Першага ліпеня была перагорнута яшчэ адна старонка гісторыі незалежнай Беларусі: завяршыўся працэс прыватызацыі жылля, расцягнуты амаль на чвэрць стагоддзя. Пасля гэтай даты непрыватызаваныя кватэры аўтаматычна былі пераведзены ў разрад камерцыйнага жылля, за якое цяпер жыльцы будуць вымушаны плаціць арэндную плату. Такую нерухомасць яны не могуць прадаць, перадаць у спадчыну ці здаць у паднаём.
Як удакладніла начальнік абаненцкага аддзела Пружанскага КУВП «Камунальнік» Н.М.Зялевіч, плаціць арэнду за жыллё некаторы час давядзецца і тым, хто падаў заяву на прыватызацыю кватэры: пакуль у працэсе афармлення дакументаў не будзе пастаўлена апошняя кропка, гаспадар квадратных метраў таксама лічыцца арандатарам. Да ведама: у Пружанскім раёне ў статус арэндных былі пераведзены каля 750 кватэр.
Прынцыпы платы за арэнднае жыллё вызначаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2014 года №1297. У прыватнасці, кошт квадратнага метра агульнай плошчы жылога памяшкання камерцыйнага карыстання складае 0,2 базавай велічыні ў месяц. Акрамя таго, зацверджаны каэфіцыенты ў залежнасці ад месцазнаходжання і добраўпарадкаванасці. Напрыклад, для г.Пружаны выкарыстоўваецца паніжаючы каэфіцыент 0,3. Таксама для грамадзян, якія пражываюць у кватэрах, пераведзеных у разрад арэнднага жылля з дзяржаўнага жылфонду, устаноўлены яшчэ адзін паніжаючы каэфіцыент — 0,1.
Такім чынам, плата за арэнду жылля разлічваецца па формуле:
0,2 БВ х КД х S х ПК, дзе
БВ — базавая велічыня (на сённяшні дзень яна складае 21 рубель),
КД — каэфіцыент ступені добраўпарадкаванасці і месцазнаходжання (для Пружан — 0,3),
S — плошча кватэры,
ПК — паніжаючы каэфіцыент (0,1).
Нескладана падлічыць, у якую суму ў Пружанах абыдзецца арэнда 2-пакаёвай кватэры плошчай 48 кв.м.:
21 руб. х 0,2 х 0,3 х 48 м2 х 0,1 = 6 рублёў 05 капеек (ці 60 480 недэнамінаваных рублёў).
Варта адзначыць, што пры адсутнасці гарачага, халоднага вадазабеспячэння, каналізацыі, цэнтральнага ацяплення памер каэфіцыента ступені добраўпарадкаванасці і месцазнаходжання памяншаецца на 10% за кожны з відаў выгод, якія адсутнічаюць. Інакш кажучы, калі ў кватэры няма каналізацыі і цэнтральнага ацяплення, для яе КД — 0,24 (альбо 0,3 мінус 20%). І арэнда такой кватэры плошчай тых жа 48 кв.м. абыдзецца ў 4 рублі 84 капейкі, ці 48 384 недэнамінаваныя рублі.
Увогуле, сёння грамадзяніну павінны прапанаваць афіцыйна аформіць новыя эканамічныя адносіны. І нават адмова ад заключэння не вызваліць яго ад платы за карыстанне жылым памяшканнем: рахунак за пражыванне выстаўляецца ва ўстаноўленым парадку.
— Налічэнне платы будзе ажыццяўляцца з улікам ільготаў, устаноўленых у артыкуле 16 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян», — удакладніла Наталля Мікалаеўна. — Хочацца звярнуць увагу: калі ў наймальнікаў арэнднага жылля без уважлівых прычын будзе двухмесячная запазычанасць па арэнднай плаце ці аплаце за камунальныя паслугі, гэта можа стаць падставай для скасавання дагавора найму з наступным высяленнем без прадастаўлення іншага памяшкання.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ