Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне» разам з творчай майстэрняй «Мой звыклы новы дом», якая з’яўляецца часткай праекта «Скажам адзіноце — не!», правялі ў Пружанах пленэр і адкрылі выставу «Сцежкамі Язэпа Драздовіча».
Аб’яднанне «Узаемаразуменне» ставіць сваёй мэтай сацыяльную падтрымку пакалення вайны, ахвяр нацыянал-сацыялізму і іншых сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян. Праекты на карысць прадстаўнікоў ваеннага пакалення рэалізуюцца з дапамогай валанцёрства, развіцця іх мастацкага патэнцыялу, арганізацыі дыялогу паміж пакаленнямі.

— Мы ўпершыню прыехалі ў Пружаны вось такой камандай і вельмі былі ўражаныя цёплым прыёмам і людзьмі з адкрытай душой. Усё было вельмі лёгка, наша праграма аказалася больш насычанай, чым мы думалі. Мы шмат усяго паспелі. Спадзяёмся, што гэта не апошні пленэр, які мы правялі ў вашым горадзе. Дарэчы, абяцаем, што абавязкова арганізуем у пружанскім музеі выставу работ, якія з’явяцца ў выніку гэтага пленэра, — падзялілася ўражаннямі старшыня «Узаемаразумення» Анжаліка Аношка.

У першы дзень мерапрыемства прайшоў пленэр «Пружанскі палацык». У ім прынялі ўдзел былыя малалетнія вязні канцлагераў, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі творчай майстэрні «Мой звыклы новы дом». Да іх далучыліся навучэнцы ДШМ горада Пружаны і падапечныя Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кіравала творчым працэсам прафесійная мастачка Аксана Чутцава разам з валанцёрамі праекта.

На другі дзень мерапрыемства ў музеі-сядзібе была адкрыта выстава «Сцежкамі Язэпа Драздовіча», на якой былі прадстаўлены 13 работ удзельніц аб’яднання. Мастачкі пад уражаннем творчасці Язэпа Драздовіча адкрылі для нас яркія дзіўныя вобразы беларускай культуры. Гэтая выстава з’яўляецца цудоўным прыкладам таго, як можна самарэалізавацца не толькі ў маладым, але і ў пажылым узросце. А праекты аб’яднання «Узаемаразуменне» дазваляюць такім людзям увасобіць творчыя ідэі і раскрыць свой патэнцыял.

Прыемным момантам мерапрыемства стала выступленне народнага майстра Рэспублікі Беларусь Марыі Кулецкай, якая падарыла творчай майстэрні «Мой звыклы новы дом» сваю работу — роспіс па шкле.
— Усім удзельніцам праекта і арганізатарам хочацца выказаць сваё захапленне. У прадстаўленых работах сапраўды прасочваюцца матывы Драздовіча, — падзялілася Марыя Кулецкая.

Ліпеньскі пленэр у Пружанах дазволіў нам пазнаёміцца з дзіўнымі людзьмі і ўбачыць свет вачыма пакалення, на долю якога выпалі вялікія выпрабаванні.
Вольга Вадзяновіч. Фота аўтара і Андрэя Мартынюка
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_284915581