вечара Тамары Юшчук, які адбудзецца сёння.

Увогуле, як расказвае дырэктар гарадскога Палаца культуры Аксана Кавалевіч, кожны год шэрагі ўдзельнікаў мастацкіх калектываў установы папаўняюцца моладдзю.

— Летась да нас прыйшоў «духавік» Яраслаў Топчый, разам з якім выступленні народнага духавога аркестра сталі яшчэ больш яскравымі, — расказвае Аксана Вячаславаўна. — У прыватнасці, па яго ініцыятыве ладзяцца новыя праекты. Адзін з іх — творчы дуэт Яраслава Топчага (труба) і Віктара Матчэні (барытон-эўфоніум) ужо спадабаўся гледачам.

Творчых людзей Палац культуры прыцягвае той атмасферай, што пануе тут. Любы можа раскрыць свой талент і праявіць яго на радасць іншым. Вакал, харэаграфічныя танцы, тэатральная ці інструментальная творчасць, народная самадзейнасць. Пры гэтым выступаць можна не толькі для жыхароў Пружаншчыны: нярэдка нашы калектывы здзіўляюць жыхароў іншых рэгіёнаў і нават суседніх краін. Пружанскія артысты — частыя ўдзельнікі «Славянскага базару ў Віцебску», нядаўна пабывалі ў шэрагу гарадоў Расійскай Федэрацыі. Адусюль яны прывозяць калі не Гран-пры, то дыпломы, а таксама шмат захопленых водгукаў і просьбаў прыехаць зноў.

Так што перспектывы культурнага жыцця нашага рэгіёна бачацца выдатнымі. А гэта азначае чарговыя радасныя падзеі і навіны, з якімі работнікі культуры, у тым ліку і калектывы гарадскога Палаца культуры, абавязкова падзеляцца са сваімі гледачамі.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік