Пятница, 13 декабря 2024

Цэны на школьныя тавары выраслі. Падрыхтавацца да новага навучальнага года дапаможа прафсаюз

518

Як сведчаць вынікі прафсаюзнага маніторынгу цэн на ўвесь асартымент школьных тавараў, экіпіроўка школьнікаў у 2021 годзе вырасла ў цане. Маніторынг праводзіўся ў гандлёвых аб’ектах як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці па ўсёй краіне.

Спецыялісты, якія рабілі дэталёвы аналіз кожнай групы тавараў з разліку попыту вучняў малодшых і старэйшых класаў, адзначаюць, што кошт вопраткі, абутку, канцылярскіх прылад у рэгіёнах краіны значна адрозніваецца.

Напрыклад, даражэй усяго абыдзецца школьны набор для хлопчыкаў малодшага ўзросту ў Мінскай вобласці – звыш 760 рублёў, а для дзяўчынак з Брэсцкай вобласці – амаль 600 рублёў. Танней аказаліся зборы ў школу для дзяцей з Гродзенскай вобласці: для хлопчыка яны склалі 563 рублі, для дзяўчынкі – 465.

— Вынікі нашага маніторынгу паказалі, што сёлета сабраць вучня ў школу надзвычай няпроста матэрыяльна. У параўнанні з мінулым годам цэны выраслі ад 6 да 10%. У грашовым эквіваленце бацькам давядзецца выдаткаваць прыкладна на 100 рублёў больш, — заявіў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Пазнякоў.

Прафсаюзы занепакоены такой сітуацыяй на рынку школьных базараў. Таму мы гатовы падтрымаць і аказаць неабходную дапамогу работнікам. Нагадаю, што амаль у кожнай прафсаюзнай арганізацыі створаны і працягваюць працаваць “касы ўзаемадапамогі”. З іх аказваецца падтрымка тым членам прафсаюза, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. На такую падтрымку могуць разлічваць і бацькі, чыі дзеці ідуць у школу.

Да слова, акцыя “Прафсаюзы – дзецям” дзейнічае з 2002 года. Асаблівая ўвага надаецца вучням, якія ідуць у першы клас, дзецям-сіротам, шматдзетным, маламаёмным і прыёмным сем’ям, а таксама сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Варта заўважыць, што памер матэрыяльнай і фінансавай падтрымкі, якую аказваюць прафсаюзныя арганізацыі ўсіх узроўняў, з года ў год расце. Напрыклад, у 2020 годзе на гэтыя мэты па краіне было накіравана каля шасці мільёнаў рублёў.

Таццяна Гаманчук, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў