Воскресенье, 19 января 2025

Ад участковага да кіраўніка: былы начальнік райаддзела міліцыі Мікалай Папко пра любімую работу і тое, ці не сумуе на пенсіі

642

Сваё прафесійнае свята ветэраны Міністэрства ўнутраных спраў і ўнутраных войскаў Рэспублікі Беларусь адзначылі 10 лістапада. Некалі гэта быў Дзень міліцыі, але з набыццём суверэнітэту ў нашай рэспубліцы ўстаноўлена нацыянальная святочная дата — 4 сакавіка. А былую, якую працягвалі неафіцыйна адзначаць тыя, хто пачаў служыць яшчэ пры Савецкім Саюзе, зрабілі «ветэранскай».

Хто ж такія ветэраны міліцыі? Гэта службоўцы, якія некалькі дзесяцігоддзяў ахоўвалі правапарадак, забяспечвалі спакой грамадства. Больш за тое, на долю цяперашніх «міліцыянераў на заслужаным адпачынку» прыпала нямала выпрабаванняў, асабліва ў першыя гады станаўлення незалежнай Беларусі, калі адбываўся разгул крыміналу. Нярэдка рызыкуючы жыццём, тагачасныя праваахоўнікі, а цяпер ужо ветэраны, сталі надзейнай перашкодай анархіі, дыктату бандытызму ў нашым грамадстве. Яны здолелі перамагчы ў той барацьбе, дзякуючы чаму сёння мы не чуем стральбы на вячэрніх вуліцах, спакойна адпраўляем дзяцей у школу, падарожнічаем па краіне.

Менавіта так падчас сваёй службы дзейнічаў і Мікалай Папко, які за некалькі дзесяцігоддзяў у міліцыі прайшоў увесь службовы шлях — ад участковага інспектара да начальніка райаддзела ўнутраных спраў.

Супярэчлівы выбар

Калі ж расказваць пра лёс Мікалая Мікалаевіча, то немагчыма выкарыстоўваць банальныя шаблоны кшталту «марыў яшчэ за школьнай партай», «прыклад родных і падтрыманне выбару дынастыі». Усё было інакш. Нарадзіўся ён у вёсцы Мілейкі Івацэвіцкага раёна ў сям’і каваля і работніцы мясцовай школы. Трох дзяцей бацькі паставілі на ногі і далі пуцёўку ў жыццё, мяркуючы, што і яны застануцца працаваць на вёсцы. Вось толькі старэйшы Мікалай супярэчыў, бо марыў стаць вайскоўцам. Спачатку бацькі ўздыхнулі з палёгкай, калі сына не ўзялі ў армейскую ВНУ па стане здароўя (дрэнны зрок). Аднак той не супакоіўся і паступіў у Гродзенскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт: маўляў, пайду тады ў міліцыю. Больш за ўсіх супраць была маці, ды настолькі катэгарычна, што папярэдзіла сына: у міліцэйскай форме нават у хату не зойдзеш. Але Мікалай праявіў упартасць і падчас завочнага навучання ў 1987 годзе ўсё-такі пайшоў у праваахоўную службу. Першым месцам стаў Пружанскі райаддзел, дзе Мікалая Папко прынялі на пасаду ўчастковага інспектара, які адказваў за спакой на вуліцы Леніна г. Пружаны.

— Мне пашчасціла, што настаўнікам стаў Уладзімір Граматовіч, які многаму навучыў, — успамінае Мікалай Мікалаевіч. — Мне, па натуры халерыку, усё хацелася зрабіць як мага хутчэй. А ён заўсёды стрымліваў: не спяшайся, сядзь ды падумай, прааналізуй і толькі пасля дзейнічай. Той навукай карыстаўся на ўсіх наступных службовых пасадах.

Неўзабаве намаганні і патэнцыял маладога інспектара заўважылі ў крымінальнай міліцыі і Папко забралі ў вышук оперупаўнаважаным. Адбылося гэта якраз на пачатку «ліхіх 90-х».

«І небяспечна, і цяжка…»


Падчас гутаркі Мікалай Мікалаевіч расказаў шмат гісторый таго часу, усе памятаючы выдатна: называе даты, прозвішчы пацярпелых і бандытаў, месцы здарэнняў, абставіны выкрыцця. Амаль кожнае другое злачынства мела «рэспубліканскі» маштаб, заўсёды існавала рызыка падчас аператыўна-вышуковых дзеянняў натыкнуцца на «агнястрэл». Амаль штодзённыя ўгоны аўто, серыя кватэрных, магазінных крадзяжоў, грабяжы і рабаванні… Менавіта такой «паўсядзёнкай» займаліся міліцыянеры ў той перыяд, — усё, як у папулярнай песні пра праваахоўнікаў.

Больш за 10 гадоў ішла гэта барацьба, моц улады ўсё-такі перамагла, спыніла разгул бандытызму.

— Сёння некаторыя віды злачынстваў увогуле зніклі, а пры затрыманні ў злодзеяў у самым горшым выпадку можна знайсці… сцізорык, — гаворыць ветэран. Апошняй сур’ёзнай справай для яго, ужо начальніка аддзялення крымінальнага вышуку, стала нашумелая не толькі на Пружаншчыне гісторыя з затрыманнем узброенай банды, якая адбылася ў 2001 годзе.

На АЗС на суседняй Івацэвіччыне невядомыя застрэлілі запраўшчыка. Па аператыўных звестках стала вядома, што адзін з трох бандытаў родам з Пружаншчыны, і, значыць, яны могуць аб’явіцца тут. Пазней адзін са злачынцаў прыйшоў у Слонімскі РАУС з павіннай, дзе пацвердзіў чуткі: хутка банда з’явіцца на Пружаншчыне. Сапраўды, яна дала пра сябе знаць нападам на кантору саўгаса «Кавалі», дзе абрабавала касу. Потым стала вядома, што ў бліжэйшы час бандыты наведаюць «малую радзіму» аднаго з іх у в. Кавалі. Там і арганізавалі засаду Мікалай Папко разам з операмі Алегам Ёршам і Сяргеем Захарчанкам.

Пасля апоўначы злачынцы прыйшлі. Ціха затрымаць іх не ўдалося, і менавіта той, хто быў узброены, здолеў выстраліць. Кулю прыняў Сяргей Захарчанка, але двое іншых не разгубіліся і скруцілі бандытаў. Потым, пасля папраўкі параненага, траіх герояў запрасілі на сустрэчу да Прэзідэнта, які ўзнагародзіў іх медалямі «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку».

У спакоі не супакойвацца


У 2005 годзе Мікалай Папко стаў начальнікам райаддзела міліцыі. Цяпер яму неабходна было адказваць за агульную арганізацыю праваахоўнай службы, наладжваць узаемадзеянне ўсіх падраздзяленняў. А яшчэ прымаць навічкоў, перадаючы атрыманы вопыт наступным пакаленням міліцыянераў. За чатыры гады кіраўніцтва многае ўдалося начальніку РАУС, у тым ліку і дабудаваць новы будынак міліцыі. А ў аператыўнай зводцы па рэспубліцы Пружанскі райаддзел гучаў неаднаразова, менавіта дзякуючы раскрытым сур’ёзным справам. У 2009 годзе Мікалай Мікалаевіч пайшоў на заслужаны адпачынак.

Зараз на пенсіі гэты няўрымслівы чалавек не супакойваецца. Па-першае, не здраджвае свайму дзіцячаму захапленню — кнізе, без якой не праходзіць ні адзін дзень. Гістарычныя творы, дэтэктывы, біяграфіі знакамітых людзей… Літаратурны кругагляд Мікалая Мікалевіча даволі шырокі. А яшчэ заўзяты некалі паляўнічы зараз па стане здароўя стаў амаль што прафесійным рыбаком, які да сённяшніх 67 гадоў паспеў пазакідваць вуду на многіх вадаёмах Брэстчыны. Больш за іншыя яму ўпадабаўся Сялец, з якім звязаны многія яго рэкорды. Для гэтага набыў лодку з маторам, падабраў нямала рыбалоўных прылад, каб можна было наведваць азёры і летам, і ўзімку. Здаецца, на пенсіі можна ўжо і паменшыць актыўнасць. Але гэта не пра ветэранаў міліцыі, у тым ліку і Мікалая Папко:

— Сёлета я замяніў вадзіцельскае пасведчанне на новае — тэрмінам на 20 гадоў, трэба ж іх «даездзіць»…

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік і з архіва ветэрана