Бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі павялічыўся на 4,9 працэнта. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 22 красавіка 2022 года нумар 25, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
На перыяд з 1 мая па 31 ліпеня 2022 года зацверджаны памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах. Бюджэт склаў Br311,15 у сярэднім на душу насельніцтва, што на 4,9 працэнта вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў з 1 лютага па 30 красавіка.
Як паведамілі ў прэс-службе Мінпрацы, перагледжаны бюджэт паўплывае ў першую чаргу на памеры выплат і даплат сем’ям з дзецьмі і пажылым грамадзянам. З 1 мая аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці будзе складаць Br3111,5 пры нараджэнні першага дзіцяці і Br4356,1 пры нараджэнні другога і наступных дзяцей.
Павялічваюцца таксама памеры іншых дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, што вылічваюцца ад бюджэту. «Трэба адзначыць, што змяненне БПМ уплывае і на агульны памер выплат у перыяд догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Калі ў гэты перыяд у сям’і выхоўваюцца дзеці ад 3 да 18 гадоў, то сям’і выплачваецца яшчэ адна дадатковая дапамога ў памеры 50 працэнтаў БПМ. У выніку кожны месяц сумарна сям’я будзе атрымліваць Br772», — расказалі ў Мінпрацы. Расходы на фінансаванне дапамог на дзяцей, што вылічваюцца ад бюджэту пражытачнага мінімуму, у маі складуць каля Br39 млн.
З 1 мая павялічацца таксама «узроставыя» даплаты да пенсій, атрымальнікамі якіх з’яўляюцца больш за 1,5 млн чалавек ад 75 гадоў і старэйшых. Памер гэтых выплат складзе для асоб ва ўзросце 75-79 гадоў — Br58,34, ад 80 гадоў і старэйшых (з улікам надбаўкі на догляд) — Br116,69. Расходы на іх фінансаванне ў маі складуць каля Br47 млн.