Пагадзіцеся, што лета і маладосць у нечым падобныя. Самы гарачы сезон — гэта звычайна самы насычаны перыяд года, маладосць жа — самы актыўны этап жыцця, пошук самога сябе і пастаяннае развіццё. Свята маладосці ў Пружанах у мінулую суботу атрымала назву «Адпачываем ярка!».
Трэба сказаць, што моладзі раёна сёлета сапраўды было з чаго выбраць. Дыскатэкі, забаўляльныя праграмы і канцэрты падрыхтавалі сельскія Дамы культуры. У Лінове наладзілі свята «Весялімся разам», а ў Роўбіцку прайшлі валейбольныя спаборніцтвы.
Не менш насычаным быў увесь мінулы тыдзень, які абвясцілі Тыднем моладзі. Хлопцы і дзяўчаты з розных куткоў Пружаншчыны наводзілі парадак на воінскіх пахаваннях, займаліся дабрачыннасцю, падымалі актуальныя пытанні падчас дыялогавай пляцоўкі, далучыліся да Усебеларускай мінуты маўчання і інш.
А вечар суботы ў райцэнтры пачаўся з гарадскога квэста ад маладзёжнага клуба «Teens-фармат». Правядзенне такога мерапрыемства ўпершыню апрабавалі летась, сёлета ж дадалі новых кропак на маршруце і ўскладнілі сам квэст. Дарэчы, яго ўдзельнікамі стала больш за 20 юнакоў і дзяўчат. Іх падзялілі на тры каманды: «зялёныя», «сінія» і «чырвоныя» — кожнай з якіх трэба было праявіць хуткасць і кемлівасць у разгадванні таямніц горада.
У кожнай новай кропцы на вуліцах Савецкай і Чырвонаармейскай (а іх было ажно 12 !) удзельнікаў чакалі карткі з падказкамі, куды трэба рухацца далей. Напрыклад, каля будынка бібліятэкі імя М.Засіма каманды сустрэў тайнік з зашыфраваным пасланнем. Верагодна, над такім шыфрам у выглядзе «пляшучых чалавечкаў» ламаў галаву Шэрлак Холмс. Цікава быў пазначаны магазін на рагу Чырвонаармейскай і Кастрычніцкай: на картцы можна было ўбачыць вагі і чыгунку, а выявы зуба і рашоткі абазначала стаматпаліклініку (узгадалі, што на месцы крамы ў колішнія часы стаяў вакзал вузкакалейкі, а ў будынку стаматалогіі змяшчалася «чырвоная» турма). Парта плюс партрэты Рыгора Шырмы і Янкі Хвораста расшыфроўваліся, як будынак ЦТДМ, а каля зліцця рачулак Муха і Вец удзельнікаў чакалі бутэлькі з шыфрамі… Такім чынам, моладзь і прабежку зрабіла, і шмат цікавага пра родны горад даведалася.
Перамогу святкавалі «чырвоныя» — каманда клуба «Teens-фармат», якой на праходжанне ўсіх кропак спатрэбілася ўсяго 20 (!) мінут. Другімі сталі падлеткі са студыі «Меладзін», трэцяй — зборная каманда маладых людзей горада.
Узнагароджанне пераможцаў адбылося на святочным канцэрце. Ён прайшоў на пляцоўцы амфітэатра ў гарадскім парку. Тут запальвалі вакалісты з Пружан, Слабудкі, Мокрага і Брэста. Былі танцавальныя нумары ад пружанскага «Рубікона», слабадскога «Рэмікса», выхаванцаў ЦТДМ. Апладысменты гучалі ў адрас выхаванкі гуртка «Гітара — тры акорды» Марыі Мікуцік і баяніста Максіма Трафімука.
Цёпла сустрэлі пружанцы дзетак са студыі моды «PODIUM KIDS». Дзяўчынкі прэзентавалі калекцыю «Апафеоз», стварыў якую малады дызайнер з Гродна Ігар Плятнёў. Сапраўдны фурор выклікала выступленне рок-гурта «Прыкольна, я спаць!» Падрыхтавалі для моладзі прызы: іх атрымалі аўтары лепшых фота пад хэштэгам #молодойи… (далей характарыстыку трэба было прыдумаць самастойна) у Instagram.
Не менш гучным атрымалася і завяршэнне свята. Маладзёжная дыскатэка сабрала не толькі хлопцаў і дзяўчат, былі тут і маладыя сямейныя пары, і тыя, хто прыйшоў у парк, каб успомніць залатыя гады свайго юнацтва (што ж, у душы мы вечна застаёмся маладымі). Словам, Дзень моладзі атрымаўся сапраўды яркім і выдатным.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік і аўтара
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_284724449