Воскресенье, 12 января 2025

Чаго і колькі прадалі? Падводзім вынікі апошняга ў гэтым сезоне свята-кірмаша

294

Для тых, хто не паспеў закупіць на зіму неабходную сельскагаспадарчую прадукцыю, 6 лістапада ў Пружанах наладзілі чарговы кірмаш. Фактычна ён падвёў вынікі восеньскага кірмашовага сезону ў раёне.

Па маштабе кірмаш быў значна меншым, чым нядаўняя «Пружанская восень», але, нягледзячы на кампактнасць размяшчэння, асартымент прадукцыі па-ранейшаму прадставілі годны. Бульба і капуста, морква, бурачкі і цыбуля, а таксама перац, памідоры з агуркамі, яблыкі, грушы, журавіны… Сельгасвытворцы, у тым ліку фермерскія гаспадаркі цэннікі выстаўлялі разумныя, садавіна і агародніна каштавалі ў асноўным танней, чым у магазінах.

У той жа час вялікіх закупак, наколькі было заўважна, большасць наведвальнікаў не рабіла. «Чаму»? — пацікавілася я ў жанчыны, якая купляла кілаграм морквы ды вілок капусты. «Ды зараз усю зіму неабходнае можна набыць. Навошта самому клапаціцца пра захоўванне агародніны?» — патлумачыла яна. «Сетачку бульбы на кірмашы набылі, а больш не мае сэнсу, бо халоднага склепа ў нас няма, пачне псавацца, — кажа другая гаспадыня. — Лепш праз месяц-другі, як гэтую з‘ямо, у магазіне яшчэ купім».

Больш значныя чэргі, чым па агародніну, збіраліся каля гандляроў збожжавымі культурамі. Падчас кірмашу сельгасвытворцамі было прададзена 6,4 тоны зерня.

Павышаны попыт назіраўся на мясныя вырабы ААТ «Ружаны-Агра» і ААТ «Жураўлінае». Гараджане і госці райцэнтра купілі ў палатках гэтых сельгаставарыстваў больш за 1,5 тоны паўфабрыкатаў!

Шмат было жадаючых набыць прадукцыю Пружанскага малочнага камбіната (тым больш што тут наладзілі дэгустацыю сыру, каб дапамагчы разабрацца ў смакавых перавагах шматлікіх яго гатункаў). Выручка «малочкі» ў гэты дзень склала 4,7 тысячы рублёў.

Ахвотна куплялі і яйкі: калейка пакупнікоў выстройвалася каля машыны Аранчыцкай птушкафабрыкі. А побач прадавалі мёд, саджанцы пладовых дрэў і дэкаратыўных насаджэнняў ды яшчэ шмат чаго.

Традыцыйна дапамагалі састарэлым грамадзянам валанцёры, працавала «сацыяльнае таксі».

На сцэне выступалі мастацкія калектывы, а над палаткамі прадпрыемстваў райспажыўтаварыства лунаў неверагодна смачны пах шашлыкоў. І нягледзячы на дажджлівы і пахмурны дзень, настрой у людзей быў кірмашовым, святочным.

Ірына Сядова. Фота аўтара і Уладзіслава Шпарлы

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_287822593