Пятница, 14 февраля 2025

Быть ли улицам Вишневецкого, В. Хоружей, Костякова и 60 лет Октября односторонними? Обсудили с нашими читателями

1 630

Напрыканцы чэрвеня наша газета па ініцыятыве раённых улад правяла вывучэнне меркаванняў жыхароў горада наконт прапановы гараджанкі В. М. Онахавай-Жураўлёвай аб увядзенні рэжыму аднабаковага руху па вуліцах Вішнявецкага, 60 год Кастрычніка, Касцякова і В. Харужай. Такая прапанова Вікторыі Мікалаеўны мае рацыю адносна таго, што па гэтых вуліцах нямала дзяцей дабіраецца на вучобу ў СШ № 1. Аднак тут адсутнічае тратуар, рух па якім пазбавіў бы небяспекі дзяцей, а таксама аблегчыў бы перамяшчэнне аўтамабілістам. На жаль, згодна з нормамі, уладкаванне пешаходна-веласіпедных дарожак магчыма толькі ў тым выпадку, калі шырыня праезнай часткі застанецца не меншай за 3–3,5 метра, што патрабуе падпункт 5.1.1 ТКП 45–3.03‑227‑2010. На сённяшні дзень названыя вуліцы маюць шырыню ад 2,75 да 3 метраў, і паменшыць іх праезную частку нельга. Побач зрабіць тратуар таксама немагчыма, бо гэтаму перашкаджаюць меліярацыйныя канавы, якія зніжаюць рызыку затаплення прыватных агародаў гараджан, хто жыве на гэтых вуліцах.
Таму жыхарка горада і ініцыіравала ўвядзенне аднабаковага руху. Такі рэжым як метад зніжэння небяспекі ўдзельнікаў дарожнага руху выкарыстоўваецца ў многіх краінах. Яго плюсы відавочныя: пешаход ведае, што машыны рухаюцца толькі ў адзін бок, а значыць, пры правільным выбары напрамку не варта чакаць пагрозы са спіны. Таксама лягчэй ехаць і вадзіцелям, якім выдзелена больш шырокая паласа, якая дае магчымасць аб’ехаць перашкоду. Вось толькі эксперты адзначаюць, што выкарыстанне падобнага метаду не ўсюды магчыма і апраўдана. У прыватнасці, менавіта на вуліцах Вішнявецкага, 60 год Кастрычніка, В. Харужай і Касцякова гэта немэтазгодна. У гэтым перакананыя і тыя, хто тэлефанаваў у вызначаны для грамадскага абмеркавання дзень, 28 чэрвеня, і пакідаў свае каментарыі ў групах «Раённых будняў» у папулярных сацыяльных сетках (апошніх было трое). Справа ў тым, што аднабаковы рух магчымы толькі там, дзе вадзіцелям дадзены іншыя варыянты праезду. А гэта наяўнасць суседніх вуліц, па якіх таксама можна даехаць у патрэбнае месца. Сярод згаданых вуліц такую магчымасць можа даць толькі вуліца Леніна, якая і без таго ў асобныя гадзіны літаральна перагружана транспартам. Вядома, дадатковае павелічэнне аўтамабільнага патоку па ёй выкліча нямала абурэнняў сярод аўтамабілістаў і жыльцоў гэтай вуліцы. Пра падобнае сведчыць прыклад тых, хто жыве па Камсамольскай або Свабоды: гэтыя вуліцы сталі «разгрузачнымі» пасля ўвядзення аднабаковага руху па Тармасава і частцы вуліцы Я. Купалы да перасячэння з Савецкай. На гэта, дарэчы, і звярталі ўвагу некаторыя гараджане, якія прынялі ўдзел у абмеркаванні праблемы.
Супраць аднабаковага руху выступілі і некаторыя жыхары гэтых вуліц. Адзін з іх (назваўся Канстанцінам Сяргеевічам) адзначыў, што там жывуць у асноўным пенсіянеры, а аўтамабільны паток не такі насычаны для таго, каб ствараць небяспеку пешаходам. І навошта замінаць старым людзям дабірацца дадому?
На названых вуліцах мы таксама пабывалі. Сапраўды, месца для ўладкаванняў тратуараў там няма. Іх можна зрабіць толькі ў тым выпадку, калі засыпаць меліярацыйныя канавы, якія можна перанесці бліжэй да агароджаў прыватных дамоў, а месцамі і ў агароды мясцовых жыхароў. Але ж гэта толькі ўскладніць праблему, і ніхто на гэта не пойдзе. Адзінае, што можна зрабіць літаральна зараз, не кранаючы інтарэсаў многіх, — гэта ўстанавіць дарожныя знакі з абмежаваннем хуткасці. Такі знак, абмяжоўваючы хуткасць да 40 км у гадзіну, ёсць толькі на вуліцы Касцякова. Невялікая хуткасць машын аберагала б і пешаходаў ад магчымых сутыкненняў з транспартам.
Нагадаем, што ў дадзеным выпадку газета «Раённыя будні» толькі сабрала меркаванні грамадзян. Атрыманая інфармацыя будзе перададзена ў райвыканкам, дзе і прымуць канчатковае рашэнне з улікам атрыманых падчас апытання дадзеных.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *