Аператыўна-дыспетчарская служба ў энергасістэме адыгрывае вельмі важную ролю. Дзякуючы яе кругласутачнай рабоце, вядзецца бесперапынны кантроль стану энергазабеспячэння, выяўляюцца і аператыўна ліквідуюцца з мінімальнымі выдаткамі аварыйныя здарэнні. Нават такі лозунг некалі вылучаўся. Безумоўна, гэта толькі абагульненне функцый АДС, падрабязны спіс задач значна шырэйшы. Хаця трэба прызнаць, што некалі такога падраздзялення ў арганізацыях энергетыкі ўвогуле не было. Днём нараджэння дыспетчарскай службы можна лічыць 17 снежня 1921 года, калі было прынята Палажэнне аб мерах каардынавання паралельнай работы электрастанцый, якія ўваходзілі ў склад Маскоўскага раённага аб’яднання. Адсюль гэта новаўвядзенне пачало разыходзіцца па іншых рэгіёнах Савецкага Саюза. Але да Пружан яно дайшло толькі 1 жніўня 1969 года. Чаму амаль на паўстагоддзя пазней?

Па гістарычную праўду мы звярнуліся да былога начальніка Пружанскага раёна электрасетак Юрыя Кухціна: менавіта ён і ствараў дыспетчарскае падраздзяленне ў нашых электрасетках.
Гісторыя…
Як успамінае Юрый Валер’евіч, у 60-я гады мінулага стагоддзя электрыфікацыю нашага рэгіёна нельга было назваць маштабнай. Нават у рэспубліцы да 1965 года не існавала адзінай беларускай энергасістэмы: кожная электрастанцыя працавала па сваіх планах і магчымасцях. Зразумела, што дыспетчарызацыя патрэбна была толькі на вышэйшых узроўнях. Аднак у другой палове 60-х было распачата актыўнае будаўніцтва ліній энергаперадач, якія звязваліся ў замкнутае кола. Гэта дало магчымасць павялічыць колькасць абанентаў, прывяло да росту магутнасці энергасістэмы. Таму і ўзнікла неабходнасць стварэння мясцовых АДГ(аператыўна-дыспетчарскiх груп) для рэагавання на штатныя ці няштатныя сітуацыі.
Пры арганізацыі дзейнасці новага падраздзялення кіраваліся праграмай «Бездэфектнасць», распрацаванай канцэрнам «Белэнерга». Згодна з атрыманымі інструкцыямі, падбіраўся кадравы састаў, адбывалася насычэнне тэхнікай, праводзілася кваліфікацыйная падрыхтоўка.
Тады кантора Пружанскіх электрасетак знаходзілася на вул.Тармасава. У невялікім будынку было адведзена прыстасаванае памяшканне, дзе раней базіраваліся аварыйныя брыгады. Асноўным абсталяваннем стала мнемасхема. Апошняя і сёння з’яўляецца галоўным кіруючым устройствам, вось толькі мнемасхема канца 60-х гадоў адрознівалася ад сучаснай, як пральная дошка ад сучаснай машыны-аўтамата.
— На кавалак кардону памерам метр на паўтара мы чарніламі нанеслі энергалініі горада, раёна і аб’екты спажывання электраэнергіі. Так неяк кантралявалі работу ўсёй схемы, — успамінае Юрый Валер’евіч.

Трэба прызнаць, што такі прымітыў існаваў нядоўга, хаця першыя дзесяць гадоў калектыву службы даводзілася не адзін раз праяўляць сваю кемлівасць. На першых парах «зверху» прыходзілі толькі функцыянальныя абавязкі. А вось іх мясцовая рэалізацыя вырашалася самімі аператыўнымі спецыялістамі.
Сітуацыю выдатна разумела кіраўніцтва прадпрыемства, якое па магчымасці аказвала ўсебаковую падтрымку маладому падраздзяленню. Напрыклад, калектыў дыспетчараў быў выдзелены ў асобную структуру, якая займалася толькі вызначанымі функцыямі, хаця на іншых прадпрыемствах АДГ нярэдка выкарыстоўвалася як рэзервовая рамонтная брыгада.
Самым балючым момантам, па ўспамінах ветэрана энергасістэмы краіны, з‘яўлялася сiгналiзацыя з падстанцый аб стане абсталявання. Калi для сувязi з брыгадамi існавалi радыёстанцыi, то тэлефонаў у сельскіх населеных пунктах было мала: хіба толькі ў сельвыканкамах, праўленнях калгасаў ды ў «чырвоных кутках» жывёлагадоўчых фермаў. Пакуль па такім шляху прыходзіла інфармацыя, то яна даўно страчвала ўсе прыкметы аператыўнасці. Зразумела, што падобнае нельга параўнаць з сучаснай сотавай сувяззю, камп’ютарнымі тэхналогіямі, якімі ўзброены цяперашнія дыспетчары электрасетак.
Але і ў такіх умовах спецыялісты на высокім узроўні выконвалі свае абавязкі. Ды настолькі выдатна, што вынікі работы Пружанскага раёна электрасетак сталі заўважнымі на ўзроўні рэспублікі. У 1977 годзе на базе Пружанскага раёна электрасетак праводзіўся абласны семінар, удзельнікі якога пазнаёміліся з работай мясцовай АДГ. Намеснiк галоўнага інжынера «Белэнерга» здзівіўся механічным вынаходкам Пружанскага РЭС і зазначыў, што просты, але геніяльны падыход можа замяніць работу спецыяльна створанага аддзела электронікі. На што Юрый Кухцін запярэчыў: маўляў, іх твор — гэта мінулае, а за электронным абсталяваннем — будучыня.
Доўгі час Юрый Кухцін кіраваў АДГ, перад тым як узначаліць увогуле РЭС. І на працягу гэтых амаль двух дзесяцігоддзяў Юрый Валер’евіч пастаянна імкнуўся павысіць аператыўнасць рэагавання службы, узмацніць кантроль за сітуацыяй. У прыватнасці, па яго ініцыятыве ўкаранілі спецыяльную сігналізацыю.
— Аднойчы пахваліўся перад вопытным калегам такім новаўвядзеннем, на што той скептычна заўважыў, што без падобнага «будзільніка» працаваць спакайней.
Аднак падобны «спакой» — не ў стылі Юрыя Кухціна, для якога важнай задачай было аператыўнае атрыманне любой інфармацыі. Гэтыя традыцыі працягвае і сучасная дыспетчарская служба Пружанскіх электрасетак.
…і людзі
Юрый Кухцін прыйшоў на працу ў Пружанскі раён электрасетак у лютым 1968 года майстрам. Тады РЭС кіраваў Майсей Якаўлевіч Кузняцоў, які і атрымаў загад аб стварэнні аператыўна-дыспетчарскай групы. Сярод іншых спецыялістаў кіраўнік выдзеліў Кухціна, на якога і ўсклаў адпаведныя абавязкі. Першы калектыў АДГ складаўся з чатырох работнікаў і кiраўнiка. Усіх дыспетчараў, з якіх пачалася гісторыя мясцовай аператыўнай службы, Юрый Валер’евіч помніць пайменна, хаця з іх нікога няма ў жывых.
— Яўген Вашкевіч, Георгій Зенчык, Генрых Неміровіч і Мікалай Люсцібер закладалі тыя традыцыі, што зараз існуюць у сучаснай АДС. Варта сказаць, што кiраўнiк АДГ падмяняў дыспетчара на перыяд водпуску цi хваробы.

З часам ветэраны сыходзілі на заслужаны адпачынак, ім на змену прыходзіла моладзь. Сярод найбольш выбітных спецыялістаў Юрый Валер’евіч называе Дзмітрыя Муху, якому зараз 92 гады, а таксама Уладзіміра Сакалова, які 13 чэрвеня адзначыў 80-гадовы юбілей. Увогуле ў АДС затрымліваліся толькі адданыя справе людзі, бо гэта работа не даруе дробязей і прымушае заўсёды трымаць канцэнтраваную ўвагу. З калектывам рэгулярна праводзіліся дадатковыя заняткі па асваенні новай тэхнікі, іншых падыходаў і арганізацыйных рэкамендацый.

Дзякуючы гэтаму, дыспетчары Пружанскай энергасістэмы выдатна валодалі сучасным абсталяваннем, заўсёды лічыліся ўзорам для падобных службаў іншых прадпрыемстваў. Таксама як і ў цяперашні час.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік і з архіва Юрыя Кухціна