Вторник, 23 июля 2024

Цаліннікі з вялікага сяла

423

У 1954 годзе ў Савецкім Саюзе па ініцыятыве Мікіты Хрушчова была распрацавана праграма па асваенні цалінных зямель. І ў далёкі Казахстан масава паехалі людзі: працаваць і зарабляць грошы.

Недахоп прадуктаў харчавання  ў пасляваенныя гады быў відавочным: і сёння старажылы Пружан памятаюць  чэргі па хлеб у 1950-х. Спустошаныя вайной заходнія рэгіёны аднаўляліся павольна, а некранутыя ні ваеннымі дзеяннямі, ні плугам казахскія стэпы здаваліся  надзейным гарантам добрых ураджаяў.

Авантура? Яшчэ якая. Без падрыхтаванай папярэдне інфраструктуры, без сховішчаў, без дарог, без жылля для работнікаў новаствораных саўгасаў… Гэта толькі ў цудоўным фільме пра Івана Броўкіна цаліннікі спявалі, танцавалі, кахалі — і паспявалі паміж гэтымі важнымі справамі і рэкордных ураджаяў дамагчыся, і дамы сабе пабудаваць. Жыццё, як і заўсёды, аказалася намнога больш пакручастым.

Упэўнілася ў гэтым і сям‘я Скалдуцкіх з Вялікага Сяла. Калі заклікалі пераязджаць на цаліну — сабраліся ўсім сямействам. На гэтым здымку, бадай увесь род.  Наперадзе дзве дзяўчынкі — сёстры Яўгенія і Марыя (а ўсяго ў сям‘і было чацвёра дзяцей). Стаіць апрануты ў  кажух іх бацька, у паліто з пухнатым каўнерам — яго сястра. А побач — дваюрадныя і траюрадныя сваякі…

Вясной паехалі — восенню вярнуліся. Таксама ўсе разам.  «Не хачу, каб мае косці, калі памру ў гэтых стэпах, вецер перадуваў», — сказаў дзядуля. Не прыжыліся на чужыне, хаця паспелі крыху зарабіць. Але плацілі першым цаліннікам зернем, і пакуль прыехаў іх заробак грузавым цягніком, давялося прасіць дапамогі ў суседзяў — сваіх жа запасаў на зіму не было.  У асноўным дзяліліся фасоляй.

«Мама ўзгадвала, што наелася той пустой «сухопаркі» на ўсё далейшае жыццё», — расказвае Таццяна Пура, дачка Яўгеніі Скалдуцкай, якая і перадала гэтае фота з мамінага архіва ў рэдакцыю.

Ірына СЯДОВА.