Суббота, 18 января 2025

Быть или не быть … ракете? Бывшие ракетчики собирают средства на новый мемориал

2 276

Як бы нам ні хацелася перапісаць гісторыю, яе не перапішаш і самыя страшныя моманты з памяці чалавецтва не сатрэш… Так здарылася, што практычна адразу пасля заканчэння другой сусветнай вайны свет зноў стала ліхаманіць. Хранічная хвароба пад назвай “халодная вайна” расцягнулася на некалькі дзесяцігоддзяў, а наша краіна, якая з’яўлялася часткай вялізнай савецкай дзяржавы, бліжэй за ўсіх размяшчалася да небяспечнага “ачага”. Менавіта таму Беларуская ваенная акруга стала самай мілітарызаванай у СССР. Тут была размешчана ядзерная зброя – самы эфектыўны, па меркаванні тагачасных палітыкаў, сродак ад ваеннай агрэсіі. Чатыры дывізіі Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння знаходзіліся на нашай зямлі пад грыфам “Зусім сакрэтна”, і мала хто ведаў аб іх існаванні.
Час прайшоў, і сёння Беларусь — мірная дзяржава з бяз’ядзерным статусам. Маладое пакаленне беларусаў, не абцяжараных, у адрозненне ад нас, ідэйным мінулым, з надзеяй глядзіць у будучыню і будуе з усім светам адкрытыя добрасуседскія адносіны без адцення “мілітары”.
Але пакаленне нашых бацькоў і самі ветэраны-ракетчыкі працягваюць з гонарам успамінаць гады ваеннай службы падчас “жалезнай заслоны” і робяць усё магчымае, каб памяць аб “ядзерных” ракетчыках у Беларусі не памерла. У прыватнасці, актывісты 31-й Гвардзейскай Бранска-Берлінскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава ракетнай дывізіі, часці якой базіраваліся на Пружаншчыне, у свой час ініцыявалі адкрыццё памятных выстаў у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” і ў Шарашоўскай СШ, а таксама ўсталявалі ракету ў скверы Гудзімава па вул. Чырвонаармейскай, побач з іншай савецкай тэхнікай.
І вось сёння ветэраны выступілі з новай ініцыятывай — аб усталяванні ў г. Пружаны памятнага мемарыяла з указаннем прозвішчаў камандзіраў дывізіі і часцей, якія размяшчаліся на тэрыторыі раёна. Мяркуемае месца ўстаноўкі – сквер па вул. Шырмы (насупраць кафэ «Фараон»), недалёка ад будынка ДШМ, у якім, як сведчыць мемарыяльная шыльда на яго бакавым фасадзе, з 1962 па 1990 год і размяшчаўся штаб 31-й дывізіі.
Па задумцы аўтараў галоўнай складаемай мемарыяла стане макет ракетнага комплексу Р-12 (які знаходзіўся на ўзбраенні дывізіі), выкананы ў маштабе 1:7 з нержавеючай сталі. Р-12 мяркуецца ўстанавіць на масіўным падмурку (з ружовага граніту) з пяціканцовай зоркай. Паміж яе праменямі размесцяцца чыгунныя пліты з прозвішчамі афіцэраў. Збоку ад манумента будзе размешчана дадатковая пліта шырынёй у 1 метр з указаннем, у гонар каго ўзведзены манумент. Агульная вышыня помніка складзе 4,5 метра. Вакол ракеты плануюць выкласці з каляровай тратуарнай пліткі пляцоўку ў 9 кв. метраў, а таксама падвесці дарожку ад тратуара, даўжынёй у 3 метры. Агульны кошт манумента ацэньваецца ў 50 тысяч беларускіх рублёў. Грошы немалыя, таму ветэраны-ракетчыкі звярнуліся да грамадскасці па добраахвотныя ахвяраванні.
— Манумент мы зможам усталяваць толькі за кошт пазабюджэтных сродкаў. Таму і спадзяёмся на вашу пасільную дапамогу ў гэтай высакароднай справе патрыятычнага выхавання маладога пакалення, – зазначае ў сваім адкрытым звароце старшыня каардынацыйнай рады Брэсцкай арганізацыі “Асацыяцыя ветэранаў РВСН” ГА “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўнік у адстаўцы У.С. Корсакаў.
З мэтай ушанавання памяці сваіх саслужыўцаў, якія, на думку ветэранаў-ракетчыкаў, унеслі незаменны ўклад у захаванне міру на зямлі, імі быў адкрыты дабрачынны разліковы рахунак:
Р/Х 31354000403091000000 у філіяле № 100-БОУ ААТ «ААБ Беларусбанк», УНП 2011020456, БІК АКВВВУ21100.

…Ракета, накіраваная ў неба?! Быць гэтаму помніку ці не быць, вырашаць толькі нам, пружанцам. Вядома, ніхто не зможа адмаўляць, што ў перыяд абвастрэння “халоднай вайны” каманда “на старт” падобным ракетам была б пачаткам апошняй вайны ў сучаснай гісторыі, а можа, нават імгненным канцом чалавечай эры на зямлі. Мы пра гэта памятаем, тым больш памятаюць і праяўляюць немалую зацікаўленасць да аб’ектаў мінулага супрацьстаяння “Захад-Усход” і замежнікі. Чаму і якія матывы гэтага інтарэсу – гэта ўжо іншае пытанне. У любым выпадку, цяпер турфірмы спрабуюць максімальна разнастаіць тэмы маршрутаў, улічваючы любыя перавагі публікі. І, магчыма, новы мемарыял таксама мог бы стаць важнай кропкай новага турыстычнага маршруту “Мілітары”, які сёння распрацоўваецца ў Пружанах у рамках “бязвізавай” праграмы для прыцягнення ў наш раён турыстаў. Падобных знакавых аб’ектаў “ваеннай” памяці ў нас нямала: сквер імя Гудзімава і сквер памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Толькі ці апраўдае мэта сродкі, і што думаеце вы?

Алена Зялевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *