Воскресенье, 12 января 2025

Цана капейкі

1 141

Для дзіцячых урачоў увядзенне ў зварот новых грошай стала яшчэ адной крыніцай галаўнога болю: як сведчыць медыцынская статыстыка, у ліпені ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі штодзень траплялі ад трох да пяці дзяцей, якія праглынулі манеты, у цэлым па краіне колькасць такіх выпадкаў іншы раз дасягае 30 за дзень.

258322

— Маленькія гарэзы ўсё цягнуць у рот: гэта таксама спосаб пазнавання свету, — уздыхае раённы педыятр І.І.Каўганка.

Ірына Іванаўна тлумачыць, што на Пружаншчыне з нагоды праглынутых манетак малышоў не дастаўлялі. Магчыма, з-за таго, што ў звароце яшчэ дастаткова многа грошай старога ўзору. Але яна не выключае, што бацькі проста не звярталіся да медыкаў.

— Са страўніка манетка, як правіла, выходзіць натуральным шляхам, — гаворыць галоўны педыятр раёна. — Горш, калі яна  затрымалася ў страваводзе ці кішэчніку — гэта можа прывесці да сур‘ёзных ускладненняў.

На думку Ірыны Іванаўны, найбольшую небяспеку ўяўляюць не манеты. Сёлета ў аднаго з маленькіх пацыентаў, які трапіў у Пружанскую ЦРБ, у бронхах (выпадкова ці па недагляду бацькоў)  аказалася сланечнікавая семка, у другога — кавалачак мяса, яшчэ ў аднаго — кавалачак яблыка…

Ёсць рэчы, якія тояць у сабе смяротную небяспеку нават не таму, што іх цяжка дастаць. Спіс  можна пачаць з элементаў сілкавання. Аднаму такому чатырохгадоваму пацыенту зусім нядаўна аказвалі дапамогу.

І.І.Каўганка зазначае:

— Праглынутыя элементы сілкавання могуць прывесці да моцнага электрахімічнага апёку стрававода альбо страўніка. Найбольшую небяспеку ўяўляюць плоскія, а не пальчыкавыя батарэйкі, — іх лягчэй праглынуць. Найгорш, калі  яны зараджаныя.

Праглынутую батарэйку неабходна дастаць не пазней, чым праз 2-2,5 гадзіны, тады наступствы будуць мінімальнымі. Чым даўжэй яна знаходзіцца ў арганізме, тым цяжэй  пашкоджанні ўнутраных органаў.

Сур‘ёзныя наступствы — апёк і, магчыма, звужэнне стрававода — могуць выклікаць і сродкі бытавой хіміі (а зараз столькі іх выпускаецца ў  прывабных упакоўках, невялікіх капсулах, таблетках). Іншы раз такім пацыентам патрабуецца складанае хірургічнае ўмяшальніцтва.

І не забывайце пра лекі, якія прыносяць далёка не толькі карысць: пакінутыя на бачным месцы, яны могуць прывесці да непапраўнага. Вось чаму цяпер у многіх краінах выпускаюць вітаміны і лекавыя сродкі ва ўпакоўцы са спецыяльнай накрыўкай, адкруціць якую іншы раз складана і даросламу.

Аказаць кваліфікаваную дапамогу ў падобных выпадках у Пружанах не заўсёды магчыма.  І справа не толькі ў тэхнічнай базе: у нашай ЦРБ няма вузкага  спецыяліста — дзіцячага хірурга. Даводзіцца ехаць у Брэст.

— Якая б сітуацыя ні здарылася з дзіцём, у першую чаргу, адказнасць ляжыць на бацьках, — лічыць Ірына Каўганка. — Паводле афіцыйных лічбаў,  амаль 70% траўмаў пружанскія дзеці атрымалі менавіта ў дамашніх умовах.

У першым паўгоддзі медыкамі раёна зарэгістраваны 273 выпадкі траўмавання сярод пацыентаў ва ўзросце да 18 гадоў. Першую прыступку  ў гэтым рэйтынгу займаюць траўмы канечнасцей — 146, тэрмічных і хімічных апёкаў было 13, два выпадкі  атручвання лекамі. Увогуле, на Брэстчыне Пружанскі раён займае лідзіруючую пазіцыю па траўматызме: пры сярэднеабласным паказчыку 60,42 траўмаваных на 1000 чалавек у нас — 64,3.

Траўматызм дзяцей, асабліва ў раннім узросце, у многім залежыць ад пільнасці дарослыя, якія павінны пастаянна ўлічваць асаблівасці развіцця і паводзін дзіцяці.

І не забывайце галоўнага: урачы — не чараўнікі, ёсць сітуацыі, якія яны не ў сілах паправіць.

 

Падрыхтавала Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *